Якія кнігі чытаюць у калоніях?

Адна з найбольш папулярных сёння бібліятэк у Беларусі, апрача Нацыянальнай, знаходзіцца ў Следчым ізалятары №1 у Мінску. І хаця выбар кніг там не зусім багаты, тым не меней, яны заўсёды карыстаюцца ў сядзельцаў Валадаркі вялікім попытам.

knihi_7.jpg

Многія зняволеныя пішуць на волю ў лістах аб тым, што шмат чытаюць, паколькі кнігі даюць магчымасць не толькі неяк забывацца на час, але і падтрымліваць псіхалагічную раўнавагу. Кніга тут — гэта больш чым кніга.
Праваабаронцы сабралі ўспаміны палітвязняў аб тым, як функцыянуюць бібліятэкі на Валадарскага і ў калоніях і якім кнігам аддаюць перавагу зняволеныя.

Просяць кнігі на беларускай мове

Алег Груздзіловіч, журналіст «Радыё Свабода», у СІЗА на Валадарцы правёў тры месяцы:
— У многіх камерах маюцца спісы кніг, пару зашмальцаваных старонак. Калі ў бібліятэкара нешта замаўляеш, часта можа адказаць, што такога аўтара няма. Але трэба запытваць пра кнігі, якіх няма ў спісе, і тады можна выбраць тое, што хацелася б пачытаць.
Бібліятэкар — ранейшы начальнік СІЗА, які выйшаў на пенсію. Прыходзіць прыкладна раз на дзесяць дзён. Спачатку камера здае ранейшыя кнігі… Але калі тваю нехта з сукамернікаў вырашыў чытаць таксама, то яе можна перапісаць на іншага. Кніга выдаецца на пару тыдняў.
Што чытаюць? Тады яшчэ можна было выпісваць газеты. Яшчэ выдавалася «Беларусы і рынак», выпісваў таксама «Фізкультурнік Беларусі». А вось «СБ. Сегодня» і так прыносяць.
Сукамернікі чыталі звычайна дэтэктывы, фантастыку, кнігі Аляксандра Дзюма.
Я выбіраў збольшага беларускія кнігі. Паспеў прачытаць «Зэльманцы» Мойшэ Кульбака, Дзмітрыя Быкава, Віктара Марціновіча, Людмілу Уліцкую.
Горш, калі кніга з камеры прападае. Неяк адна жанчына паведамляла, што бібліятэкар у такім выпадку на цэлы месяц пакараў камеру — не прыходзіў і нічога не прыносіў.

