Пад прыкрыццём сілавікоў. Хто мог зарабіць мільёны долараў на міграцыйным крызісе

На мяжы Беларусі і ЕС наспявае новы міграцыйны крызіс. Гэтым разам — пры садзейнічанні Расіі. За кожны выдаткаваны на перапраўку мігрантаў $1 млн арганізатары схемы атрымліваюць $5,5 млн чыстага прыбытку.

Фота: РІА «Навіны» 

Фота: РІА «Навіны» 


У 2021 годзе, у разгар першага крызісу, плынь нелегальнай міграцыі кантралявалі беларускія ўлады. Яны надалі 12 фірмам эксклюзіўныя правы на выдачу запрашэнняў для афармлення беларускіх віз грамадзянам краін Блізкага Усходу. Пяць з іх зарэгістраваны на былых супрацоўнікаў органаў або на блізкіх і сваякоў сілавікоў, высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).


Егіпет — Расія — Беларусь — ЕС, смерць або калецтва

У студзені 2023 года журналіст БРЦ пагаварыў з мігрантам, які намагаўся трапіць у ЕС праз Беларусь. Ібрагім знаходзіўся ў бальніцы ў Вільні. Ён родам з Егіпта, там працаваў тынкоўшчыкам. Восенню 2022 года прыляцеў у Маскву — з ягоных слоў, на заробкі. Праз месяц вырашыў прабірацца ў Еўрасаюз.

«У Расіі я пазнаёміўся з чалавекам, які мне сказаў, што ведае куратара, які можа пераправіць мяне ў любую краіну ЕС. У мяне не было ў планах канкрэтна Літвы. Я заплаціў гэтаму кантрабандысту €6 тысяч — грошы мне бацькі даслалі. Мы ішлі праз лес па кропках GPS», — распавёў БРЦ Ібрагім.

Егіпцянін прабіраўся ў ЕС у складзе групы з васьмі чалавек. Са слоў мужчыны, мяжу перайшлі лёгка, не сустрэўшы нікога на сваім шляху. Але пасля гэтага «куратар» іх кінуў.

«Сказаў, што адправіць машыны — і не адправіў. Мы чакалі дзень, два і тры, пакуль не адчулі, што нашы органы перастаюць дзейнічаць, што мы паміраем. Мы выйшлі на дарогу, пачалі прыцягваць увагу, каб нас хоць хтосьці заўважыў. Машына патруля [літоўскага — рэд.] прыехала і заўважыла нас. У траіх з нас усё было добра, яны не былі знясіленыя, як іншыя. Іх выкінулі назад у лес. І так нас засталося пяцёра», — распавёў БРЦ Ібрагім.

З абмаражэннямі Ібрагім трапіў у бальніцу. Расказаў, што медычнай дапамогі ён не атрымліваў каля двух тыдняў. У выніку яму ампутавалі па тры пальцы на кожнай назе. Спадарожнік з імем Юсэф застаўся без часткі правай ступні і чатырох пальцаў левай нагі. Іншаму пацярпеламу, Ахмаду, ампутавалі палец. Яшчэ аднаму, Махамаду, адрэзалі частку пальца.

Цяпер Ібрагім знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў і марыць, што зноў зможа хадзіць.


Арыфметыка нелегальнай міграцыі

Напрыканцы сакавіка 2023 года сітуацыя на мяжы Беларусі і краін ЕС зноў абвастрылася. Каля сотні спроб яе незаконнага перасячэння фіксуюцца штодня, паведамляюць польскія памежнікі. Часта канчатковая мэта мігрантаў — Германія. Міністры ўнутраных спраў зямель Брандэнбург і Саксонія запатрабавалі ўвесці стацыянарны кантроль на мяжы з Польшчай і Чэхіяй, каб спыніць іх плынь. У асноўным гэта грамадзяне Афганістана, Сірыі, Емена і Турцыі.

