Беларусь у творах замежных пісьменнікаў
Любая краіна так або іначай адлюстраваная ў літаратуры. І звычайна гэтае адлюстраванне стварае або наўпрост звязанае са шматлікімі стэрэатыпамі. Беларусь не так і часта сустракаецца ў творах вядомых замежных аўтараў.

PALATNO падрыхтавалі падборку кніг, у якіх можна сустрэць апісанні Беларусі і беларусаў.
Артур Конан Дойл
Стваральнік знакамітай серыі кніг пра Шэрлака Холмса ніколі ні ў Мінску, ні ў Беларусі не бываў, але адно апавяданне будучай беларускай сталіцы ўсё ж прысвяціў. Праўда, галоўны герой у ім — не самы вядомы дэтэктыў у свеце, а французскі вайсковец.

Дойл. Партрэт 1927 года. Фота: britannica.com
Эцьен Жэрар — брыгадны генерал французскага войска Напалеона Бонапарта, жыццяпіс якога складае серыю апавяданняў Артура Конан Дойла, укладзеную ў дзве асобныя кнігі. Сярод іншага, там ёсць апавяданне «Як брыгадзір наведаў Мінск». У ім апавядаецца пра тое, як Жэрар разам са жменькай верных яму салдат выпраўляецца ў беларускі горад у пошуках ежы. Адбываецца ўсё гэта ў час разгрому французаў расійскімі войскамі падчас кампаніі 1812 года.

Мінская ратуша». Малюнак невядомага аўтара 1800 года
Праўда, паводле апісанняў робіцца зразумела, што аўтар вельмі слаба ўяўляў сабе Мінск. Яны даволі агульныя і пазбаўленыя ўсялякай канкрэтыкі. Прынамсі добра, што згадаў хаця б гарадскую ратушу, якая знаходзілася ў самым цэнтры места і была разбураная ў 1857 годзе.
Уладзімір Маякоўскі

Уладзімір Маякоўскі ў канцы 1920-х гадоў. Фота: vdnh.ru
Эпізадычныя згадкі Беларусі і Мінска ёсць і ў самага вядомага расійскага футурыста Уладзіміра Маякоўскага. Той час ад часу бываў у Беларусі, звычайна праездам, але зрэдку выступаў у Мінску. Нібыта ў яго быў раман з Сафіяй Шамардзіной — адной з першых беларускіх феміністак, якая працавала ў Наркамаце асветы БССР, а пасля стала жонкай Язэпа Адамовіча, аднаго з самых уплывовых беларускіх нацыянал-камуністаў у 20-х гадах.
У 1925 годзе Маякоўскі выправіўся за акіян, дзе пабываў у Мексіцы і Злучаных Штатах. Вынікам той вандроўкі стала вядомая кніга «Маё адкрыццё Амерыкі», якая пабачыла свет у 1926 годзе і вытрымала некалькі перавыданняў. Сярод іншага, Маякоўскі, гуляючы па Нью-Ёрку, згадвае бруд на мінскіх вуліцах, бо «в Минске очень грязно».

У 1929 годзе ён напіша даволі пафасны вершы «Они и мы», дзе, сярод іншага, прыгадае Негарэлае — невялікі пасёлак у Мінскай вобласці, які ў міжваенны час быў на самым краі савецкай імперыі. Бо ў Стоўбцах была ўжо першая станцыя з польскага боку:
Граница.Скука польская.Дальше —больше.От дождикаскользкаяпочва Польши.На горизонте —белое.Снегаи Негорелое.

Станцыя Негарэлае, 1938 год. Фотаздымак Джона Філіпса, які быў зроблены для часопіса «Life»
Сёння гучыць неверагодна, але тады праз гэты населены пункт ехалі многія сусветна вядомыя асобы: пісьменнікі, мастакі, палітыкі, навукоўцы. Больш за тое, у той час ён злучаў Азію з Еўропай, бо менавіта адсюль ішлі цягнікі ў Маньчжурыю і Уладзівасток на ўсход і да Парыжа на захад.
Уільям Сібрук
Чалавек складанага лёсу, нарадзіўся ў ЗША, пайшоў на Першую сусветную вайну добраахвотнікам, а пасля пакутаваў ад алкагольнай і наркатычнай залежнасць. Скончыў жыццё самагубствам у 1945 годзе.

