Ім было што сказаць. Менск, які памятае рэпрэсаваных пісьменнікаў

Беларускую літаратуру 1920-30-х гадоў стваралі хлопцы, чые таленты ўжо тады па сваёй моцы абяцалі зрабіць рэвалюцыю ў літаратурным працэсе. Але маладыя пісьменнікі, якія так прагнулі жыць і ствараць новую, беларускую Беларусь, трапілі пад рэпрэсіўны станок.

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец

Разам з літаратуразнаўцай, настаўніцай і пісьменніцай Ганнай Севярынец падчас «Фэсту экскурсаводаў» мы прайшліся сцежкамі яе рамана «Гасцініца «Бельгія»» і дакрануліся да лёсаў яго герояў — беларускіх літаратараў-маладнякоўцаў.
«Гасцініца “Бельгія”» — кніга, якой нам усім так не хапала. У ёй аўтарка карпатліва сабрала па дробках выцягнутыя з архіваў і ўспамінаў звесткі пра пляяду пісьменнікаў, якія за 10 – 15 гадоў змаглі б кардынальна змяніць аблічча беларускай літаратуры, калі б не трапілі ў жорны Вялікага тэрору. Але гэта не проста архіўныя звесткі, пра якія не пішуць у нашых школьных падручніках. Са старонак раману перад намі паўстаюць доўгі, імпульсіўны Шурка Дайлідовіч, ганарлівы волат Уладзь Дубоўка, рахманы Валька Маракоў і іншыя — жывыя людзі са сваімі эмоцыямі, характарамі, звычкамі, каханнямі, драмамі… Таму і кніга атрымалася, нягледзячы ні на што, — пра жыццё. А яшчэ раман зусім нечакана паказвае Менск такім, якім ён быў у 1920 – 1930-х з яго назвамі, будынкамі, пахамі, колерамі, гукамі і фактурай.

Літаратура гораду, а не вёскі

Для Ганны Севярынец яе «Бельгія» пачынаецца ля колішняга мінскага прадмесця Добрыя Мыслі, у раёне вуліцы Маскоўскай. Непадалёк віраваў Суражскі рынак, куды хадзілі жыхары бліжэйшых вуліц — у тым ліку і Правадной, дзе жыў Аляксандр Дайлідовіч — паэт, празаік і перакладчык Алесь Дудар  і куды бегалі прыкупіць такой-сякой смакатэчы да лошыцкага віна маладнякоўцы. Хоць вонкава шмат што змянілася, але тут усё яшчэ можна адчуць атмасферу, у якой пачыналася маладая, яркая, амбітная беларуская літаратура, якую цягам наступных дзесяцігоддзяў карчавалі з нашых бібліятэк і з нашай памяці.Зайшоўшы за рог Дому быта, мы бачым будыніну колішняга фармхімзавода, пабудаванага ў 1929 годзе. Тут вырабляліся першыя ў Менску медпрэпараты. Па гудку гэтага завода жыхары навакольных вуліц уставалі, дзеці ішлі ў школы.

Тут размяшчаўся фармхімзавод

Тут размяшчаўся фармхімзавод


Самым цікавым для дзяцей былі пляшачкі, у якія налівалі валяр'янку, лавандавыя кроплі. Сюды бегалі дзяўчаты, і кожная збірала сваю калекцыю такіх маленькіх каляровых пляшачак, — распавядае Ганна Севярынец.
Гэтае месца было далёка не цэнтрам горада ў 1920 – 1930-х гадах. Тут было шмат прыватнай забудовы, у якой жылі пераважна чыгуначнікі, а ў наваколлях цяперашняга Універсітэту культуры ляжала Францысканскае балота, дзе бавіла час хлапечая частка насельніцітва Правадной.
«Вуліца Правадная выцягнулася стромкай стужкай уздоўж рэек тэхнічнай веткі, што злучае Лібава-Роменскую і Маскоўска-Брэсцкую чыгункі. Гэта самая менская ўскраіна: цераз вуліцу Маскоўскую — Уборкі і лес. Затое праскочыў Лібава-Роменскую — і ты ў цэнтры, дзесяць хвілін, калі не надта спяшацца, да Захар’еўскай»,—– апісвае аўтарка вуліцу ў рамане.

