Беларусь, якая чакае — літаратурная. «Гасцініца «Бельгія»» і яе жыхары
Напярэдадні «Ночы расстраляных паэтаў» наш фоташпацыр у межах праекта «Беларусь, якая чакае» будзе адмысловым. Сёння мы прапануем вам паглядзець на сучасны Мінск вачыма герояў рамана Ганны Севярынец «Гасцініца "Бельгія"».
Гістарычны раман Ганны Севярынец «Гасцініца «Бельгія» — сапраўдная жамчужына сучаснай беларускай літаратуры. Чарот, Купала, Маракоў, Колас, Глебка, Дудар... Гэтыя і шматлікія іншыя героі раману вядомы кожнаму, хто хоць трошкі цікавіцца беларускай культурай пачатку ХХ стагоддзя. Але ж легенды таксама былі жывымі людзьмі. «Гасцініца «Бельгія» — менавіта пра такіх вось жывых людзей, якія бываюць жорсткімі і пяшчотнымі, простымі і складанымі, натхнёнымі і спустошанымі. Чытаючы раман, увесь час мімаволі дзівішся таму, як падобная наша сучаснасць да падзей амаль стогадовай даўніны.
Безумоўна, мы пагодзімся з тым, што апроч Алеся Дудара ў рамане ёсць яшчэ адзін галоўны герой — горад Мінск. Аўтарка з вялікай любоўю ставіцца да кожнай вулачкі, сквера і завулка. Мы пачынаем наш шпацыр з вуліцы, якая зараз не існуе. Менавіта на вуліцы Правадной побач з Шкляным завулкам знаходзіўся родны дом Алеся Дудара. Цяпер на гэтым месцы дэпо Мінскага метрапалітэна.
Амаль кожны дзень у дзяцінстве, юнацтве і дарослым узросце Дудар пачынаў з гэтага маршруту. Па Маскоўскай, потым пад Заходні мост і ўжо далей па Савецкай.
У дзяцінстве Алесь вучыўся ў гімназіі Фальковіча-Зубакіна, і ягоны шлях да ведаў праходзіў праз Аляксандраўскі сквер і далей па Скобелеўскай. Зараз на месцы гімназіі стаіць будынак, у якім знаходзіцца гістарычны факультэт БДУ.
Канешне, шмат будынкаў, якія прыгадваюцца ў рамане, сёння не існуюць. Вайна і савецкая ўлада не вельмі клапаціліся пра гістарычныя месцы Мінска. Гасцініца «Бельгія» стаяла недзе тут. Ад яе была бачна «карункавая вежа Чырвонага касцёла». Касцёл пакуль на месцы.
Побач з чыгункай ля станцыі метро «Інстытут Культуры» захаваўся невялікі кавалак прыватнай забудовы. У гэтых дамах жылі тыя, хто працаваў на чыгунцы як бацька Алеся Дудара. Ёсць тут і некалькі дамоў, пабудаваных на пачатку ХХ стагоддзя — сучаснікаў Дудара і гасцініцы «Бельгія». Менавіта так выглядала ў той час большасць тэрыторыі Мінска.
Вуліца Рэвалюцыйная. Вялікая частка падзей раману адбываецца ў гэтых будынках. Як шмат маглі б яны распавесці пра сваіх наведвальніках натхнёных маладых паэтах, пра іх гарачыя спрэчкі. У будынку па вуліцы Рэвалюцыйная, 15 месціўся Інстытут Беларускай Культуры — «Інбелкульт», які потым быў рэарганізаваны ў Акадэмію Навук. Сёння тут знаходзіцца амбасада Швецыі.
Цікавы факт: за гэтым гістарычным домам літаральна ў некалькіх метрах знаходзіцца «Расейскі цэнтр навукі і культуры». Вось такая грымаса гісторыі і часу.