Уільям Сібрук у Афрыцы. Фота: aimeecrocker.com
Ён марыў ствараць вялікую літаратуру і зрабіў для гэтага ўсе магчымыя захады. Сібрук — аўтар розных жанраў. У тым ліку займальных травэлогаў, дзе ён апісвае побыт розных народаў.
У 1938 годзе напісаў і выдаў кнігу «Гэтыя замежнікі: усе амерыканцы», дзе паспрабаваў праз жыццяпісы канкрэтных асобаў паказаць гісторыі розных людзей, якія прыехалі на выспу свабоды. У тым ліку і загадкавых «белых рускіх».
Па першым часе ў чытача можа скласціся ўражанне, што гаворка аб белых эмігрантах, якія выехалі з былой Расійскай імперыі пасля канчатковай перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне. Але гэта толькі да той пары, пакуль аўтар не сустракаецца з Язэпам Варонкам — адным з першых беларускіх эмігрантаў у Амерыцы міжваеннага часу.

Постар фільма «White Zombie», які быў зняты паводле кнігі Сібрука «The Magic Island», 1932 год
На вялікі жаль, аўтар не надта разумеў розніцы паміж беларусамі і расіянамі, але пакінуў гістарычны партрэт чалавека, які ў свой час адыграў ролю ў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Язэп Варонка. Выразка з беларускай прэсы першай паловы 1920-х гадоў
Стэнфард Нэйл Гербер
Амерыканскі этнограф Стэнфард Нэйл Гербер у 1985 годзе напісаў кнігу па назвай Russkoya Celo, дзе даследаваў побыт нібыта беларускіх эмігранцкіх вёсак у ЗША і Канадзе.

Стэнфард Нэйл Гербер. Фота: dignitymemorial.com
З гэтага тэксту вынікае, што амерыканцы нават у канцы ХХ стагоддзя слаба разумелі розніцу паміж беларусамі і рускімі. Яно і не дзіва, бо нават у масавай літаратуры — прыгадаем таго ж Філіпа Кіндрэда Дзіка, савецкі — гэта, лічы, поўны сінонім расійскага.
Заакеанскія аўтары не вельмі замарочваліся над тым, каб шукаць і знаходзіць сапраўдныя адрозненні паміж жыхарамі 15 рэспублік, з якіх складаўся Савецкі Саюз. У іх уяўленні ўсё гэта было прыкладна адной прасторай з падобнай культурай і мовай.

Стывен Кінг
Сусветна вядомы аўтар жахліўцаў, які зусім нядаўна заключыў дамову на выданне кніг па-беларуску з выдавецкім імпрынтам «Кнігаўка» Андрэя Янушкевіча, таксама звяртаўся да беларускай тэматыкі.

У ягоным навукова-фантастычным рамане «11/22/63» маюцца эпізадычныя згадкі Мінска. Галоўны герой — выкладчык англійскай мовы, які атрымлівае магчымасць вярнуцца ў мінулае, каб яго выправіць: не дапусціць гібелі Джона Кенэдзі і спыніць яго меркаванага забойцу.
Як вядома, Лі Харві Освальд некаторы час паспеў пажыць у сталіцы БССР: жыў у раёне плошчы Перамогі, на сённяшняй Камуністычнай вуліцы, працаваць хадзіў на завод «Гарызонт», па пакупкі — у ГУМ, а на танцы — у Дом Прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы.

Постар міні-серыяла паводле рамана Стывена Кінга
Але зноў жа аўтар звяртаецца да гэтага этапу жыцця Освальда эпізадычна, не занураючыся ў дэталі. Пры гэтым правінцыйная Амерыка 1960-х гадоў, схаваная ад чужых вачэй, паказаная ў кнізе вельмі добра. Тое самае тычыцца і міні-серыяла, які быў зняты паводле яе.

Лі Харві Освальд з жонкай Марынай у Мінску. Красавік 1961 года