Вуліца Фабрыцыуса ідзе паралельна колішняй Правадной

Вуліца Фабрыцыуса ідзе паралельна колішняй Правадной

Сёння трапіць на колішнюю Правадную немагчыма — на яе месцы цяпер дэпо метрапалітэна. Таму мы ідзем уздоўж яе па вуліцы Фабрыцыуса, якая так завецца з канца 1920-х у гонар Яна Фабрыцыуса, што камандаваў дывізіяй, якая вызваляла Менск ад палякаў. Як і цяпер, у тыя часы вуліца выглядала досыць неўладкаванай, змяніўся хіба што характар забудовы, якая напачатку мінулага стагоддзя складалася з прыватных дамкоў, прысадаў і агародаў.
Чыгуначнікі, якія засялялі Правадную, былі працоўнай элітай горада і жылі адносна заможна, маглі арандаваць кватэры. У «Гасцініцы “Бельгія”» неаднаразова падкрэсліваецца, што Алесь Дудар быў гадаванцам гораду і вёску не любіў. Увогуле, насуперак шматлікім міфам, маладая беларуская літаратура, якая нараджалася ў той час, шмат у чым была гарадской. І хлопцы з гарадскіх ускраінаў, якія яе стваралі, марылі, каб старасвецкі Менск быў зруйнаваны, і на яго месцы вырас сапраўдны «Горад Сонца».

Акурат за будынкам УУС стаяў дом, у якім жылі Дайлідовічы

Акурат за будынкам УУС стаяў дом, у якім жылі Дайлідовічы

Адметна, што імёнамі адразу трох жахароў Правадной названыя вуліцы ў сучасным Мінску. Гэта імёны Ісая Казінца, які ў час вайны кіраваў падполлем на фармзаводзе, Уладзіслава Галубка — першага беларускага рэжысёра-самародка, вандроўніка і тэатрала, і пісьменніка Алеся Дудара, чыя вуліца ў хуткім часе з’явіцца ў Лошыцы. Двое з іх — Галубок і Дудар — былі суседзямі і жылі на Правадной у доме №15А. Галубок узяў Дудара ў склад свайго вандроўнага тэатру, разам яны паўтара года ездзілі па ўсёй Беларусі. У гэтым жа тэатры гралі Міхась Чарот і Міхась Зарэцкі, і менавіта адтуль яны, маючы рускамоўную адукацыю, скіравалі сваю творчасць і жыццё да Беларусі.

Суседзі — Алесь Дудар і Уладзіслаў Галубок

Суседзі — Алесь Дудар і Уладзіслаў Галубок

Сям’я Дайлідовічаў здымала тры пакоі ў доме, і асобны пакой быў у Шуркі. Пазней сюды на сяброўскія пагулянкі і спрэчкі набіваліся дзясяткі літаратараў. Броўку, Глебку, Чарота, Зарэцкага — усіх пісьменнікаў, якіх мы цяпер вывучаем па падручніках, сям’я Дудара ведала, як сваіх родных. На Правадной часам трымалі Міхася Чарота, каб ён не паспеў «зарубіць» публікацыі ў «Савецкай Беларусі». Тут жа маладыя паэты сустракаліся з наркамам земляробства Прышчэпавым. Тут зазнаў усе свае арышты Алесь Дудар. 

У гэтым доме ўжо ў 1920-х быў вадаправод, і Дайлідовічы хадзілі сюды мыцца да сваіх знаёмых, якія жылі ў кватэры з гэтым балконам. Балкон размяшчаецца насупраць колішняга дому Дайлідовічаў, і з яго гаспадары кватэры махалі ім.

У гэтым доме ўжо ў 1920-х быў вадаправод, і Дайлідовічы хадзілі сюды мыцца да сваіх знаёмых, якія жылі ў кватэры з гэтым балконам. Балкон размяшчаецца насупраць колішняга дому Дайлідовічаў, і з яго гаспадары кватэры махалі ім.