Спачатку яны прылятаюць у Расію, адтуль адпраўляюцца ў Мінск або Брэст, затым — да беларуска-польскай мяжы. Плот вышынёй пяць з паловай метраў, які пабудавалі летась, яны пералазяць з дапамогай лесвіц, папярэдне пераканаўшыся, што паблізу няма польскіх памежнікаў. Затым сыходзяць у лес на некалькі кіламетраў, дзе іх падбіраюць загадзя нанятыя кіроўцы і вязуць у Германію.

Падпрацаваць такім шафёрам можа кожны ахвотны. Аб'явы размяшчаюць у адкрытых тэлеграм-супольнасцях праз ананімныя акаўнты. Журналісты БРЦ адгукнуліся на адну з такіх прапаноў і патрапілі ў чат, дзе размяшчаюцца замовы на перавозку мігрантаў.

За красавік яны налічылі больш за 1400 заказаў. Тады за транспартаванне аднаго чалавека прапаноўвалі ў сярэднім $650. Гэта значыць, што за месяц арганізатары нелегальных перавозак маглі заплаціць кіроўцам прыкладна $1 млн.

xq1bc8szl7agnnbcbcov.png


Прыкладна столькі ж, па падліках БРЦ, яны выдаткавалі на авіяквіткі ў Маскву з Афганістана, Ірана і Турцыі, а таксама дастаўку мігрантаў да беларуска-польскай мяжы. То-бок каардынатары гэтай плыні выдаткавалі за месяц каля $2 млн.

Каб ацаніць іх даходы, журналісты БРЦ пагаварылі з некалькімі мігрантамі, якія карысталіся гэтай схемай. У сярэднім на шлях да Германіі са сваіх краін кожны плаціў $9,5 тыс.

Як высветліў БРЦ, за месяц арганізатары незаконных перавозак маглі даставіць у Германію 1400 чалавек. Гэта прынесла б ім прыкладна $13,5 млн. Пасля выліку $2 млн на квіткі для мігрантаў і ганарары кіроўцам у іх засталося амаль $11,5 млн. чыстага прыбытку.

БРЦ невядома, хто каардынуе цяперашнюю хвалю міграцыйнага крызісу. Аднак расследавальнікі высветлілі, хто стаяў каля яго вытокаў два гады таму. Дзеля гэтага яны вывучылі запісы праслухоўвання беларускіх сілавікоў, якія ім далі «Кіберпартызаны».


Ад дзяржаўнага злачынства да прыватнага

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС пачаўся ў чэрвені 2021 года. Тады Лукашэнка заявіў, што больш не будзе перашкаджаць людзям, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Еўрасаюз. Гэта было пададзена як адказ на санкцыі ЕС за прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце. Аднак аналітыкі БРЦ лічаць, што правакацыю беларускія ўлады пачалі планаваць раней.

5 траўня 2021 года былы супрацоўнік Упраўлення МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзмітрый Корабаў ад імя кампаніі «Оскартур» заключыў дамову з фірмай «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць ва Упраўленне справамі Лукашэнкі. Прадмет пагаднення — супраца ў галіне міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Беларуссю.

Ужо праз 5 дзён, 10 траўня прамы рэйс у Мінск адкрыла авіякампанія «Fly Baghdad», і ў Беларусь пачалі з'язджацца «турысты» з Блізкага Усходу. Многія прыляталі па запрашэнні «Цэнтркурорту». БРЦ атрымаў хадайніцтвы за травень-чэрвень 2021 года, якія кампанія сотнямі адпраўляла ў беларускае МЗС для выдачы віз грамадзянам Блізкага Усходу.

eitqhs31zrlrtm0dvjql.png


Большасць «турыстаў» прыязджалі ў Мінск нібыта для палявання праз Рэспубліканскае аб’яднанне «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Па рэкамендацыі Савета Міністраў яго старшынёй напрыканцы кастрычніка 2021 года стаў экс-міністр МУС Ігар Шуневіч.

