Мярцвяцкае правасуддзе. Генпракурор Беларусі знайшоў сваё жыццёвае прызначэнне

Генеральная пракуратура знайшла сабе занятак на аглядную перспектыву. Ведамства крэатыўнага Андрэя Шведа будзе працаваць над тым, каб у Беларусі можна было судзіць не толькі жывых, але і мёртвых. Рыхтуем папкорн, спадарства. Нас чакае шмат захапляльнага.

Скрын з анімэ Цёмны дварэцкі / KUROSHITSUJI

Скрын з анімэ Цёмны дварэцкі / KUROSHITSUJI


Афіцыйна гэта гучыць так: Генеральная пракуратура пачала падрыхтоўку закона, якім будзе вызначаны парадак вытворчасці па крымінальных справах у дачыненні да памерлых асоб.
Пад «памерлымі асобамі» разумеюцца людзі, «датычныя злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных злачынстваў».
Для выканання пастаўленай задачы па традыцыі створана рабочая група, якая выпрацуе «прававы механізм прыцягнення да крымінальнай адказнасці тых нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, якія па шэрагу прычын, у тым ліку звязаных з палітыкай асобных дзяржаў, не паўсталі перад судом».
Потым будзе законапраект, у адпаведнасці з якім, як заяўляе ведамства, распачнуцца «крымінальныя працэсы ў дачыненні да карнікаў беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Усё гэта раней анансаваў асабіста Швед, заявіўшы, што першыя такія справы могуць быць разгледжаныя да канца года.
«Я думаю, у канцы гэтага года мы пачнём завочныя працэсы ў беларускіх судах у дачыненні да не толькі яшчэ жывых катаў, але і памерлых», — сказаў як адрэзаў няўрымслівы генпракурор.


Скрын newsbel_by

Скрын newsbel_by

З гэтага месца, натуральна, пачынаюцца тэхнічныя пытанні.
Першае: каму рыхтавацца? Якім будзе размах — у Мінгарсуд пацягнуць Гітлера, Гебельса і іншых борманаў, ці зоймуцца больш дробнай рыбай?
Другое: якім будзе фармат працэсаў над нябожчыкамі? У клетку пасадзяць пудзілы альбо павесяць партрэты абвінавачаных? У залу запросяць іх унукаў і праўнукаў? Мёртвым фігурантам дадуць дзяржаўнага адваката? Паводле правілаў «абавязковай яўкі» ў суд пацягнуць састарэлых 90-гадовых сведак, якія падчас вайны былі дзецьмі?
Трэцяе: што наконт п. 7 ч. 1 арт. 29 КПК, паводле якога разгляд крымінальнай справы немагчымы «ў дачыненні да памерлага, за выключэннем выпадкаў, калі вытворчасць неабходна для яго рэабілітацыі»? Зрэшты, якраз тут праблем не прадбачыцца: папраўкі ў кодэксы ў нас прымаюцца як шклатара ў адпаведных пунктах. Не будзе праблем і з прысудам — яму нададуць дэкларатыўны, сімвалічны характар. Хаця хто здзівіцца, калі, скажам, Адольфу Алаізавічу выпішуць расстрэл у строгай беларускай юрысдыкцыі? Калі, напрыклад, Паўлу Латушку можна даць 18 гадоў завочна, то чаму б не прысудзіць якому-небудзь гестапаўцу расстрэл пасмяротна?


