«Вялікая ідэя Генпракуратуры», альбо Навошта Андрэй Швед робіць з сябе клоўна

Няма ў свеце такой рэчы, з’явы альбо падзеі, супраць якой не ў стане ўзбудзіць справу Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Пры жаданні галоўны наглядны орган рэжыма можа адкрыць крымінальную вытворчаць у дачыненні да нелаяльнага тэлеграфнага слупа. Ці супраць бяздомнага сабакі, які няправільна гаўкне ў бок галоўнага картэжа. Калі ў вас ёсць на гэты конт сумневы, значыць, вы зусім не сочыце за творчай біяграфіяй беларускага генпракурора Андрэя Шведа.

1__9__1.jpg

Не сочыце — дык мы дапаможам. Каб вы канчаткова захапіліся размахам, імпэтам і фантазіяй, з якімі гэты чалавек пераследуе апанентаў існай беларускай улады. Пераследуе як унутры краіны, так і за яе межамі. І там, і там дзейнасць Генпракуратуры і генпракурора мае яскравыя кафкіянскія адценні. Яны абавязкова ўвойдуць у гісторыю айчыннай крыміналістыкі, як узор псеўдаюрыдычнай абсурдыстыкі.

Швед і выбух у метро

Шведу 49 гадоў, і да 2020 года яго больш ведалі як кіраўніка следчай групы па справе выбуху ў мінскім метро ў 2011-м. З тым тэрактам жвавы ўраджэнец Лельчыцкага раёна разабраўся хутка, хоць многія дагэтуль сумняюцца ў слушнасці яго высноў. Не вераць людзі, што абвінавачаныя (і пазней аператыўна растраляныя) Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў маглі дзейнічаць на станцыі «Кастрычніцкая» выключна па ўласнай ініцыятыве.
Аднак справа зробленая, здадзеная ў архіў, а кар’ера галоўнага Пінкертона ад тае пары пайшла ў гору.У 2011-м Швед быў намеснікам генеральнага пракурора, потым працаваў першым намеснікам Следчага камітэта і доўга — болей сямі гадоў — кіраваў Дзяркамітэтам судовых экспертыз.
Генеральным пракурорам Лукашэнка яго прызначыў у верасні 2020-га, калі па краіне крочылі шматтысячныя пратэсты і сістэма ледзьве не развальвалася.
Папярэдні начальнік Генпракуратуры Аляксандр Канюк, відаць, аказаўся крыху не той кандыцыі. Дый і сын у яго, як выявілася, айцішнік з досведам працы ў апальнай кампаніі PandaDoc — нават у голас падтрымліваў былых калег, арыштаваных за жаданне перамен.
То Канюка наўпрост адправілі ў ссылку — амбасадарам у Арменію. А ў Генпракуратуру прызначылі Шведа, у якога няма белых плямаў у біяграфіі.

Швед і сцяг



2_533.jpeg


У змаганне з «пятай калонай» новы генеральны пракурор кінуўся нібыта ў вір з галавой. І ўжо праз пару месяцаў анансаваў у дзяржаўных медыя ўзмацненне палітычных рэпрэсій. Зрэшты, спакваля стала ясна, што пераслед звычайных пратэстоўцаў — не камільфо для чыноўніка такога ўзроўню. І тады Швед распачаў шэраг спраў, як сказаў бы адзін пісьменнік, касмічнага маштаба і касмічнай дурасці.
Асноўныя мы і прыгадаем.
У студзені стала вядома, што Генпракуратура мае намер прызнаць «экстрэмісцкім» бел-чырвона-белы сцяг — гістарычны сімвал Беларусі, які да Лукашэнкі быў дзяржаўным. Фармальнай падставай для гэтага ведамства Шведа палічыла петыцыю, якую падтрымалі сваімі подпісамі ўсяго каля сотні «неабыякавых грамадзян». І хаця сустрэчным чынам супраць гэтай адчайнай ідэі падпісаліся больш за сто тысяч беларусаў, працэс памалу рушыў.
Летам Швед адрапартаваўся, што Генпракуратура «завяршае падрыхтоўку матэрыялаў для зварота ў Вярхоўны суд з мэтай прызнання гэтага палатна экстрэмісцкай сімволікай».
Характэрна, што паралельна сваю барацьбу супраць нацыянальных сімвалаў вяло Міністэрства ўнутраных спраў. З той толькі розніцай, што МУС хадайнічала аб прызнанні БЧБ-сцяга адразу нацысцкім, а заадно прапанавала з тых жа прычын забараніць і вокліч «Жыве Беларусь!».
Розгалас у грамадстве тыя дзіўныя ініцыятывы мелі вялікі, але ў выніку (прынамсі на гэты час) усё скончылася пшыкам. Відаць, недзе наверсе скемілі, што нават ва ўмовах татальная беззаконня варта мець нейкія межы. І не забараняць тое, што мае глыбокі след у гісторыі, ухвалена навукоўцамі і часта сустракаецца ў творчасці класікаў беларускай літаратуры.
У выніку, нарабіўшы шуму, высакапастаўленыя пракуроры і міліцыянты сцішыліся ў барацьбе супраць гістарычных рэліквій. За БЧБ па-ранейшаму затрымліваюсь, судзяць-садзяць, збіваюць, але заканадаўча маркіраваць яго «экстрэмізмам» улады пакуль не наважыліся.
Але не сцішыўся генпракурор Швед. Ідэялагічны паядынак са сцягам стаў для яго аперытывам. Не праглынуўшы БЧБ, ён набыў апетыт і пайшоў у атаку на іншыя недабранадзейныя ветракі.