«Было адчуванне, што яшчэ крышачку — і мы пачнем жыць па-новаму»

Ідучы па Фабрыцыуса, Ганна Севярынец распавядае, што ў гэтым раёне паўставала досыць шмат прадпрыемстваў: апроч фармхімзавода былі тут і шкляны завод, і малочны, з’яўленне якіх месцічы дужа віталі, бо гэта была пазнака новага жыцця. — Чаму людзі ў той час не заўважалі ні расстрэлаў, ні арыштантаў на вуліцах? Таму што адначасова ўся прастора вакол іх імкліва мянялася да лепшага. Паўставалі заводы і фабрыкі, знаходзілася праца. Калі абвясцілі НЭП, людзі пачалі багацець. Сапраўды, было адчуванне, што яшчэ крышачку — і мы пачнем жыць па-новаму.
Тым часам вынырваем з Фабрыцыуса на Маскоўскую, і бачым жоўтага колеру дом, пабудаваны напачатку 1930-х. Насупраць гэтага жоўтага дома па вул. Маскоўская, 8 жыў пісьменнік Платон Галавач, з якім Дудар не надта сябраваў, але з якім яны былі расстраляныя ў адну ноч. У адрозненне ад Дудара, якога спачатку не прымалі ў камсамол, а потым выключылі за пропускі сходаў і нясплату ўнёскаў, Галавач быў зацятым і шчырым камсамольскім работнікам. Як мы цяпер ведаем, гэта не выратавала яго ад пражэрлівай пашчы рэпрэсіўнай машыны.

Насупраць гэтага дома жыў Платон Галавач

Насупраць гэтага дома жыў Платон Галавач

Тут жа поруч, у дварах, адзін час была турма, дзе ўтрымлівалі палонных падчас польскай акупацыі. Некаторы час тут у зняволенні правяла Паўліна Мядзёлка. Трэба было мець вельмі моцны малады запал і веру ў будучыню, каб не заўважаць усяго гэтага, кажа Ганна Севярынец. Бо старэйшае пакаленне — Купала, Колас — зусім па-іншаму глядзелі на рэчаіснасць.

Калі словы набываюць моц

Заходні мост, пад які нырае Маскоўская, для Дудара, на думку Ганны Севярынец, быў псіхалагічнай мяжой паміж домам і горадам. Цяпер адсюль разыходзяцца дарогі на плошчу Мяснікова, вуліцы Савецкую і Бабруйскую. А ў часы Дудара з-пад мосту можна было трапіць на Падгорную (цяпер Карла Маркса), якая выводзіла да элітнай гімназіі Фальковіча і Зубакіна (там цяпер істфак БДУ), дзе вучыўся паэт. Калі пайсці проста па былой Новамаскоўскай, яна прывяла б акурат да «Маладняка». Мы ж рушылі па Савецкай, якая амаль сто гадоў таму вывела б нас наўпрост да гасцініцы «Бельгія».  

p4144995_logo.jpg

Той самы Заходні мост Пакуль ідзем, аўтарка раману распавядае пра характар свайго галоўнага героя. Напрыклад, ад маці Вольгі Іванаўны Алесь Дудар узяў у спадчыну цвёрдасць і ўпартасць. Ад бацькі ж паэту дасталіся эмацыйнасць і чуласць. А яшчэ Дудар увесь час міргаў — у яго быў такі нервовы цік. Міхась Зарэцкі выявіў Дудара ў асобе героя свайго раману «Крывічы» (той раман немагчыма знайсці, ён быў забаронены і ў Менску разам з першым томам Купалы пушчаны на абгорткі — у крамах у яго аркушы заварочвалі селядцоў). Прозвішча героя таго раману было Ліпен — таму што ён лыпаў вачыма.

У рамане пад Заходнім мостам адбываюцца шматлікія падзеі.

У рамане пад Заходнім мостам адбываюцца шматлікія падзеі.

Адкуль такая нервовая рэакцыя ў Дудара — можна толькі гадаць. Мо праз матчыну строгасць, а мо праз жахі, пабачаныя ў дзяцінстве, калі, ратуючыся ад Першай сусветнай, сям’я ехала 12 дзён на цягніку, і ў вагонах наўпрост з-пад дзяцей даставалі памерлых. У той час было багата падзей, якія пакідалі адбіткі на свядомасці і надавалі асаблівую вагу словам гэтых юнакоў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 16, 17, 18 гадоў. Ужо ў такім узросце ім было што сказаць, і дзякуючы гэтаму тагачасная беларуская літаратура набыла сваю моц.

p4144997_logo.jpg

Колішняя Новамаскоўская вуліца ішла акурат да «Маладняка»

Паэты і палітыка

Уласна гасцініца «Бельгія» стаяла на месцы цяперашняга Дома ўраду. Яе выявы даследчыкі пакуль не знайшлі. Вядома, што гэта быў прыватны драўляны дом на каменным падмурку, дзе ў свой час быў і зубны кабінет, і здаваліся кватэры, і жылі афіцэры НКУС. У сярэдзіне 1920-х гаспадар спрабаваў уладкаваць тут гасцініцу. Гэта было зручна, бо поруч знаходзіўся чыгуначны вакзал, з іншага боку — цэнтр, і кошты тут былі не самыя дарагія.