Бібліятэка зняволенага праваабаронцы: што чытаюць «вясноўцы» за кратамі

Палітзняволены праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч таксама напісаў на волю, што ўжо прачытаў усяго Сяргея Даўлатава, адкрыў для сябе Харукі Муракамі, рэкамендуе пачытаць кнігі Мілана Кундэры і Артура Клінава.
Лявон Халатран, які цалкам адбыў пакаранне, таксама ўзгадвае кнігі, якія засталіся ў ягонай памяці пасля адбыцця пакарання.
Ён піша пра «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына:
— Многія казалі: як можна чытаць гэту кнігу, трэба ж нешта пазітыўнае выбіраць. А мне, наадварот, дапамагло: не ведаю, чаму менавіта, але з гэтай кнігай было прасцей сядзець. Як быццам чытаеш аднадумца, разумееш, што гэта ўсё ўжо было, усё паўтараецца і ў нас не так дрэнна, як было ў тыя часы.
Ён таксама ўзгадвае «Лаліту» Уладзіміра Набокава, «Град асуджаны» братоў Стругацкіх, гістарычныя раманы.
Былая палітзняволеная Віка вельмі кранальна распавяла пра свае чытацкія прыхільнасці:
— Я не з тых, хто чытае шмат, люблю пакайфаваць з кнігай, удумацца ў прачытаныя радкі. У СІЗА чытала болей паэзію: Максіма Багдановіча, Пімена Панчанку, Купалу, Коласа, Рыгора Барадуліна. Асобныя радкі занатоўвала ў сшытак, які адабралі ў калоніі. На памяць вывучыла ўрывак з «Новай зямлі»:
Ды покі будзе сэрца біцца,Яно не зможа пагадзіццаНі з гэтым гвалтам, ні з бядоюНад нашай роднаю зямлёю… .
Гэтыя радкі Вікторыя зачытала нават у сваім апошнім слове ў судзе.
— Найбольш уразіў раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», таксама моцна зачапіў твор Уладзіміра Караткевіча «Сівая легенда» — прыгожая і адначасова трагічная гісторыя кахання. Я нават, памятаю, малюнкі малявала да «Сівой легенды».
На Валадарцы кнігі выдаваліся раз на два тыдні, у калоніі часцей — раз на тыдзень. Аднойчы нас завялі ў бібліятэку, дзе трэба было за 5 хвілін нешта выбраць і паспець запісаць у спіс. Я старалася браць кнігі на беларускай мове, але калі запісвала Караткевіча ці Быкава. маглі прынесці іх творы ў перакладзе на рускую мову.
Памятаю, мы спрабавалі ў атрадзе ў калоніі мяняцца кнігамі з сукамерніцамі, аднак такое не вітаецца, і аднойчы мне ледзь не вынеслі спагнанне.
Апроч бібліятэкі існуе магчымасць кнігі набываць.
У СІЗА №1, у адрозненне ад іншых следчых ізалятараў, забаронена прымаць для зняволеных мастацкую літаратуру. Аднак кнігі, часопісы і газеты асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць браць у бібліятэцы СІЗА. Таксама можна набываць для сябе літаратуру праз адміністрацыю СІЗА ў крамах па безнаяўным разліку, падпісвацца на газеты і часопісы.
Антон Шумаў, фігурант «справы 14 ліпеня», правёў у СІЗА два месяцы.
— Раз на два тыдні па калідорах ездзіць хтосьці тыпу бібліятэкара і развозіць кніжкі, — распавядае Антон. – Можна пакінуць заяўку на наступны развоз: аўтар, назва кнігі. Там паглядзяць. Калі такія кнігі ёсць, яны прывязуць. Кніга даецца на камеру, запісваецца на зняволенага. Тэрмін на прачытанне — два тыдні.
Паколькі кнігі перадаваць нельга, то ёсць лайфхак: «У той момант, калі вас затрымліваюць, з сабой можна ўзяць нейкія рэчы. У гэтым выпадку ты можаш узяць мастацкую літаратуру ў асабістыя рэчы, з якімі цябе прывозяць. То-бок гэта будзе не перадача, а асабістая рэч», — распавёў ён «Еўрарадыё».
Антон замовіў з волі «Шантар»,«Трансерфінг рэальнасці», «Атлант выпрастаў плечы». Пасля вызвалення ён пакінуў іх у камеры.
— Наогул у маёй камеры чыталі не моцна шмат. Але ў ёй была свая бібліятэка, якая складалася з кніг, што пакінулі папярэднія зняволеныя, якія вызваліліся альбо паехалі на лагер. Наогул шмат кніг прачытаў у камеры за два месяцы. «Сэрца на далоні» Шамякіна, Пялевіна, які быў у майго сукамерніка. Перачытаў свае кнігі, ну і да ўсяго трапіліся пару бульварных дэтэктываў з агульнай бібліятэкі.
Па словах Антона, у СІЗА карыстаюцца попытам кнігі для самаразвіцця, матывацыі і рэлігіі.
— У нас у камеры быў чалавек, у якога была кніга «Курыны булён для душы» і шмат эзатэрычнай літаратуры, у якой тэматыка такая: вер у сябе, усё атрымаецца. Вельмі шмат кніг пра тое, як правільна спланаваць свой дзень, як правільна думаць і дамагацца поспеху. Я разумею: яны цябе матывуюць і надаюць нейкую надзею, што ўсё будзе добра і абавязкова ўсё скончыцца. Што тваё знаходжанне за кратамі не бясконцае, а калі-небудзь усё пройдзе, і жыццё на гэтым не сканчаецца.

Што яшчэ чытаюць у беларускіх турмах?