Швед і мігранты

3__1__17.jpg


Вясной мінулага года на межах Беларусі з краінамі ЕС здарыўся міграцыйны крызіс. Тысячы людзей з усходніх краін — у тым ліку жанчыны і дзеці — ехалі ў гасцінную Беларусь, спакусіўшыся шанцам патрапіць у Еўропу (пераважна ў Германію).
Найбольшы напал крызіс набыў на беларуска-польскай мяжы. Гарачыя мігранты пад наглядам беларускіх сілавікоў ўпарта прарываліся на тэрыторыю Польшчы, месцамі наўпрост атакавалі памежнікаў з дапамогай камянёў, дрэваў і іншых прылад. Тыя, зразумела, давалі адпор, абараняючы тэрыторыю ўласнай краіны ад незаконнага пранікнення чужынцаў.
Усяму свету — ад ЕС да таго ж Блізкага Усходу, адкуль прыязджалі мігранты, — было ясно, што крызіс штучна створа беларускімі ўладамі. Найперш, каб Еўропа спужалася наплывам «бежанцаў» і пачала дамаўляцца з Лукашэнкам — пра змякчэнне санкцый да іншае. Было шмат сведчанняў таго, як «інтурыстаў» завозілі ў Беларусь адмысловымі авіярэйсамі, як размяшчалі іх у гатэлях і потым цэнтралізавана везлі на мяжу. Усім усё было зразумела, тым больш фантасмагарычна ўспрымаліся паводзіны беларускага рэжыма.
Рэжым, канешне, павесіў усіх сабак на Еўропу. Маўляў, гэта ваша палітыка да гэтага прывяла, а мігранты — проста бедныя людзі, якія едуць у Беларусь па законе, закон не парушаюць і мы нічога не можам з імі зрабіць.
Зрабіць усё ж прыйшлося. ЕС і ў першую чаргу Польшча занялі жорсткую пазіцыю — заявілі, што ні пры якіх абставінах караваны ўсходніх мігрантаў не пойдуць ў Еўропу шчыльнымі радамі. Лукашэнкаўцы зразумелі, што лавіць няма чаго. Што яшчэ крыху, і мігрантаў прыйдзецца ўтрымліваць за ўласны кошт. Таму лавачку ўлады паціху прыкрылі.
Прычым тут генпракурор Швед? А пры тым, што міма такога кейса ён, вядома, не прайшоў. Яго ведамства і тут моцна ўзбудзілася. Завяло, як мае быць, крымінальную справу. Супраць «вышэйшага кіраўніцтва Польшчы».
Перакуліўшы ўсё дагары нагамі, швед абвінаваціў польскі ўрад у «парушэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі», «шматлікіх супрацьпраўных дзеяннях супраць чалавецтва», «незаконнай дэпартацыі і катаваннях» мігрантаў.
«Сілавікамі Польшчы рэалізуюцца неадэкватныя тэхнічныя мерапрыемствы па процідзеянню праходу бежанцаў у Германію», — канстатаваў пракурор-актывіст, нібыта палякі мусілі разаслаць чырвоны дыванок, каб мігранты крочылі ў Нямеччыну. Дзе іх надта чакалі.
Але ж скончыўся (у актыўнай фазе) крызіс — то і некуды падзелася справа супраць польскага істэблішменту. Яна знікла з радараў гэтак жа раптоўна, як і справа супраць БЧБ-сцяга.
Гэта не значыць, што засумаваў генпракурор Швед. Ён адразу знайшоў, супраць каго змагацца далей.

