Іван Шамякін. «Ён такі ж, як і мы!..»

Маё жыццё і мая прафесія журналіста падарылі нямала памятных, адметных сустрэч і зносін з людзьмі вядомымі, неардынарнымі, творчымі. Сярод іх — Іван Пятровіч Шамякін.

Іван Шамякін, фота Уладзіміра Вітчанкі

Іван Шамякін, фота Уладзіміра Вітчанкі

Знаёмства

У той дзень мая маці прыкметна хвалявалася. Некалькі разоў перачытвала кароценькае пісьмо Барыса, у якім ён скорапісам паведамляў, калі будзе на Гомельшчыне і з кім, магчыма, заедзе дадому (тэлефон у той час быў толькі ў калгаснай канторы ды на пошце).
— Ну хоць бы напісаў дакладна, калі прыедзе і на колькі дзён. Ды яшчэ з такім чалавекам! — раз-пораз паўтарала наша маці, прыбірала-мыла хату, упарадкоўвала рэчы, папраўляла на этажэрцы кнігі, пры гэтым паставіла сваю любімую — «Глыбокую плынь» — на верхнюю паліцу лазовай этажэркі…
Нарэшце яна звярнулася да мяне і крыху старэйшага Паўліка:
— Схадзіце да Пятра і Мані і скажыце, што сёння вечарам прыедзе Барыс з Мінска, ды не адзін, а з Шамякіным!.. Няхай прыйдуць з дзецьмі, пабачацца, пагамоняць з такім чалавекам!..
…РАФік ціха падкаціў пад самую квортачку падвечар. З яго першым выйшаў брат Барыс, за ім сярэдніх гадоў мужчына ў вузкім капелюшы, нешта гаварыў Барысу. Да іх падышоў вадзіцель, аб нечым перамовіўся і стаў падаваць з РАФіка сакваяжы і сумкі.
Да іх прыспешылі мае старэйшыя браты: Коля, Пеця, Грыша, крыху воддаль стаялі нявесткі Клава, Маня, Соня…
Пазнаёміліся, пачалі гамонку, пасля гуртам пайшлі ў двор, адтуль — у хату…
А ў хаце — ужо накрыты стол! На ім было столькі прысмакаў! Маня прынесла свае выключнай смакаты наліснікі з творагам, Соня — марынаваныя белыя грыбкі, Клава — кумпячок, маці — «тушонікі па-велікаборску», яшчэ сала, салёныя агуркі, капусту, з чыгуна бабку, бярозавік…
Мы з Паўлікам заўважылі, што Шамякін такі ж, як і ў школьным падручніку па беларускай літаратуры. Значок дэпутата!
Вадзіцель Пеця аб нечым коратка пагаварыў з Іванам Пятровічам і Барысам, не прысеў нават за стол — паехаў хутчэй да сваіх бацькоў у суседні Рэчыцкі раён…
Як і водзіцца сярод велікаборцаў, людзей з дарогі трэба найперш накарміць. А накарміць жа было чым! Барыс раз-пораз частаваў-прапаноўваў паспытаць велікаборскія прысмакі Івану Шамякіну:
— Вось хвацкія грыбкі! А гэта бабка ды з печы, ды яшчэ са смятанай! Вельмі хвацкая!.. (Гэтае слова Барыс ужываў вельмі часта, калі трэба было прадставіць нешта новае, невядомае госцю.)
Тым часам ціхенька падкаціў «козлік» і завітаў старшыня нашага калгаса І. А. Рубан… І ўжо размова пайшла пра справы калгасныя. Іван Пятровіч запытаў пра ўраджай, заробкі, жыццё калгаснікаў, іх быт…
Я тады не на фота, а ў жыцці ўбачыў на пінжаку ў Шамякіна значык дэпутата з выявай сцяга і надпісам «Вярхоўны Савет БССР».
Пад зацікаўленую гамонку дарослых мы з Паўлікам між тым заснулі…

Браты Сачанкі  -  Іван, Пятро, Барыс, Алесь

Браты Сачанкі - Іван, Пятро, Барыс, Алесь

На другі дзень, раніцай, наша хата зноў напоўнілася знаёмымі галасамі. Сняданак зацягнуўся да поўдня.
Памятаю, мой брат Пятро прыйшоў да нас яшчэ на досвітку. Адзін, без Мані. Прыйшоў забраць мяне да сябе, каб пабыў з яго дзецьмі, меншымі за мяне Барыском і Валяй, бо яму і Мані трэба ўпраўляцца на Семенчы (мясцовае ўрочышча) з атавай… Зноў цёпла вітаўся, гаварыў з гасцямі маці, частаваўся-снедаў з імі, дачакаўся прыезду на РАФіку цёзкі, дапамагаў пісьменнікам збірацца і ўладкоўвацца ў дарогу на Мінск, цёпла развітваўся.І. П. Шамякін шчыра дзякаваў за такую цёплую сустрэчу ў Вялікім Бары. У яго быў лагодны настрой.
Госці паехалі, а мае старэйшыя браты, іх жонкі яшчэ раз селі за стол, частаваліся, у іх размове толькі і чулася:— Такі просты чалавек! Ён такі ж, як і мы. А які гаваркі! І ўсё яму цікава, і пра ўсё дапытваецца, і гаворыць жа па-нашаму!..

