Як жартавалі з Янкі Купалы

З дзяцінства мы засвоілі, што Янка Купала — Пясняр беларускага народа. Аднак ці ведаеце вы, што ён не толькі любіў пажартаваць, але і сам станавіўся аб’ектам досціпаў?

kupala4.webp

Беларускі Гудзіні, або Як Купала стаў ахвярай уласнага тролінгу

З ліпеня 1941 года Янка Купала з Уладзіславай Францаўнай жылі ў Пячышчах — рабочым пасёлку на захадзе Татарстана. Аднойчы да іх у госці пехатой прыйшоў пісьменнік Міхась Машара і зрабіў прапанову, ад якой цяжка было адмовіцца: пераехаць у Казань, дзе ў гасцініцы ўжо сабралася знатная кампанія беларускіх літаратараў. Вагаўся паэт нядоўга, таму неўзабаве яны ўжо ехалі на вазку праз заледзянелую Волгу, каб потым перасесці на загадзя падрыхтаванае аўто, — піша «Будзьма!».
Прыбыццё Івана Дамінікавіча ў гасцініцу «Татарстан» можна было параўнаць са святам, бо ледзь не кожны вечар беларуская дыяспара цяпер збіралася ў яго пакоі. Паводле ўспамінаў, Янка валодаў пачуццём гумару, любіў тонкую іронію і ўмеў жартаваць. Не раз Машара і сам станавіўся аб’ектам досціпаў, калі трапляў на язык Купалу і Чорнаму. Напрыклад, у некаторых вёсках Заходняй Беларусі, адкуль паходзіў Міхась, гаварылі не «цэлы», а «цалы». Як ён ні стараўся вымаўляць правільна, але прывычка брала сваё, а сябры не стамляліся з яго пакепліваць, кожны раз скланяючы «цалы» на розныя лады. Урэшце Машара прыдумаў выхад: увогуле перастаў ужываць гэтае слова.

Янка Купала і Міхась Машара: гэты няёмкі момант, калі жарт абярнуўся супраць жартаўніка. Крыніца здымкаў: nlb.by

Янка Купала і Міхась Машара: гэты няёмкі момант, калі жарт абярнуўся супраць жартаўніка. Крыніца здымкаў: nlb.by