Размяшчаліся іракскія «паляўнічыя» ў гасцініцах Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Пасля таго як інфармацыя пра гэта трапіла ў медыя, схема змянілася: запрашэнні ў Беларусь пачалі выдаваць не звязаныя з Лукашэнкам структуры, а прыватныя кампаніі.

Такое права атрымалі 12 фірмаў — іх пералік апублікавала амбасада Беларусі ў Дамаску. БРЦ прааналізаваў спіс уладальнікаў і кіраўнікоў кампаній. Большасць з іх звязана з сілавымі ведамствамі: памежны камітэт, МУС, армія.

skorqnrnmj3hshpotz4q.jpeg


У ваеннай форме пад прыкрыццём турфірмы

У спіс 12 манапалістаў беларускія ўлады ўключылі фірму «Нью флэт». На той момант яна належала Ірыне Равенка — жонцы міліцыянта.

Куды больш важную пасаду займае яго брат Валерый Равенка. Ад сакавіка 2022 года ён з'яўляецца начальнікам Дэпартамента міжнароднай ваеннай супрацы і памочнікам міністра абароны па пытаннях міжнароднай ваеннай супрацы. Да павышэння Валерый працаваў у гэтым жа Дэпартаменце на пасадзе намесніка начальніка.

У снежні 2021 года, калі міграцыйны крызіс урэгулявалі, Ірына Равенка прадала «Нью Флэт» Наталлі Шнітоўскай. Яе муж працуе камандзірам узвода роты патрульна-паставой службы міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама.

З сацсетак Шнітоўскай БРЦ даведаўся, што яна мае зносіны з уладальніцай іншай фірмы са спісу ўпаўнаважаных на выдачу беларускіх віз іракцам. Гаворка ідзе пра кампанію «Нью віза» і яе кіраўніцу Марыну Бабовік. Цяпер яна, хутчэй за ўсё, у разводзе, таму што ў новых бізнесах выкарыстоўвае дзявочае прозвішча Адамчук. Разам са Шнітоўскай яны з 2022 года напалову валодаюць турфірмай у Смаленску.

i1extjlxzmnazqu0nlyq.png
hcllh4lnfyw33fxvdge3.png


У тым жа годзе жанчыны разам адпачывалі на Тэнерыфе.

Яшчэ адна турфірма, якая выдавала іракцам візы — «Ксаман Трэвел». Яе саўладальніца Вольга Шарак была замужам за Дзмітрыем Шараком. Ён служыў па кантракце ў вайсковай частцы 30151 у Фаніпалі.

Гэта частка — пункт сталай дыслакацыі штаба 15-й зенітна-ракетнай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА. Дзмітрый працуе ў Вайсковай акадэміі. Да 2022 года даслужыўся да звання падпалкоўніка і ў Вайсковай акадэміі займае пасаду начальніка кафедры аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання.

У прывілеяваным спісе апынулася кампанія «Візак» пад кіраваннем іракца Шэрвані Гараха Абаса Куртаса. У Беларусь яго запрасіў Аляксандр Паюкоў — кіраўнік фірмы «Байлінг тур». Яна таксама ўваходзіла ў лік 12 манапалістаў міграцыйнага трафіку.

Паюкоў — былы памежнік, афіцэр вайсковай часткі 1250. Медыя паведамлялі, што менавіта там праходзіў тэрміновую службу Віктар Лукашэнка. У той жа частцы базіруецца памежны спецназ АСАМ. У 2001 годзе Паюкова ўзнагародзілі медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы» асабістым указам Лукашэнкі. БРЦ мяркуе, што ён каардынаваў плыні незаконнай міграцыі 10 гадоў таму.