Прывітанне землякам

У 1977 годзе я прыйшоў з арміі і ўладкаваўся карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты», галоўным рэдактарам якой працаваў І. П. Сіманоўскі. Якраз набліжалася адметная дата — 60-годдзе «Вялікага Кастрычніка». Усе рапартавалі, чым услаўляюць, што робяць, каб сустрэць вялікую дату.
А што ў асветнікаў? Якія ў іх поспехі і здабыткі?! Пра гэта і вырашылі расказаць у спецыяльным выпуску газеты. Вырашыць — вырашылі, а хто будзе яго рабіць і складаць план? Вядома: моладзь рэдакцыі! А моладзі — тры чалавекі: Алег Куліцкі, я ды практыкант-пяцікурснік журфака Мікалай Шляк.
Нікуды не дзенешся: трэба, дык трэба! Пачалі найперш падбіраць характэрны раён, дзе і можна, «як у кроплі вады», адлюстраваць дасягненні савецкіх настаўнікаў. Тут нам падказаў сам галоўны рэдактар: Добрушскі раён, які ён ведаў, дзе некалі нарадзіўся, вучыўся, працаваў…
А хто будзе пярэчыць галоўнаму рэдактару, ды ў савецкі час?
Нам, траім, выдалі камандзіроўкі ў Добруш. Маўляў, едзьце, пішыце, заказвайце матэрыялы, рыхтуйце тэматычны нумар. Мы і паехалі! Назбіралі, назаказвалі матэрыялаў, як казалі тады, звонкіх і характэрных для той «слаўнай даты».
Мы чакалі ацэнкі, найпеш — галоўнага рэдактара. Ён нібыта быў задаволены. Але ж пазваў нас і шчыра сказаў:
— Добра вы папрацавалі! Вам дзякуй кажу толькі сваё, малайцы! Але лічу, што каб ён быў больш «звонкім», трэба, каб яго «ахрысціў» нехта з вядомых людзей — ураджэнцаў Добрушскага раёна.
Мы задумаліся…
І. П. Сіманоўскі, пэўна, ужо меў прапанову, таму мы скіравалі свае позіркі на яго.
— Вось каб згадзіўся Шамякін! Гэта б прагучала! — пасля паўзы працягнуў наш кіраўнік. Ён дапытліва паглядзеў на мяне; у гэтым поглядзе я заўважыў і просьбу, і параду, і ўпэўненасць…
Назаўтра я наведаў брата Барыса, расказаў пра рэдакцыйную задуму і ўзяў у яго хатні тэлефон Івана Шамякіна. Хоць Барыс папярэдзіў, што Шамякін у Малдавіі, вярнуўся ён ужо ці не — невядома.
Я патэлефанаваў на кватэру Шамякіна, бо сутнасць сваёй просьбы абдумваў шматкроць! На маё шчасце, да тэлефона падышоў сам Іван Пятровіч. Хрыплівым, прастуджаным голасам ён прызнаўся, што ў Малдавіі надта горача, усюды скразнякі, і ён прастыў, а ў цягніку дабавіў. Але ж заўтра на працы ў Саюзе пісьменнікаў абавязкова будзе, бо там шмат спраў. «Прыходзь у Саюз…»
Назаўтра ў прызначаны час я пастукаў у дзверы кабінета Шамякіна. Іван Пятровіч адчыніў дзверы сам і запрасіў прайсці.
— Пасядзі вось тут у крэсле, Алесь, пачакай… Я зараз дапішу!
Ён узяў чарнільную аўтаручку і засяроджана стаў пісаць. Пісаў хутка, размашыста, не звяртаючы на мяне ўвагі.
— Ну вось, Алесь, і напісаў! На, друкуй, ды нумар газеты прынясі, хаця б адзін!
— Іван Пятровіч, дзякуй. Усё зраблю, як вы кажаце, і ганарар таксама прышлем, — запэўніў я.
— І табе дзякуй! І маці, і братам у вёску таксама перадай маю ўдзячнасць за іх гасціннасць і пачастункі…
…З Саюза пісьменнікаў, памятаю, тады я літаральна выбег — радасны, узнёсла-шчаслівы, стрымгалоў імчаў на вуліцу Захарава, 42, дзе тады знаходзілася рэдакцыя «Настаўніцкай газеты». Калі зайшоў да Сіманоўскага і паказаў прывітанне Івана Шамякіна, ён ажно засвяціўся ад радасці, паціраў свае вялізныя далоні, хадзіў сюды-туды па кабінеце і ўсё паўтараў:
— Вось гэта ўдача! Вось гэта будзе цвік нумара!..

«Ты, Іван, пішаш праўду!..»