Неяк пасля снедання Іван Дамінікавіч звярнуўся да Міхася з просьбай занесці ў майстэрню гадзіннік (у ім было разбіта шкло, не трымаліся стрэлкі і верхняе вечка з цыферблатам). Сабраўшы ўсе дробныя дэталькі, Машара выправіўся з гасцініцы, аднак не ўлічыў істотны фактар: галалёдзіцу. Бразнуўшыся, ён моцна ўдарыўся рукой, аднак першым чынам схапіўся за гадзіннік. На шчасце, усё было на месцы, акрамя адной стрэлкі. Здавалася б, не такая вялікая страта, таму Міхась папрасіў майстра паставіць новую.
На другі дзень, атрымаўшы адрамантаваны гадзіннік, Купала адразу ж заўважыў падмену. Няўдалы памагаты мусіў расказаць пра свае прыгоды, і на тым гісторыя магла б скончыцца. Аднак праз некаторы час, калі кампанія сядзела за абедам, Янка пачаў распавядаць пра гэты выпадак, прычым так сур’ёзна і заклапочана, нібыта меў на ўвазе падзею гістарычнай важнасці. Падумаць толькі, трагічна знікла тая самая славутая стрэлка, якая была надзвычай дарагой яго сэрцу і ўяўляла сабой сапраўдны скарб! Тэму падхапіў Чорны, і пачалося сапраўднае следства: спаборнічаючы між сабой, яны на пару распісвалі прыгоды Машары з гадзіннікавай стрэлкай, нават паставіўшы пад сумненне яго сумленнасць.
З успамінаў Міхася Машары: «Спачатку лічылі, што я прысвоіў стрэлку. Калі пасля доўгіх разважанняў і доказаў не хапіла аб’ектыўных доказаў і фактаў на такую версію, узнікла здагадка, што я, па абыякавасці маіх адносін да гэтай каштоўнасці, проста ўпусціў яе, а потым, па ўласцівай мне паэтычнай няўважлівасці, асабліва да чужых каштоўных рэчаў, наступіў на стрэлку і, паслізнуўшыся на ёй, упаў і ўшчэнт паламаў стрэлку».
Пакуль прыводзілася безліч варыянтаў і здагадак, Уладзіслава Францаўна і сам Міхась не маглі стрымаць смеху, а «следчыя» захоўвалі максімальна сур’ёзны выгляд, нібыта і праўда разглядалі справу надзвычайнай важнасці. Аднак на наступны дзень сітуацыя карэнным чынам змянілася: за абедам Купала маўчаў і час ад часу спыняў на Машары свой позірк. А калі Чорны зноў завёў гутарку пра здарэнне, нечакана выдаў: «Браце Кузьма, далібог, не ведаю, што робіцца з маім гадзіннікам. Сёння ўстаў раніцой, зірнуў на гадзіннік і здзівіўся. Бачу — зноў мая старая стрэлка на месцы. Што за цуд, сам не ведаю».
Зноў пачалося следства, у якім удзельнічала і Уладзіслава Францаўна:— А можа, яна там і была, — запытала яна, а новую ты толькі выдумаў?— Як гэта выдумаў? Добра бачыў — новая!— Чаму ж ты яе нам не паказаў?— Я ж, здаецца, паказваў табе, Кузьма?— Ды не, — адказаў той, — ты, відаць, Янка, без дай прычыны зняславіў чалавека. Бачыш, і я, не распытаўшы броду, сунуўся ў воду. Паверыў табе па старой дружбе. Падтрымаў... А што выходзіць... Як жа я Міхасю цяпер у вочы глядзець буду? Ты пра гэта падумаў ці не?
Урэшце Купала выказаў меркаванне, што Машара — чараўнік. Пасля гэтага жарты пасыпаліся ўжо на Янку, які нічога не разумеў. І сапраўды, што здарылася? Аказваецца, справа тут не ў магічных здольнасцях Міхася, а ў прадбачлівасці Уладзіславы Францаўны, якая вырашыла «патроліць» свайго мужа.
Аказваецца, што ў дзень здарэння, дастаючы з кішэні рукавіцы, Машара заўважыў, як нешта бліснула на адной з іх. Гэта і была тая самая легендарная стрэлка, праз якую ўсё і пачалося. Узрадаваны пісьменнік хацеў расказаць усім навіну, аднак стрымаўся, знайшоў зручны момант і паведаміў яе толькі Уладзіславе Францаўне. А тая параіла нічога не казаць сябрам-жартаўнікам і дадала:
— Я раненька вазьму ў Янкі гадзіннік, а ты пойдзеш у майстэрню і пераменіш новую стрэлку на старую. Пакуль Янка будзе спаць, вернем яму гадзіннік. Пабачым, что з гэтага атрымаецца, як яны выкруцяцца.
Аперацыя «падмена» была выканана бездакорна, балазе аказалася, што гадзіннікавы майстар быў і пры самой гасцініцы. Літаральна за пяць хвілін паставілі старую стрэлку, а гадзіннік вярнулі на месца. Сам Купала ў гэты час спаў, не падазраючы, які жарцік падрыхтавала яму жонка. Што тут скажаш, цётка Уладзя і праўда паказала сябе вялікім камбінатарам.

Ці былі ў Купалы двайнікі?

kupala2.png

Калі пародыя выйшла не горшая за арыгінал (Янка Купала і Міхась Лынькоў). Крыніца здымкаў: nlb.by

