У Мінску затрыманы Уладзіслаў Баўмгертнер

Следчы камітэт Беларусі пачаў расследаванне справы, якую ўзбудзіла Генеральная пракуратура РБ паводле часткі 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоўжыванне ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да адказных асобаў ЗАТ “Беларуская калійная кампанія”.



uralkaliy_245.jpg

Сярод фігурантаў справы — кіраўнік назіральнай рады Уладзіслаў Баўмгертнер, сябра гэтай рады Алег Пятроў, першы намеснік генеральнага дырэктара Канстанцін Саладоўнікаў, а таксама намеснік гендырэктара па фінансах Ігар Яўстратаў і начальнік фрахтавага аддзелу Дзмітрый Самойлаў ды некаторыя іншыя. Баўмгертнер ужо затрыманы ў Мінску і змешчаны пад варту.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Павел Траулька, падставай для ўзбуджэння крымінальнае справы сталі матэрыялы аб здзяйсненні гэтымі асобамі злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі з карыснымі мэтамі, якія пацягнулі нанясенне істотнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ “Беларуськалій” і “ЗАТ “Беларуская калійная кампанія”. Пятроў, Яўстратаў, Самойлаў і Саладоўнікаў абвешчаныя ў вышук, у тым ліку і па лініі “Інтэрпола”.

Шчыра кажучы, гэтая інфармацыя ў панядзелак выбухнула нібы навальніца сярод яснага неба. На момант напісання гэтага матэрыялу афіцыйнай рэакцыі Крамля ці Белага дома яшчэ не было. Як стала вядома, затрыманы генеральны дырэктар “Уралкалія” Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіўся ў Мінску па запрашэнні прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча дзеля разгляду звязаных з дзейнасцю БКК пытанняў.

Па словах Паўла Траулькі, на прадмет дачынення да супрацьпраўнай дзейнасці даецца прававая ацэнка і дзеянням іншых асобаў, сярод якіх адзін з галоўных акцыянераў “Уралкалія” Сулейман Керымаў.

Пракаментаваць сітуацыю “Новы час” папрасіў эканаміста, намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна.

Леў Фёдаравіч, што азначае такое развіццё падзеяў?

— Гэтая азначае крайнюю ступень раз’юшанасці. Усе папярэднія падзеі настолькі моцна закранулі беларускае кіраўніцтва і самога Лукашэнку, што ён, як кажуць, “рвет и мечет, мечет и рвет”. Таму што прад’яўляць “злоўжыванне паўнамоцтвамі” ў акцыянерным таварыстве могуць толькі ўладальнікі гэтага АТ. “Уралкалій” — гэта акцыянернае таварыства. Там ёсць уласнікі, якія могуць выставіць дырэктару ад імя ўласнікаў зыск, у тым ліку і судовы.

А рабіць гэта без волі ўладальнікаў, тым больш на тэрыторыі іншай дзяржавы?! Уявіце сабе, каб, скажам, сюды прыехаў выканаўчы кіраўнік якога-небудзь “Філіпса” ці “Боша”, а яго б узялі тут і арыштавалі. Я думаю, што рэакцыя Расіі павінна паследаваць вельмі хутка, таму што Баўмгертнер — гэта не сярэдняй рукі бізнэсовец, якіх тут у нас шчоўкаюць бы гарэхі, але гэта ўсё ж такі гэта чыноўнік дастаткова высокага ўзроўню.

Гэта азначае, што ўсё гэта настолькі сур’ёзна закранула Лукашэнку, што ў яго папросту не вытрымалі нервы.

Якія могуць быць наступствы вось такіх дзеянняў беларускіх сілавікоў у дачыненні да Баўмгертнера?

— Магчыма чакаць самую жорсткую рэакцыю кіраўніцтва Расіі на гэты конт. І калі не адбудзецца тэрміновае вызваленне, я думаю, што цалкам могуць быць і нейкія санкцыі. Тут яшчэ пытанне, наколькі раптоўна гэта ўсё адбылося. Бо адзін з галоўных уласнікаў “Уралкалія” некалі лічыўся сябрам Лукашэнкі. Магчыма, гэта неяк было ўзгоднена з уладальнікамі і паступіць зыск ад імя ўладальнікаў? Але калі гэтага не будзе, то можна прагназаваць самую жорсткую рэакцыю з боку Расіі.   

 Якую рэакцыю можна чакаць ад расійскага бізнэсу?

— Калі дзеянні кіраўніцтва “Уралкалія” былі не проста нейкай імправізацыяй, і гэта была нейкая доўгатэрміновая стратэгія —  а доўгатэрміновую стратэгію без уладальнікаў не мяняюць і не прымаюць, —  рэакцыя будзе бурлівая. Але ж калі гэта нейкім чынам узгоднена з уладальнікамі, то паглядзім.

У любым выпадку, Расія павінна адрэагаваць, бо, выбачайце, тое ж самае можна было зрабіць і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Баўмгертнер нікуды ва ўцёкі не збіраўся. А Расія вельмі нервова ставіцца да таго, калі “бяруць нават яе людзей з не зусім добрай рэпутацыяй — да прыкладу, таго ж Віктара Бута, якога выдалі ЗША і там судзілі, а тут чалавек нават не зброяй гандляваў, а калійнымі ўгнаеннямі. Таму адрэагаваць могуць вельмі жорстка.

Як гэтыя падзеі могуць адбіцца на калійным рынку?

— На калійным рынку такія рэчы асабліва не адбіваюцца. Таму што там большая частка гандлю ідзе па доўгатэрміновых або сярэднетэрміновых кантрактах. Спотавы рынак даволі невялікі, і вось на ім кошты могуць адрэагаваць па-рознаму. Але гэта будзе кароткатэрміновая рэакцыя.

А што тычыцца капіталізацыі калійных кампаніяў?

— Безумоўна, яны страцяць у коштах сваіх акцыяў. Бо рынак акцыяў прадпрыемстваў-вытворцаў калійных угнаенняў вельмі чуллівы да такіх рэчаў. І пасля пацвярджэння гэтай інфармацыі ён абавязкова адрэагуе. Але і гэтая рэакцыя будзе адносна кароткатэрміновай, — лічыць Леў Марголін.

Трэба адзначыць, што дагэтуль пасля “разводу” паміж “Уралкаліем” і “БКК” не было чуваць рэакцыі на гэта з боку Аляксандра Лукашэнкі. Затое тыдзень таму генеральны дырэктар “Беларуськалія” Валеры Кірыенка заявіў, што “Уралкалій” нібыта рыхтуе рэйдарскі захоп беларускага калійнага гіганта, і дадаў, што некаторыя дзеянні расіянаў вымагаюць прававой ацэнкі. “Увесь расійскі менеджмент нават свае рэчы пакінуў у кватэрах і з’ехаў адсюль, і чамусьці баіцца сюды вяртацца”, — сказаў Кірыенка.

Відаць, не дарэмна баяліся расійцы. Паводле апошняй інфармацыі, сваю ноту з нагоды затрымання Баўмгертнера ўжо рыхтуе расійская амбасада ў Беларусі.