5qrvxkydc5dlqmogdzo7.jpg
jo3qaeayfnpv4l7giuem.jpg


У 2012 годзе суд у польскім Любліне завёў крымінальную справу ў дачыненні да 47-гадовага маёра ДПК Беларусі Аляксандра П. Столькі ж гадоў тады было Аляксандру Паюкову, супрацоўніку памежнай службы РБ. Аляксандра П. падазравалі ў перапраўцы праз беларуска-польскую мяжу каля 1,3 тыс. мігрантаў пераважна з Азіі. Польскія следчыя высветлілі, што ён уваходзіў у склад арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала на працягу 8 гадоў. Мігранты плацілі каардынатарам за дастаўку з В'етнама на тэрыторыю ЕС $5 тыс., з Кітая — €6 тыс.

Паводле паведамленняў у медыя, падазраванага ў арганізацыі гэтай схемы беларускага памежніка Аляксандра П. затрымалі пры ўездзе ў Польшчу ў сакавіку 2011 года. Ад «Кіберпартызанаў» БРЦ даведаўся, што Аляксандр Паюкоў 15 сакавіка 2011 года акурат выехаў з Беларусі ў Польшчу праз берасцейскі пункт пропуску. Берасце — найбліжэйшы буйны беларускі горад да Любліна, у судзе якога разглядалі крымінальную справу Аляксандра П.

У тэлефоннай размове з БРЦ Аляксандр Паюкоў не змог выразна растлумачыць прыроду гэтых супадзенняў ці абвергнуць іх.

У кіраўнікоў кампаніі «Олірці» сувязяў з сілавымі структурамі БРЦ не знайшоў, аднак іх асобы не менш цікавыя. Бізнес запісаны на Ірыну Цівунову і яе дачку Дар’ю. У 2011 годзе Ірыну асудзілі па крымінальным артыкуле — ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці ў буйным памеры. Дар'я ж працавала на пракрамлёўскіх тэлеканалах «Расія 1» і «НТВ». Бацька сямейства, Алег Цівуноў, заслужаны артыст Беларусі. У 2015-м ён выступаў у самаабвешчанай ДНР.

У ліку 12 візавых манапалістаў апынулася кампанія «Прэстыж Трэвел». Да жніўня 2021 года ёй кіравала Дарʼя Цёса. У яе ёсць судзімасці за арганізацыю незаконнага ўезду ў Беларусь замежных грамадзян, падробку хадайніцтваў на выдачу віз і фальсіфікацыю дамоў аб аказанні турыстычных паслуг.

З лістапада 2021 года, калі ЕС і ЗША абвясцілі падрыхтоўку новага пакета санкцый супраць Беларусі, усе фірмы са спісу 12 манапалістаў прыпынілі дзейнасць. Пра гэта БРЦ распавялі ўладальнікі дзвюх кампаній. Расследавальнікі спрабавалі звязацца з астатнімі фірмамі, аднак гэтыя тэлефанаванні засталіся без адказу. Ад блізкага да Дзмітрыя Корабава чалавека журналісты БРЦ даведаліся, што з лютага 2023 года ён знаходзіцца пад следствам у мінскім СІЗА №1 за арганізацыю незаконнай міграцыі праз кампанію «Оскартур».


Рэальны кошт правакацыі

Цяпер незадакументаваныя мігранты трапляюць у Беларусь не наўпрост са сваіх краін, а праз Расію. Гэтая плынь узмацнілася летась — пасля таго, як Масква скасавала кавідныя абмежаванні на авіярэйсы з Блізкага Усходу.

Па стане на травень 2023 года польскія памежнікі знайшлі на мяжы з Беларуссю 26 ахвяр міграцыйнага крызісу. Паводле ацэнак журналістаў і актывістаў, рэальная лічба — 45 загінулых па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

Гэта расследаванне падрыхтавана пры дапамозе гранта фонду «Журналісцкія расследаванні для Еўропы» (IJ4EU). Матэрыял падрыхтаваны сумесна з Siena (Літва), Re:Baltica (Латвія), Fundacja Reporterów (Польшча) і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».