У гэта цяжка паверыць, але ў сучаснай школе Пясняр беларускага народа атрымаў бы даволі нізкую адзнаку за чытанне сваіх вершаў. Хто мог бы гэта пацвердзіць? Ды хоць сам Іван Дамінікавіч, які пасмейваўся з уласнай манеры дэкламацыі «з дрыжонцам у глосе». Такога ж кшталту характарыстыкі сустракаюцца і ва ўспамінах сучаснікаў. Напрыклад, Максім Лужанін прыгадваў, што перад выступам Купала заўжды быў узрушаны, а калі выходзіў на трыбуну, дык хваляваўся яшчэ больш: «Каб саўладаць з сабою, ён паволі даставаў акуляры, праціраў іх, пасля адшукваў у бакавой кішэні пінжака рукапіс, глядзеў з-за шкельцаў на залу і потым пачынаў чытаць крыху дрыготкім голасам, расцягваючы некаторыя словы на ўдарных галосных».
А вось што ўспамінаў пра народнага паэта Міхась Лынькоў: «Янка Купала не быў прамоўцам. Ён не любіў выступаць ні з дакладамі, ні нават з кароткімі прамовамі. Ахвотней выступаў з чытаннем сваіх твораў. Праўда, дэкламатар ён быў не з лепшых, чытаў даволі аднастайна, манатонна...»
Своеасаблівая манера выканання нярэдка станавілася аб’ектам сяброўскіх пародый. Найбольшых поспехаў у гэтым дасягнуў Мікола Нікановіч — малады празаік, весялун і перасмешнік, які не толькі ўдала імітаваў Янку, а нават і апранаўся «крыху пад Купалу». Выступ пачынаўся па ўсіх канонах: прарабіўшы маніпуляцыі з акулярамі і пошукам рукапісу, Мікола прымаў адпаведную паставу і пад рогат прысутных заводзіў, напрыклад: «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...»
Аднаго разу маладыя літаратары, седзячы ў Доме пісьменніка на Савецкай вуліцы, дзяліліся ўражаннямі пра нядаўні выступ паэта. І раптам узнікла прапанова: а няхай Нікановіч пакажа! Той не прымусіў сябе доўга ўпрошваць і пачаў тэатралізаваную дэкламацыю «а-ля Купала». Раптам імпрэзу перарваў голас, вельмі падобны на той, які ўсе слухалі: «Анішто сабе выходзіць, ліханька!». Гэта сказаў сам Іван Дамінікавіч, які нячутна адчыніў дзверы.
Збянтэжаны імітатар густа пачырванеў і памкнуўся ўцякаць, аднак Купала затрымаў яго: «А ну, пачні спачатку!». Аднак парадыст зусім разгубіўся і не ведаў, куда падзецца ад сораму. Прысутным таксама стала няёмка, закурылі. А Купала не толькі не пакрыўдзіўся, але павёў усіх у буфет і нават падтрымаў Нікановіча: «Ведаеш, Міколка, ты практыкуйся, можа, я калі прыхварэю, дык заменіш. Толькі яшчэ раз праверу, паслухаю».
Яшчэ адным аматарам пародый лічыўся Міхась Лынькоў. Аднойчы быў запланаваны выступ на радыё, дзе ён павінен быў расказваць пра творчасць народнага паэта, а сам Янка — чытаць свае вершы. Аднак здарылася нечаканае: эфір пачаўся, а Купалы няма. Каб не парушаць графік, вырашылі пачаць і спадзявацца, што Іван Дамінікавіч далучыцца ў працэсе. Лынькоў чытаў свой артыкул, а калі справа дайшла да цытаты з верша (таго самага — «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...»), пачаў дэкламаваць, пераймаючы інтанацыю, дыкцыю і ўсе астатнія асаблівасці. Калі некалькі радкоў былі ўжо прачытаны, нехта крануў за плячо.
— А добранька ты перадражняеш мяне, Міхаська!— Стараюся... — адказаў той, крыху разгубіўшыся.
У сваіх успамінах Лынькоў сцвярджае, што гэтыя рэплікі трапілі ў эфір. Прычым Купала не сердаваў, а нават запэўніваў, што перадача прайшла яшчэ лепш: весела і ажыўлена. І нават хваліў свайго «двайніка»: «Ты, Міхаська, добранька дэкламуеш мае вершы!».

Віленскія барыкады

kupala3.png

Арыгінал кнігі з дарчым надпісам, які экспанаваўся ў музеі Янкі Купалы ў межах выставы «Досціпы ад класікаў»
Канстанцыя Буйло ўспамінае, як дзяўчынкай гадоў 14-ці яна прыехала ў Вільню і наведала рэдакцыю «Нашай Нівы». Віталі яе там Купала, Цётка, Бядуля, Гартны. Засядзелася позна, а тут раптам высветлілася, што няма дзе пераначаваць — усе знаёмыя з’ехалі на лецішча. Тады Янка прапанаваў ёй застацца ў рэдакцыі. Неяк няёмка, але што рабіць? Мусіла пагадзіцца.
Купала прынёс бутэльку лёгкага салодкага віна і яблык. Канстанцыя прасіла яго падэкламаваць вершы, аднак у паэта была іншая прапанова: «Не, я прачытаю табе маю п’есу «Паўлінка». Калі стаміўся, ён працягнуў ёй сшытак — дзяўчына дачытала да канца і горача хваліла новы твор. А потым пайшлі спаць. Здвалася б, хіба можа тут што цікавае здарыцца? Аказваецца, можа.
Канстанцыя заўважыла, што дзверы ў Купалаў пакой зачынены не шчыльна. Што было на той момант у яе думках, гісторыі невядома, аднак дзяўчына з гучным рыпеннем пачала прысоўваць цяжкі дубовы стол да дзвярэй. Імаверна, на поўным сур’ёзе думала, што сярод ночы паэт можа ўварвацца ў яе пакой.
Прайшло больш за 20 гадоў, і Купала падарыў ёй кнігу з такім надпісам: «Мілай Костцы на ўспамін аб Віленскіх барыкадах» (арыгінал — на фота). То-бок ён усё чуў і, напэўна, знатна парагатаў, пакуль Буйло цягала мэблю.
Гэты жарт Купалы лепей за дарагі каньяк. Бо ён настойваўся больш за два дзесяцігоддзі.