Парадоксы заканатворчасці: Беларусь павінна абвясціць вайну Расіі?

«А што, так можна было?» Гэта пытанне ў мяне перыядычна ўзнікала на тыдні. Наша цікавая заканатворчасць і рашэнні дзяржаўных асоб час ад часу прымушаюць упадаць у прастрацыю.

Сапега і Кажамяка. Фота з тг-канала губернатара Прыморскага краю

Сапега і Кажамяка. Фота з тг-канала губернатара Прыморскага краю


Безумоўна, адной з самых знакавых падзей тыдня стала нечаканае вызваленне экс-дзяўчыны Рамана Пратасевіча Соф'і Сапега. Нагадаем, што яна была прысуджана да 6 гадоў калоніі паводле двух артыкулаў — «Распальванне варожасці і варажнечы» і «Незаконнае збіранне інфармацыі аб прыватным жыцці». Пры гэтым ужо была запушчана працэдура перадачы Сапега для адбыцця пакарання ў Расію — там нават прайшла пара судовых працэсаў па гэтым пытанні. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў Крымінальным кодэксе Расіі проста няма такіх артыкулаў, па якіх была асуджана Соф'я.

Так што не факт, што пасля пераводу яе ў Расію яна б засталася ў зняволенні. Усе мы памятаем пра чалавека па прозвішчы Баўмгертнер, экс-гендырэктара «Уралкалія», якога ў Беларусі пасадзілі за «эканамічныя злачынствы» з завоблачнай «шкодай» — блізу 100 мільёнаў долараў. Потым яго экстрадзіравалі ў Расію, перавялі пад хатні арышт, адпусцілі пад заклад, а потым і зусім знялі з яго абвінавачанні і спынілі крымінальны пераслед за адсутнасцю складу злачынства...

Дарэчы, у гэтай гісторыі ёсць цікавая дэталь. Як вядома, у беларускіх чыноўнікаў ужо шмат гадоў нічога не атрымліваецца зрабіць з расійскімі партамі. То ў партоў няма магчымасці прымаць беларускія грузы, то будаўніцтва тэрмінала «ўдарнымі тэмпамі» раптам сарвецца, то адно, то другое... Чаму ў іх увесь час усё зрываецца і нічога не атрымліваецца?

Мажліва, таму, што ніхто з іх не цікавіўся лёсам таго самага Баўмгертнера пасля яго вызвалення. А ён жа сышоў з «Уралкалія» і прыйшоў у кантору пад назвай «Global Ports Investments». А гэты самы «Global Ports» з'яўляецца вядучым аператарам кантэйнерных тэрміналаў і тэрміналаў па перавалцы нафтапрадуктаў на тэрыторыі Расіі і краін Балтыі.

Сувязь улоўліваеце?

Але вернемся да Сапега. Пакуль расійскія суды вырашалі, каму дастануцца лаўры па прыняцці рашэння аб яе экстрадыцыі, у Беларусь заявіўся губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка. Ён асабіста просіць Лукашэнку памілаваць Сапега, на наступны дзень забірае яе з калоніі №4 у Гомелі і асабіста вязе на Далёкі Усход.

У гэтай сітуацыі шмат незразумелага. Па-першае, раней Лукашэнка якраз адмовіў Сапега ў памілаванні. Ці можна звяртацца да яго па памілаванне некалькі разоў? І калі так, то чаму такой магчымасцю не карыстаюцца, напрыклад, прысуджаныя да смяротнага пакарання? Бо калі бясконца пісаць прашэнні аб памілаванні, нават атрымліваючы бясконцыя адмовы, прысуд, па ідэі, не павінен быць выкананы. А калі некалькі разоў звяртацца па памілаванне нельга, то што здарылася ў сітуацыі з Сапега?

Дзіўныя і паводзіны губернатара Прымор'я. Не, я, вядома, не супраць вызвалення Сапега любым спосабам, але мы неяк звыклі, што, кажучы словамі Аркадзя Бабчанкі, «Расія сваіх кідае. Заўсёды». Паказальны тут нядаўні прыклад губернатара Белгародскай вобласці — ён адмовіўся з'явіцца на перамовы з байцамі РДК, якія зайшлі ў яго вотчыну, у абмен на вызваленне захопленых у палон расійскіх салдат. Ад яго, наўзамен на вызваленне палонных, не патрабавалі больш нічога — проста прыйсці і пагаварыць. Але ён адмовіўся.

А тут іншы губернатар раптам хадайнічае пра памілаванне адной грамадзянкі Расіі, прычым ён відавочна ёй не сябар, не брат, не сват. Кажуць, што да яго звярнуўся бацька Сапега. Але вы ведаеце хоць аднаго нават беларускага губернатара, які на зварот бацькі будзе ратаваць яго дачку з турмы суседняй дзяржавы?

