Гангстарская тактыка на калійным рынку

«У глабалізацыі ёсць свая іронія. Фінансавы лёс кампаніяў у ЗША, Германіі, Ізраілю і Канадзе залежыць ад дзеянняў былога старшыні саўгасу, а цяпер дыктатара малавядомай усходнееўрапейскай краіны, і настолькі ж непрадказальны», — піша Bloomberg пра арышт гендырэктара «Уралкалія» ў Беларусі, які паўплываў на сусветны рынак калійных угнаенняў.  



main14191910_20f04fa8c9e863c388bbdfa7b0d67dba.jpg

Выданне называе гэты крок спробай даць задні ход распаду расійска-беларускага калійнага картэля, адзначаючы, што працэс быў запушчаны самім беларускім прэзідэнтам, калі ён падпісаў летась дэкрэт, які дазваляў «Беларуськалію» гандляваць у абыход БКК.

Пасля чаго, як памятае беларускі чытач, «Уралкалій» выйшаў з картэлю і пачаў дэмпінгаваць. Ён мог лягчэй за астатніх сусветных вытворцаў перажыць зніжэнне коштаў, дзякуючы невысокаму сабекошту вытворчасці: беларускім і амерыканскім вытворцам тона абыходзіцца каля $100, тады як «Уралкалію» — $62. 

«Спачатку вызваліўшы рынкавыя сілы ў калійнай прамысловасці шляхам разбурэння картэля, цяпер прэзідэнт спрабуе вярнуць камфортнае палажэнне манапаліста адзіным вядомым яму спосабам — узяццем закладніка», — гэтак, паводле Bloomberg, выглядае сюжэт канфлікту.     

«Ці спрацуе гэткі гамбіт — каб замест гандлёвай вайны Расія пайшла на саступкі Лукашэнку і адрадзіла БКК у той ці іншай форме? Падобна, рынак думае, што спрацуе: пасля арышту Баўмгертнера інвестары паднялі ўверх кошты акцый усіх калійных вытворцаў — апроч «Уралкалія». У свеце калійных угнаенняў  гангстарская тактыка Лукашэнкі можа акупіцца», — заключае выданне. 

«Гэтая загадкавая гісторыя далей мусіць быць усё цікавейшай, — цытуе Stockhouse словы прэс-сакратара канадскай калійнай кампаніі Western Potash Corp. — Я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя пару тыдняў мы ўбачым яшчэ нямала выгібаў і паваротаў сюжэту». 

«Калі Бэн Афлек можа сыграць Бэтмэна, чаму б не паверыць, што «Уралкалій» адмовіцца ад сваёй стратэгіі і вернецца да супрацоўніцтва з «Беларуськаліем»?  — іранізуе выданне.

Супраць таго, каб Бэн Афлек выканаў ролю Бэтмана ў новым фільме кінакампаніі Warner Bros. у інтэрнэце сабрана ўжо болей за 80 тысяч подпісаў. «Ён недастаткова жахліва выглядае для ролі Бэтмэна. Бэтмэн — той, хто ўсяляе страх у сэрцы людзей»,  — адзначаецца ў петыцыі.

Але ў асноўным прагнозы датычна будучага лёсу тандэма «Беларуськалія» і «Уралкалія» несуцяшальныя.  

«Чым бы ні скончылася гэтая гульня, БКК ужо не выратаваць, — піша Blouin News.Інвестары чакаюць падзення коштаў на чвэрць у выніку распада картэляў. Добрая навіна для фермераў, якія іх набываюць».

Пра тое, што распад картэляў на калійным рынку быў прадказальны, гаворыць і Эндру Макензі, гендырэктар горназдабыўной кампаніі BHP Billton, якая нядаўна зрабіла стаўку на калій, уклаўшы 2,6 млрд. у канадскі калійны праект. «Мы заўсёды казалі, што калійны бізнэс з часам страціць структуру картэльнага тыпу, таму мы, у некаторай ступені, прадказвалі тое, што здарылася», — цытуе яго The Telegraph.

Як піша The Globe and Mail, «прымірэнне паміж «Уралкаліем» і «Белкаліем» выглядае малаверагодным». Выданне прыводзіць словы аналітыка «Рэнэсанс Капітал» Барыса Краснажонава, які лічыць, што барацьба ідзе не столькі за аб'яднанне, колькі за падзел рынкаў.

Такой самай думкі прытрымліваецца і незалежны эканаміст Сяргей Чалы:

«Картэлі доўга не жывуць. І гэтаму ўжо не жыць. Можна паглядзець на прыклад АПЕК, які працягвае існаванне, але ні на што не ўплывае. А для чаго спатрэбілася ўся гэта гісторыя з арыштам? Каб паказаць! Бо іначай пацаны на раёне не зразумеюць. Ну і кантракты адбіць. Наколькі я разумею, яны цяпер без збытавай сеткі засталіся».

Каб падвесці рысу, працытую агенцтва Reuters: «Гэтая сутычка — яшчэ адзін сімптом дысфункцыі гандлёвых адносінаў, якая аказвае згубнае ўздзеянне на прастору былога СССР».