«Не загаснуць зоркі ў небе». Сусветны флэшмоб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
90 гадоў — гэта шмат ці мала? У межах чалавечага лёсу — адно доўгае жыццё. А ў рамках арганізацыі? Магчыма, не так і шмат, але не ў выпадку, калі арганізацыя праходзіць праз жорсткія рэпрэсіі, а многія яе сябры былі фізічна знішчаны. Гаворка пра Саюз беларускіх пісьменнікаў, які актыўна дзейнічаў з 1930-х і да 2020-х гадоў. Саюз быў ліквідаваны рашэннем суда ў кастрычніку 2021 года.
Арганізацыя ліквідавана, але беларускае слова па-ранейшаму працягвае жыць, і сёння ў падтрымку беларускіх пісьменнікаў творцы з усяго свету зладзілі адмысловы флэшмоб і стварылі паэтычную відэа-хрэстаматыю «Не загаснуць зоркі ў небе».
Флэшмоб стартуе ў Нью-Ёрку. У першым відэа верш Янкі Купалы «Прарок» чытае Сяржук Сокалаў-Воюш.
З чаго ўсё пачыналася
90 год таму ў Мінску пачала стварацца новая арганізацыя: Саюз пісьменнікаў БССР. Мінулыя суполкі былі знесены бульдозерам прапагандысцкай машыны, разнастайнасць не віталася, патрабавалася толькі адна афіцыйная лінія літаратуры. Пісьменнікі, якія пазбеглі рэпрэсій пачатку 1930-х, згуртаваліся для выжывання ў страшныя часы.
Чорная ноч беларускай літаратуры
На жаль, пасля ўрачыстага І пісьменніцкага з'езду ў чэрвені 1934 года рэпрэсіі не спыніліся і дасягнулі свайго апагею ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі беларуская літаратура страціла многіх найлепшых творцаў, нядаўніх заснавальнікаў Саюза пісьменнікаў: былі расстраляны Алесь Дудар, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Мойшэ Кульбак, Міхась Чарот... Сотні трапілі ў турмы і зніклі ў лагерах ГУЛАГа.
Да пачатку ІІ сусветнай вайны ў Саюзе пісьменнікаў заставалася ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, якія цудам пазбеглі арышту. Але арганізацыя працягвала працаваць.
Ад росквіту да ліквідацыі
Пасля вайны арганізацыя працягвала лабіраваць інтарэсы пісьменніцкай супольнасці. Дзякуючы спыненню масавага тэрору беларускай літаратуры ўдалося акрыяць. З'явіліся новыя выдатныя імёны, раз за разам выходзілі яркія кнігі прозы і паэзіі, крытыкі, перакладаў і драматургіі. Да апошніх дзён, пакуль гэта было магчыма, Саюз беларускіх пісьменнікаў імкнуўся падтрымаць усё добрае, што працавала на карысць нашай мовы і літаратуры, падкрэсліць найважнейшую ролю кнігі і чытання для развіцця грамадства. Тым не менш, 1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны суд РБ прыняў рашэнне аб ліквідацыі СБП.
Беларускае слова жыве
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў прапануе прыгадаць арганізацыю, якая не проста існавала, а актыўна дзейнічала з 1930-х і да 2020-х гадоў. Напярэдадні 90-гадовага юбілею СБП творцы з усяго свету прачыталі ўлюбёныя вершы паэтаў розных часоў, якія склалі паэтычную хрэстаматыю «Не загаснуць зоркі ў небе».
У флэшмобе бяруць удзел Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава, Зміцер Вайцюшкевіч, Анхела Эспіноса-Руіс, Кацярына Ваданосава, Сяргей Дубавец, Уладзімір Арлоў, Дзмітрый Плакс ды іншыя творцы.
Відэаролікі флэшмоба будуць выходзіць на ютуб-канале Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў двойчы на тыдзень. Падпішыцеся на канал, каб не прапусціць. Падтрымайце беларускае слова праглядамі і лайкамі.Чытайце беларускую кнігу, слухайце беларускае слова, якое выжывае і дзейнічае ў любыя, нават самыя неспрыяльныя часы.
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Літва