p4144999_logo.jpg

Дом ураду паўстаў на месцы гасцініцы «Бельгія»
У лістападзе 1925 года ў «Бельгіі» вырашылі пасяліць дэлегатаў з’езду «Маладняка». Гэтае літаб’яднанне было досыць моцным: у 1923 – 1925 гадах яно налічвала 500 сяброў, яго філіі былі ў многіх беларускіх гарадах. Пра амбіцыі і энергію «Маладняка» і маладнякоўцаў сведчыць хаця б такі эпізод: Паўлюк Шукайла і Янка Відук (Скрыган) прыехалі на з’езд, і з вакзала, каб даехаць да «Бельгіі», нанялі сабе фаэтон. Можна сабе ўявіць, з якім форсам яны ехалі — паэты!    
«Бельгія» была знесеная падчас пабудовы Дома ўраду. І гэта метафара, якую прыдумвае сама гісторыя. Гмах у 1930-х будаваўся як сімвал непарушнай, нязменнай улады, і Менск, які ўяўлялі як «Горад Сонца», стаў пераўтварацца ў горад гэтых шэрых гмахаў, якія расціскалі тое маладое, кіпучае, прыгожае, што грэла хлопцаў у 1920-х, — кажа Ганна Севярынец.
Хвалі новых паэтаў у «Маладняку» змянялі адна адну вельмі хутка: літаральна праз паўгода вырастала новае пакаленне. З часам у складзе аб’яднання адбыліся і ідэалагічныя разыходжанні. Тыя, каму важна было захоўваць маладую кіпучую энергію ў літаратурным працэсе, засталіся ў «Маладняку». Тыя, хто хацеў пераасэнсоўваць мастацтва і данесці сваё бачанне, у 1926 годзе стварылі «Узвышша». Тыя, для каго былі важныя кар’ера і сацыяльныя статусы, карысталіся і першым, і другім.

p4145015_logo.jpg

У Беларусі паэты не абмяжоўвалі свае зносіны выключна літаратурным колам. Да іх прыходзілі дзяржаўныя чыноўнікі рознага рангу, у тым ліку і тыя, хто займаў у рэспубліцы вышэйшыя пасады. Гэта адзначыў у справаздачы паводле працы сваёй камісіі Затонскі (ён даследаваў правядзенне нацыянальнай палітыкі ў БССР, і яго высновы сталі падставай для абвінавачанняў беларускіх дзеячаў напрыканцы 1920-х). Затонскі пісаў, што ў БССР склалася нездаровае становішча: вельмі шчыльна паміж сабой стасуюцца органы дзяржаўнай улады і літаратары, і часам палітычныя рашэнні не прымаюцца, пакуль не будуць абмеркаваныя з паэтамі і пісьменнікамі.

Слёзы пісьменнікаў

Многія наракаюць, што беларуская літаратура слабейшая за тую ж рускую, што ў нас няма сваіх «Вайны і міру», беларускія літаратары пачатку мінулага стагоддзя — увогуле неадукаваныя, а вершы беларускіх паэтаў і блізка непадобныя да творчасці Блока і Брусава. Але Ганна Севярынец перакананая: проста сама наша літаратура ў той час яшчэ не дарасла, не прайшла свой шлях па гістарычных прычынах.

p4144964_logo.jpg

Кожны з іх (беларускіх пісьменнікаў 1920-30-х. — НЧ.) па моцы сваёй быў творцам не горшым, за тых жа Блока і Брусава, і гэта даказваюць іх пераклады рускіх, украінскіх, нямецкіх, польскіх паэтаў. Пераклады 1920-30-х гадоў часцяком падаюцца мне лепшымі за сённяшнія, бо тады ў людзей за словам стаяла вага, гэта была не гульня ў рыфму, а праца з сэнсамі, — кажа літаратуразнаўца. — А самі гэтыя хлопцы ўвесь час самаадукоўваліся. Бібліятэка Дудара і сёння налічвае больш за 1000 тамоў — гэта калі ўлічыць, што прайшлі тры вобшукі, нямецкая акупацыя і галодныя савецкія часы.

