«ГУБАЗіК служыць Расіі, а не Лукашэнку»

Беларускія сілавікі і тэлеграм-каналы, звязаныя з імі, у апошні час усё часцей гавораць, што «знойдуць кожнага», хто выступаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Але экс-супрацоўнік Генпракуратуры Беларусі кажа — гэта немагчыма.

2bc0c125b65445659d9a11027b2e0dd0.jpg

Сілавікі пачалі затрымліваць людзей за фота з пратэстаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, як у кнізе «Я выходжу», выпушчанай вясной 2021 года. Чаму яны пачалі выкарыстоўваць такую тактыку менавіта цяпер і ці змогуць яны адправіць за краты сапраўды ўсіх, хто выходзіў на акцыі?

Экс-супрацоўнік Генпракуратуры Беларусі і сузаснавальнік B*POL Алег Талерчык лічыць, што апошнія рэпрэсіі ў Беларусі ажыццяўляюцца праз падзеі ва Украіне, сказаў ён «Белнавінам».

— Сёння ГУБАЗіК ператварыўся ў так званую палітычную паліцыю, і яна служыць Расіі, а не інтарэсам Лукашэнкі. Расія церпіць паразу ў вайне, і ў якасці кампенсацыі рыхтуецца канчаткова захапіць Беларусь. Ва Украіне яны пралічыліся з настроямі ў грамадстве, мяркуючы, што рускамоўнае насельніцтва з радасцю прыме іх войскі. Каб не паўтарыць гэтую памылку, сёння яны палохаюць беларусаў, што знойдуць усіх актывістаў, зачышчаюць ад усяго нацыянальна арыентаванага. Яшчэ і 2023-ы быў абвешчаны Годам рускай мовы — гэта таксама кажа пра тое, што Масква шчыльна ўзялася за нашу краіну, — лічыць Талерчык.

На думку Алега Талерчыка, для запалохвання і разлучэння грамадства сілавікі імкнуцца настроіць людзей адзін супраць аднаго.

— Спрабуюць паставіць народ Беларусі ў становішча ахвяры, яшчэ і нацкаваць людзей адзін на аднаго, пасварыць паміж сабой. Ахвяра «павінна баяцца свайго гвалтаўніка», а таксама выплюхваць негатыў у сваім жа асяроддзі. Гэта вядомая формула запалохвання: калі чалавек баіцца, ён не можа цвяроза разважаць і дзейнічаць рацыянальна, — адзначае ён.

Суразмоўца ўпэўнены, што далейшых затрыманняў не пазбегнуць. Беларусам, якія застаюцца ў краіне, ён раіць вывучаць адкрытыя крыніцы, дзе могуць быць фота з пратэстаў. З'ехаўшых з краіны беларусаў эксперт заклікае больш асвятляць у замежных СМІ і «выносіць на суд сусветнай грамадскасці» дзеянні беларускіх уладаў.

— Тыя, хто запалохвае людзей і выконвае злачынныя загады, сёння таксама павінны разумець: чым больш ГУБАЗіК, следчыя, пракуроры, суддзі зробяць такіх псеўдаправавых дзеянняў, тым вышэй будзе ступень іх адказнасці ў будучыні. Яны самі дакументуюць свае злачынствы, — кажа экс-пракурор.

Хоць сілавікі часта пагражаюць, што «знойдуць кожнага», але Алег Талерчык упэўнены, што гэта немагчыма.

— У пратэстах удзельнічалі сотні тысяч чалавек, якіх трэба знайсці і асудзіць. Гэта немагчыма фізічна — нават у самыя суровыя гады ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся каля 40 тысяч чалавек. Куды яшчэ сотні тысяч? Сістэма турмаў, калоній, «хімій» не вытрымае такога наплыву, — мяркуе эксперт і падкрэслівае, што ўсё гэта робіцца, каб «запалохаць грамадзян у Беларусі, каб усе сядзелі моўчкі ў чаканні, што за табой прыйдуць, і не высоўваліся».