А мы крочым далей па Рэвалюцыйнай шляхам, якім Дудар з сябрамі прайшлі не адну сотню разоў. На пачатку гэтай невялікай вуліцы стаіць будынак, у якім у той час знаходзілася рэдакцыя часопісу «Штэрн», дзе працавала Наста Нарутовіч, каханая Дудара. Менавіта сюды ён прыйшоў да Насты калі вярнуўся са Смаленскай ссылкі. Яна чакала і дачакалася свайго Алеся.
Адсюль ужо рукой падаць да гасцініцы «Еўропа», дзе так любілі бавіць час і баляваць, марнуючы грошы, маладыя пісьменнікі. Вядома, што тагачасны будынак не захаваўся, тут шмат гадоў стаяла легендарнае кафэ «Пінгвін», у якім і побач з якім таксама збіраліся творчыя людзі. Месца такое, напэўна. Сёння тут стаіць нашчадак той самай «Еўропы», але пакуль гэта проста дарагі гатэль.
Ну, а гэты дом ведаюць амаль усе дарослыя мінчукі — калісьці тут было вядомае кафэ «Вясна». Але ж мала хто ведае, што да вайны на гэтым месцы знаходзіўся Дом пісьменніка, які наведвалі ўсе героі «Гасцініцы "Бельгія"». Унізе была сталоўка, а наверсе зала пасяджэнняў.
Крыху адхілімся ад нашага падарожжа, каб паведаміць, што домам пісьменнікаў альбо пісьменніцкім домам у Мінску завуць будынак на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Энгельса. У розныя часы тут жылі Скрыган, Шамякін, Караткевіч, Гілевіч, Глебка і шмат хто яшчэ.
Вяртаемся і крочым па вуліцы Камсамольскай, якая ў часы «Гасцініцы "Бельгія"» ўжо мела такую ж назву, але большасць мінчукоў звала яе па-старому — «Багадзельная». У той час вялікай папулярнасцю карыстаўся клуб «КІМ», які знаходзіўся на гэтай вуліцы. На сцэне клуба ставіліся спектаклі, у пакойчыках збіраліся маладыя паэты, чыталі і абмяркоўвалі свае творы. У «КІМе» было абвешчана аб стварэнні гурта маладых паэтаў «Маладняк».
У рамане прыгадваецца яшчэ вялікае мноства месцаў Мінска, наш сённяшні шпацыр не ахоплівае і траціны з іх. Гэта яшчэ адна нагода пазнаёміцца з героямі «Гасцініцы "Бельгія"». А мы наведаем чыгуначны вакзал, з якім звязаны шматлікія падарожжы Алеся Дудара.
Не абыйдзем, канешне, месца, дзе ў той час віраваў буйны рынак, на якім можна было набыць амаль усё — ад садавіны і парсюкоў да гарлачыкаў, талерак і палатна.
Татарская слабада ці татарскія агароды, якія амаль штогод накрываў свіслацкі павадак. Тады гэта быў край гораду.
Магчыма сёння, пабачыўшы сучасны Мінск, Алесь Дудар быў бы радасна ўсхваляваны. Шкло, бетон... «Халупы сваё ўжо аджылі», — казаў ён, назіраючы за руйнаваннем «Бельгіі» і за тым, як уздымаюцца да неба гмахі Дома ўраду. Але ж чамусьці зараз праходзячы побач з гэтым месцам я часам чую як «тужна і няспынна грукае на вятры незачыненая фортачка няіснай гасцініцы «Бельгія».
Тады руйнавалі не толькі халупы, але і надзеі і мары дзясяткаў і сотняў тысяч чалавек. Разам з шэрымі сценамі савецкіх будынкаў узнялася і шэра-свінцовая хваля рэпрэсій. Больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі было расстраляна ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, сярод іх 22 літаратара — Алесь Дудар, Міхась Чарот, Валерый Маракоў, Міхась Зарэцкі і шмат іншых. За што? Ды наўпрост за тое, што «хацелі беларускага на Беларусі».
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці ў прыватным паведамленні ў нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!