Праваслаўны святар зняў відэа пра Курапаты: «Нявывучаныя ўрокі гісторыі паўтараюцца»

Праваслаўны святар і відэаблогер Аляксандр Кухта размясціў на сваім youtube-канале «Batushka ответит» відэа, знятае ў Курапатах і прысвечанае ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Аляксандр Кухта. Фота: vk.com

Аляксандр Кухта. Фота: vk.com

Святар спасылаецца на апошняе даследаванне «Левада-цэнтра», паводле якога каля 40% расіян адчуваюць павагу да Іосіфа Сталіна. 
«Я разумею, што насамрэч за гэтымі лічбамі стаіць нейкі міф, мара чалавека аб моцным уладару, які прыйдзе, спыніць гэты татальны бардак, і стане добра», — каментуе бацюшка вынікі даследавання.
«Звычайна я не ўмешваюся ў падобныя размовы, таму што мая місія — казаць пра Хрыста, але ўсё мяняецца, калі людзі абсалютна сур'ёзнаапраўдваюць тое, што рабілася ў трыццаць сёмым годзе», — зазначае айцец Аляксандр.
 Святар зняў відэа ў Курапатах, у якім распавядае пра ахвяры сталінізму і пра тое, што ў Беларусі дасёння засакрэчаныя архівы НКУС.
«Курапаты для беларусаў — месца агульнанароднай памяці і болю аб тых страшных падзеях і злачынствах рэжыму, якія больш ніколі не павінны паўтарыцца», — перакананы айцец Аляксандр.
Напрыканцы відэа гучаць радкі з вершу Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», які многія лічаць неафіцыйным беларускім нацыянальным і рэлігійным гімнам.