У гэтым доме размяшчалася букіністычная крама «Дешевая книга», дзе маладыя пісьменнікі пакідалі значную частку сваіх заробкаў. З Масквы сюды прывозілі розныя рарытэты: напрыклад, можна было набыць кнігі з аўтографамі Талстога, Дастаеўскага і інш.

У гэтым доме размяшчалася букіністычная крама «Дешевая книга», дзе маладыя пісьменнікі пакідалі значную частку сваіх заробкаў. З Масквы сюды прывозілі розныя рарытэты: напрыклад, можна было набыць кнігі з аўтографамі Талстога, Дастаеўскага і інш.

Тым часам мы даходзім да колішняй вуліцы Багадзельнай, якая з 1920-х завецца Камсамольскай. Гэтая вуліца займала адно з цэнтральных месцаў у жыцці маладых беларускіх літаратараў. Калі стаць тварам да помніка Дзяржынскаму, то злева будзе будынак, на месцы якога ў даваенныя часы стаяў Дом пісьменніка. З ім звязана шмат гісторый, і адна з іх — драматычная. Унізе тут была сталоўка, дзе аднойчы выпівалі Дудар, Віцьбіч і Маракоў. А наверсе ў зале пасяджэнняў у той час ішло абмеркаванне сталінскай канстытуцыі і гучалі воклічы пра светлую будучыню. І раптам з вуліцы зайшоў Купала, але пайшоў не ў залу пасяджэнняў, а ў сталоўку.

За спінамі экскурсантаў некалі стаяў Дом пісьменніка

За спінамі экскурсантаў некалі стаяў Дом пісьменніка

 Уявіце сабе, які гэта сам па сабе выклік: піць унізе, калі ўверсе ідзе пасяджэнне, — звяртае ўвагу Ганна Севярынец. — Купала крыху пасядзеў з хлопцамі, і Віцьбіч папрасіў яго пачытаць нешта новае. І Купала пачаў чытаць «Над ракой Арэсай» — вершы выключна сацыялістычныя. Прачытаў і спытаў: «Ну як вам?» І хлопцы апусцілі вочы. І ён кажа: «Дзякуй вам, хлопцы. Бо ім там, наверсе, падабаецца». А калі сыходзіў, павярнуўся і напамяць прачытаў верш Дудара, і той ад нечаканасці заплакаў.

Вуліца Камсамольская — былая Багадзельная

Вуліца Камсамольская — былая Багадзельная

Увогуле, Дом пісьменніка бачыў шмат пісьменніцкіх слёз. Узгадваюць, як Валерый Маракоў паваліўся там на канапу і плакаў, кажучы, што лепей пайсці кінуцца пад трамвай ці самому здацца ў НКУС, чым чакаць, пакуль па яго прыйдуць. Яго нашчадак Леанід Маракоў прыводзіў лічбу, што з 2000 рэпрэсаваных па ўсім СССР пісьменнікаў было 500 беларускіх. Ужо ў той час вуліца Камсамольская паступова абрасла будынкамі, у сценах якіх многія з беларускіх інтэлігентаў пачатку мінулага стагоддзя зазналі катаванні.

У гэтым будынку размяшчалася радыё, дзе пісьменнікі чыталі свае вершы.

У гэтым будынку размяшчалася радыё, дзе пісьменнікі чыталі свае вершы.

p4145020_logo.jpg


Тут нейкі час размяшчалася рэдакцыя часопіса «Штэрн», які згадваецца ў рамане

Але было тут і месца для радасці. Унізе па Камсамольскай, дзесьці за сучасным будынкам МУС, стаяў клуб КІМ — камуністычны інтэрнацыянал моладзі, — дзе быў абвешчаны «Маладняк». Сам жа, як мы сказалі б цяпер, офіс літаб’яднання месціўся ў будынку па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15 — цяпер тут размяшчаецца Амбасада Швецыі. Гэта быў адзін з будынкаў, якія належалі Інбелкульту, і для «Маладняка» тут вылучылі пакойчык. Адначасова ў ім была і рэдакцыя аднайменнага часопісу, і месца сходаў. Адсюль, з гэтага пакойчыка, пачынаўся ўвесь літаратурны працэс маладой Беларусі. І сёння можна толькі марыць аб тым, якім бы ён мог быць, каб не адна ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. 


Алесь Дудар-гімназіст і Алесь Дудар, які зазнаў рэпрэсіі

Алесь Дудар-гімназіст і Алесь Дудар, які зазнаў рэпрэсіі

Фота аўтаркі