Бізнесовец Аляксандр Васілевіч распавёў у лісце, што кнігі перадаваць у СІЗА на Валадарскага нельга, але калі іх раздрукаваць або адсканаваць і адправіць лістом — то фактычна можна. Адсканаваныя кнігі на англійскай мове не пройдуць, бо цэнзару «складана ацаніць змест». Таксама ў лісце ён дзякуе за перададзеныя кнігі: «тэмы культуры і дызайну заходзяць не горш, чым эканоміка. Не чытаў якраз, таму дабіваю «Баудолино» Умберта Эка і пераходжу да заснавальніка баухауса, клас».
Алена Карагачова, экс-памочніца Бабарыкі, у інтэрв'ю TUT.by распавядала: «У СІЗА нядрэнная бібліятэка, мы чыталі кнігі, было што абмеркаваць. Я брала, напрыклад,«Код да Вінчы», яшчэ творы Эфраіма Севелы — пра праблемы габрэяў у Савецкім Саюзе. Я знайшла там шмат цытат, якія падыходзяць пад наш час — проста як быццам пра нас напісана».
Палітзняволены журналіст-фрылансер Андрэй Кузнечык нават сістэматызаў спіс кніг, якія ён прачытаў з лістапада 2021-га па травень 2023 года ў СІЗА і ў наваполацкай калоніі. Ён даслаў гэты спіс на волю.
У пераліку — 82 кнігі, якія прачытаў Андрэй за кратамі. Размешчаны яны ў алфавітным парадку па прозвішчы аўтара, таксама пазначана, у якія даты Андрэй чытаў гэтыя творы і колькі дзён заняло чытанне. Гэта пры тым, што палітвязень у Ннваполацкай калоніі працуе на лесапілцы 6 дзён на тыдзень, маючы толькі адзін выходны, у нядзелю.
Паколькі турэмная бібліятэка ўжо амаль уся прачытана, Андрэй чакае прывозу ў калонію новых кніг, якія можна будзе купіць.
«У чэрвені ў нас будзе кнігарня. Наколькі я разумею, больш-менш верагодна, што могуць прывезці кнігі, якія ёсць у інтэрнэт-краме «Белкнігі». Мо там ёсць нейкія навінкі, якія неабходна прачытаць? Ці прадаецца там гістарычнае Арлова? Ці ёсць вершы Караткевіча, Жылкі, Бураўкіна, Гілевіча? З прозы — Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, Павел Пруднікаў, Андрэй Мрый, Павал Касцюкевіч, Уладзімір Ахроменка, Максім Клімковіч, Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч, Дзмітры Горчаў, Таццяна Заміроўская, пераклады Сяргея Шупы, Васіля Сёмухі» — дзеліцца надзеямі Андрэй.

«Салжаніцын апісваў сваю камеру, а мне здавалася, што ён знаходзіцца проста тут»

Падрабязна апісвае палітвязень Андрэй Шляпаў сваё знаёмства ў зняволенні з Максімам Знакам, які дапамог яму ў выбары кніг.
«Мая першая просьба да Максіма — даць параду наконт выбару літаратуры. Ён вельмі шмат чытаў — больш за 330 кніг за год. Гэта прыкладна па адной на дзень. Усе 13 кніг, якія я прачытаў у СІЗА, былі паводле парады Максіма. Першыя часы ў камеры мне было вельмі цяжка чытаць: шум, праверкі і г д, але потым прызвычаіўся.
Я доўга чытаў «Архіпелаг ГУЛАГ». У гэтай кнізе ёсць абзацы ці нават цэлыя старонкі, дзе можна ўбачыць паралелі з нашым часам. Салжаніцын апісваў сваю камеру, а мне здавалася, што ён знаходзіцца проста тут, таму што нічога не змянілася, і я бачу гэта ўсё наяве. Яшчэ я там прачытаў «Палёт над гняздом зязюлі», «Кніжны злодзей», «Калымскія аповеды» і іншыя кнігі. Калі сукамернікі бачылі, што я чытаю Салжаніцына і Шаламава, то казалі: "Няўжо табе мала турмы ў турме?" А мне сапраўды было цікава. Я разумеў, што пра гэта трэба ведаць».