Як вы разумееце, агучаныя пытанні цалкам рытарычныя, бо за кіламетр бачна: генпракурор Швед разам са сваімі падначаленымі ладзяць чарговую клаўнаду. Чарговы акт бязглуздага крымінальна-працэсуальнага актывізму ў духу тэатру абсурду і цырку на дроце.
Каб гэта зразумець, дастаткова пагартаць, так бы мовіць, старонкі гісторыі. І прынамсі ўсёвідушчы гугл падкажа хіба адзін выпадак пасмяротнай судовай вытворчасці.
Напрыканцы IX стагоддзя ў Рыме менавіта так вырашылі судзіць памерлага пантыфіка Фармоза. Нешта ў сваім жыцці ён зрабіў не так, то пераемнікі на чале Папскага Прастола вырашылі дастаць яго з таго свету. Дасталі ў літаральным сэнсе — праз дзевяць месяцаў пасля смерці — Фармоза наўпрост эксгумавалі дый пасадзілі тое, што ад яго засталося, на лаву падсудных. Каб надаць працэсу нейкія «чалавечыя» рысы, за тронам схавалі спецыяльна навучанага дзяка. Той, імітуючы голас нябожчыка, дбайна даў суду «паказанні». Прысуд быў вынесены «ва ўстаноўленым парадку» — нежывому Папе адсеклі пальцы, а яго цела правалаклі па вуліцах Вечнага горада, пасля чаго выкінулі ў Цібр.
Гэтая фантасмагорыя ўвайшла ў гісторыю пад кодавай назвай — Трупны сінод (synodus horrenda). Чымсьці падобным цяпер, праз больш чым тысячу гадоў, хочуць заняцца беларускія інквізітары пад чуллівым наглядам генеральнага пракуратара Шведа.


Узнікае, канечне, пытанне: а ў чым сэнс? Навошта судзіць мёртвых, якім, як вядома, не баліць? Ну, завялі вы справу пра «генацыд беларускага народа». Ну, дапыталі 16 тысяч чалавек, вымусіўшы іх успамінаць падзеі 80-гадовай даўніны. Дадалі пра «генацыд» у школьную праграму, напісалі кніжку, адкрылі музейныя экспазіцыі. Ну ок, перапісванне гісторыі — звычайная справа для дыктатарскіх рэжымаў, якія жывуць мінуўшчынай, бо не маюць будучыні.
Але навошта абавязкова суды? Для чаго патрэбныя гэтыя «мёртвыя з косамі ўздоўж дарогі»? Каб у літаральным сэнсе паказаць, што «мы вас з-пад зямлі дастанем»? Але каму паказаць? Бо любы нармальны чалавек у адказ на такое хіба пакруціць пальцам каля скроні ды сам нешта пакажа — прынамсі шлях у бліжэйшую лякарню пэўнага профілю.
Бадай, адзіная версія адказу: а ім гэта проста ў кайф. У кайф — займацца «генацыдам беларускага народа» ўвогуле (як бы гэта ні гучала) і ўрачыста чыніць аўтадафэ для яго памерлых удзельнікаў.
Пражыўшы на свеце амаль 50 гадоў, Швед нарэшце знайшоў справу свайго жыцця — змагацца з мёртвымі. Сваю місію — дамагацца гістарычнай справядлівасці насуперак усяму. Насуперак міжнароднай абстаноўцы, стаўленню навакольных людзей, здароваму глузду. Місіянеры яны ўвогуле такія — не ад гэтага свету, як кажуць. Адны прапаведуюць новыя ісціны, другія нясуць людзям святло, трэція прысвячаюць жыццё ідэям усеагульнага братэрства.
Ну, а вось місіянерства генеральнага пракурора Беларусі — у тым, каб разбірацца з мерцвякамі. Трэба ж некаму і гэтым займацца. У пэўным сэнсе гэта богаўгодная справа — рабіць замагільны свет лепшым.
Ён не адразу знайшоў сваё сапраўднае прызначэнне. Спачатку спрабаваў намацаць яго ў розных мірскіх клопатах. Заводзіў крымінальную справу на «вышэйшае кіраўніцтва Польшчы» — за міграцыйны крызіс. Узбуджаў вытворчасць супраць мэра Рыгі, супраць польскага суддзі, які адмовіў у выдачы блогера Сцяпана Пуцілы, супраць дарадцы кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча
Гэта было цяжкім духоўным шуканнем, але ён мусіў прайсці гэты шлях.
Штуршком у правільным кірунку тут стала постаць даўно памерлага «дзеда польскага прэзідэнта Дуды», чыю дзейнасць «у складзе ўкраінскага карнага батальёна» Генпракуратура пачала даследаваць летам мінулага года.
І хаця «дзед Дуды» аказаўся фэйкам з метадычак расійскай прапаганды, неўзабаве пакліканне было знойдзена. На тым свеце, дзе так шмат неўладкаванага, неўпарадкаванага і несправядлівага.
Трупы злачынцаў даўно мінулай вайны сталі тым попелам, што настойліва пагрукаўся ў гарачае сэрца Андрэя Шведа і прынёс яму спакой.