Паездкі на Гомельшчыну і наведванне нашай вёскі (і маці) сталі больш рэдкімі, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС… І ўсё ж яны былі. Насуперак таму гору і страху…
Аднойчы пісьменніцкі РАФік падкаціў да нашай хаты без папярэджання. Госці з Мінска заехалі ненадоўга — проста пабачыцца. Бабе Веры было пад восемдзесят!
У хаце яе не было, хаця і дзверы не на замку. Дзе ж яна магла быць?
Барыс здагадаўся: «Пад дубком!».
Гэты дубок пасадзіў наш бацька на ўзбочыне невялікай пелі, што была на нашых сотках. Пасадзіў як сімвал таго, што ў яго сем сыноў!
Дубок добра прыжыўся, раскашаваў! Пад ім можна было пасядзець, падумаць, паназіраць за ваколіцай. Да дубка вяла добра пратаптаная сцежка. Баба Вера сядзела там і, што самае дзіўнае, — чытала! Чытала кнігу. Ды якую? Свой любімы раман «Глыбокая плынь».
Іван Шамякін не паверыў, папрасіў патрымаць кнігу. Пагартаў зачытаныя старонкі, спытаў:
— Падабаецца?
— Яшчэ як падабаецца!
— А чым падабаецца?
Тут баба Вера задумалася, як больш дакладна адказаць. І нараспеў мовіла:
— Праўдай! Так, праўдай! Вось ты, Іван, пішаш праўду! Пішаш так, як было. А мой Барыс піша-піша праўду, а пасля нешта прыдумае, выдумае!..
Іван Шамякін, пачуўшы такое, заплакаў!..
Ён, пэўна, яшчэ ні разу не чуў такой шчырай ацэнкі сваіх твораў. Падышоў і пацалаваў маю маці ў шчаку.
Пасля ўсе прыселі каля дубка, пагаварылі ды паехалі на Мінск, бо вадзіцель Пеця ўжо нярвова паглядваў на гадзіннік…
Той згаданы дубок, ці ўжо добрае, разлапістае дрэва, — глыбока сімвалічнае, памятнае дрэва. Каля яго былі Іван Мележ, Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Мікола Мятліцкі, іншыя пісьменнікі. Але дуба таго ўжо, на жаль, няма!.. У Год навядзення парадку на зямлі старшыня выканкама Велікаборскага сельсавета загадаў наш дубок спілаваць. Дубок павалілі, разрэзалі на качачкі і прыбралі, кажуць, у двор таго старшыні…
Вось толькі ці стала ў Вялікім Боры больш парадку? Тут я мушу паставіць тлусты пытальнік…

Бліны бабы Веры

Такія бліны ўмела рабіць толькі мая маці! Учынёныя з рошчыны ў дзяжы, дзе замешвалі і хлеб, яны былі дужа пышныя і смачныя! Да іх падаваліся смятана і цэлая патэльня скварак з яечняй. І ўсё гэта — на сняданак!
…У той дзень Іван Шамякін, Барыс Сачанка і Мікола Мятліцкі заехалі да бабы Веры па дарозе на Мінск. Заехалі раніцай пабачыцца, праведаць. Але ж у нашай вёсцы без пачастунку гасцей не адпускаюць! Але чым пачаставаць «хлопцаў»? Яны прапанавалі самі: «Блінамі!».
Маці пачала замешваць бліны ў дзяжы вялікай драўлянай лыжкай. Пакуль гаварылі-гаманілі, і бліны паспелі, і ў печы нагарэла вуголля, і на стол знайшлося, што паставіць.

Баба Вера пячэ бліны

Баба Вера пячэ бліны

Селі, пасядзелі. Ды ехаць трэба ж! А бліноў тых, пахкіх і дужа смачных, цэлая горка! Як быць?
Выйсце прапанаваў Мікола Мятліцкі. (Тут я мушу ўдакладніць: Мікола пачаў працаваць у часопісе «Полымя». Ён таксама родам з Хойніцкага раёна, з вёскі Бабчын — з той вёскі, што і мая маці. Мікола — мой траюрадны брат.)
Выйсце было прапанавана дзіўнае, але выключна здагадлівае! Горку гарачых бліноў Мікола шматкроць загарнуў у бабін саматканы ільняны ручнік і схаваў пад свой швэдар. На жываце ў яго бліны і паехалі.
Ці далёка? Я пасля запытаўся ў Міколы пра тое падарожжа з блінамі на пузе… Мікола адказаў з уласцівым яму гумарам:
— Да Светлагорска хапіла!
Аказваецца, бліны бабы Веры елі ўсе па дарозе. Яны так смачна пахлі, што адкладваць на пасля не сталі, а елі на хаду, як тую піцу! Елі і ўспаміналі бабу Веру, жадалі ёй здароўя і доўгага жыцця!
На жаль, мая маці (баба Вера) пайшла з жыцця не з-за сваіх пражытых гадоў. Яе сканала радыяцыя…
Вось такія згадкі-ўспаміны ў мяне пра Івана Пятровіча Шамякіна. За пройдзеным, за мінулым часам ён бачыцца мне перш за ўсё простым і шчырым чалавекам. І ў гэтым, мне здаецца, яго вечнасць…
Верасень 2022 г.