Пры гэтым я ўпэўнены, што Лукашэнка аддаў яму Сапега не проста так — ён нешта за яе выгандляваў. Не ў правілах беларускага кіраўніка проста так расставацца з заложнікам. І губернатар Прымор'я нешта даў яму наўзамен Сапега. Альбо…

Сапега, па чутках, паляцела ў Маскву не звычайным рэйсам, а разам з губернатарам. Можа, Алег Кажамяка ў Лукашэнкі нічога і не прасіў? А наадварот, чымсьці пагражаў? І гэта Лукашэнка вымушаны быў пагадзіцца на вызваленне Сапега — таму і былі прыняты ў дачыненні да яе такія беспрэцэдэнтныя меры бяспекі? Каб беларускія сілавікі не выкралі яе ў аэрапорце, напрыклад…

Шмат у гэтай гісторыі дзіўнага і незразумелага. Можа быць, неўзабаве мы пра гэта даведаемся больш.

Зрэшты, не Сапега адзінай быў багаты тыдзень. Генпракурор Швед раней заяўляў, што мае намер ініцыяваць крымінальны пераслед памерлых, якія маюць дачыненне да здзяйснення ваенных злачынстваў у гады Другой сусветнай. І ён свайго дамогся, праштурхнуўшы ў парламент адпаведны законапраект аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.


У праекце прапісана, што крымінальная справа не можа быць распачата ў дачыненні да «памерлага, за выключэннем асобы, якая ўчыніла злачынства, указанае ў артыкуле 85 КК РБ, а таксама выпадкаў, калі вытворчасць па крымінальнай справе неабходна для рэабілітацыі памерлага». У дзейснай рэдакцыі КПК завядзенне справы дапускаецца толькі з мэтай рэабілітацыі.

Артыкул 85 КК рэгламентуе непрымяненне тэрмінаў даўнасці. У адпаведнасці з ім, тэрміны даўнасці не прымяняюцца пры здзяйсненні злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў, да якіх адносяцца, сярод іншага: падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны; акт міжнароднага тэрарызму; генацыд; злачынствы супраць бяспекі чалавецтва; экацыд; парушэнне законаў і звычаяў вайны і іншае да таго падобнае.

«Галоўнае ў час следства — не выйсці на саміх сябе», — кажуць разумныя людзі. Пасадку самалёта «Ryanаir», у выніку якой былі затрыманы Пратасевіч і Сапега, некаторыя лічаць актам паветранага пірацтва і міжнароднага тэрарызму. Саўдзел Беларусі ў нападзе на Украіну і падрыхтоўка ў нашай краіне расійскіх «мобікаў» для далейшых баёў ва Украіне — ці не ёсць гэта «падрыхтоўка агрэсіўнай вайны»? А тое, што бесперапынныя — трэці год — рэпрэсіі ў Беларусі маюць прыкметы генацыду, зафіксавана нават у дакладах ААН.

Так што генпракурор Швед, які без сумневу датычны калі не да ўсіх гэтых фактаў, то да некаторых, стварае закон, па якім яго самога могуць асудзіць нават мёртвага. І, можа, хай такі закон і будзе, праўда?

І гэта яшчэ не ўсё. Таксама ў парламент паступіў праект змен у закон «Аб ваенным становішчы». У якасці ворагаў у гэты закон дадаюць «экстрэмісцкія групы і арганізацыі», што нядзіўна ў краіне, дзе статус «экстрэміста» можна атрымаць за лайк у Інтэрнэце.

Але самае цікавае, што ў праекце змяняюцца дзеянні, якія разглядаюцца ў якасці нападу на РБ. Цяпер нападам будзе лічыцца «ўзброенае ўздзеянне іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) на Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, а таксама на аб'екты Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца іх дыслакацыі (размяшчэння)».

Калі гэты законапраект прымуць, застанецца высветліць, што азначае «аб'ект Рэспублікі Беларусь». Памятаеце, як у выніку расійскіх ракетных удараў ва Украіне загінулі два беларускія дальнабойшчыкі? Ці з'яўляліся іх машыны «аб'ектамі Рэспублікі Беларусь»? І колькі беларускіх бізнесаў ва Украіне пацярпелі падчас нападу Расіі на Украіну? Ці будуць і яны прызнаны «аб'ектамі РБ»?

Давядзецца прызнаць, што Расія напала на «аб'екты Рэспублікі Беларусь», а значыць, і на нашу краіну. І ў адказ Беларусь павінна абвясціць вайну Расіі. Ці не так?