Кіраўніка "Уралкалія" затрымалі ў аэрапорце пасля сустрэчы з Мясніковічам

Уладзіслава Баумгертнера затрымалі сёння ў беларускай сталіцы. Як паведамляе начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю "Уралкалія" Аляксандр Бабінскі, гендырэктар знаходзіўся ў Беларусі на запрашэнне прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.



958667710.jpg

Фота — ria.ru

Яны збіраліся разглядзець пытанні, звязаныя з дзейнасцю Беларускай калійнай кампаніі. Сустрэча, нібыта, адбылася, а пасля яе, у аэрапорце, Баумгертнера затрымалі.

Як інфармуе РІА "Новости", запрашэнні прыехаць у Мінск атрымалі таксама старшыня савета дырэктароў "Уралкалія" Аляксандр Валошын і акцыянер Сулейман Керымаў, але яны не прыехалі.  

Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Уладзіславу Баумгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Нагадаем, Уладзіслаў Баумгертнер з'яўляецца і старшынёй назіральнай рады "Беларускай калійнай кампаніі". Шэраг кіраўнікоў БКК абвешчаны ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол. Па справе праходзяць таксама сябра назіральнай рады Алег Пятроў, першы намеснік гендырэктара Канстанцін Саладоўнікаў, намеснік гендырэктара па фінансах Ігар Яўстратаў, начальнік фрахтавага аддзела Дзмітрый Самойлаў ды іншыя.

euroradio.fm