Швед і дзед Дуды

Увогуле барацьба са знешнімі ворагамі з’яўляецца ці не галоўнай місіяй Андрэя Шведа. Генпракуратура завяла крымінальныя справы супраць мэра Рыгі і міністра замежных спраў Латвіі, супраць польскага суддзі, які адмовіў Беларусі ў выдачы блогера Сцяпана Пуцілы, супраць дарадцы кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча…
Той жа Арастовіч аператыўна высмеяў справу супраць сябе — і разам з ім рагаталі ўсе адэкватныя людзі, але гэта не спыніла раж кіраўніка беларускай Генпракуратуры.
Нядаўна ён пайшоў яшчэ далей і распавёў, што яго ведамства пачало дакументаваць «дзейнасць дзеда польскага прэзідэнта Дуды, які ўваходзіў у склад украінскага карнага батальёна, вызначыўся асаблівай жорсткасцю ў першую чаргу на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей».
Стары, цвілы, даўно выкрыты фэйк пра дзеда Анджэя Дуды, якія аніякім нацыстам не быў, даўно адкінула нават расійская прапаганда, якая яго і прыдумала. Пракурора Шведа ён не збянтэжыў. Усё ідзе ў ход, калі хочацца ўбрыкнуць калектыўны Захад з яго варожым стаўленнем да гордай і квітнеючай Беларусі.
Можна было б сказаць, што нагляднае ведамства маецца бздурой праз сабатаж. Не хоча рэпрэсаваць беларусаў, таму выдзьмувае сабе справы з пальца і, як Мюнхгаўзен, змагаецца з аблокамі. Але не. Беларусамі Швед з калегамі займаюцца з не меншым імпэтам. Яны знішчаюць незалежныя медыя, заводзяць справы на вядомых палитычных эмигрантащ, даюць санкцыю на пераслед грамадских арганизацый.
З апошняга: гэта па заяве Генпракуратуры «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» прызналі «экстрэмісцкай» арганізацыяй і гэта асабіста Швед запусціў працэс ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзаў.

Швед і «генацыд»

Але, бадай, галоўнае, чым вызначыўся Швед за 21 месяц на пасадзе, — гэта крымінальная справа «Аб генацыдзе беларускага народа». «Генацыд», паводле версіі ўладаў, адбываўся падчас Вялікай Айчыннай вайны, а да беларускага народа Генпракуратура аднесла «ўсіх савецкіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у адзначаны перыяд». То-бок уключна з габрэямі, якія цяпер пацярпелі не толькі ад Халакосту, але і нечакана для сябе ад генацыду беларусаў.
«Генацыд» Швед расследаваў з незвычайным дбаннем. Беларускія сілавікі праводзілі нейкія раскопкі, дапытвалі старэнькіх сведак падзей 80-гадовай даўніны, складалі пратаколы на дзесяткі тамоў. На ўсю моц у гэтым кірунку запрацавала прапаганда, пра злачынствы гілераўцаў даводзілі школьнікам і студэнтам.
У выніку ў студзені закон «Аб генацыдзе» падпісаў Лукашэнка, назваўшы справу «вялікай ідэяй Генпракуратуры». Пра «генацыд» выпусцілі адмысловую кнігу, якой, безумоўна, дапамогуць знайсці свайго чытача. Аднак «генацыд» гэты так і застаўся неўспрынятым шырокім грамадствам, якое даўно навучылася адрозніваць сапраўднае ад кан’юнктурнага.
Разнеслі гэтае памкненне генпракурора і недзяржаўныя гісторыкі, у тым ці іншым выглядзе назваўшы справу «нацягваннем савы на глобус». Выснова ж неангажаванай навуковай супольнасці прыкладна такая: нямецкіх злачынстваў падчас ВАВ ніхто не адмаўляе, пра гэтыя злачынствы ўжо даўно напісаны тысячы кніг, але ж тэрор не ёсць «генацыд», а ніякага «генацыд» ў Беларусі не было.
Тым не менш пракурорскі Маўр зрабіў сваю справу, за што атрымаў удзячнасць на самым вышэйшым узроўні.
Лукашэнка наогул вельмі шануе свайго генеральнага пракурора. Узнагароджвае ордэнамі, ставіць у прыклад іншым, прапануе разам з Азаронкам вырашаць лёсы «беглых». У лютым Швед стаў доктарам юрыдычных навук, а яшчэ раней у калідорах шапталі, што менавіта гэты каштоўны кадр з вертыкалі можа стаць пераемнікам Лукашэнкі.

Швед і здаровы сэнс

Ці ведае Швед, што займаецца лухтой? Антынавуковай, антыюрыдычнай, цемрашальскай і бязглуздай. Ды, канешне, ведае. Гэта відавочна, бадай, любому, хто ў стане не пранесці лыжку міма рота і не надзявае майткі на галаву.
Чаго ж тады робіць, свядома выстаўляючы сябе скамарохам у вачах першакурснікаў юрфака БДУ? Хто яго ведае. Можа, шчыра лічыць, што не да законаў, калі трэба вынішчыць усіх нязгодных і незадаволеных. Ці апантана робіць кар’еру, мяркуючы, што шлях па службовай лесвіцы патрабуе ахвяр, а справа супраць чарговага тэлеграфнага слупа залішняй не будзе.
Хто яго ведае, гэтага самаадданага служаку. Можа, сам аднойчы распавядзе, калі прыйдзе час.