Лукашэнка заявіў, што яму спрабуюць абвесціць вайну

Самаабвешчаны трымальнік тэрыторыі Беларусі пакрыўджаным тонам выказаўся пра краіны Балтыі і Польшчу.

luka_9.jpg

«Упэўнены, вы са мной пагадзіцеся, што зробленая Захадам у 2022 годзе беспрэцэдэнтная спроба абмежаваць нашы зносіны з вамі, свабодны рух (памятаеце) грузаў чыгуначным і аўтамабільным транспартам як з Расіі, так і з Беларусі — гэта спроба была асуджана на правал», — сказаў Лукашэнка.
На яго думку, раздзяліць штучнымі бар'ерамі Беларусь і Расію не атрымаецца.
«Але гэта небяспечна. Гэта ўжо эканамічная вайна.

І не толькі эканамічная, якую нам гэтыя вар'яты спрабуюць абвесціць. Потым няхай не крыўдзяцца.

Прытым, мы ж нікому не пагражаем. Мы проста захоўваем нашы інтарэсы — Беларусі і Расіі. Пакуль з цяжкасцю, але ўдаецца трываць усе гэтыя выхадкі. Але бясконца гэта працягвацца не можа. І таму кіраўніцтва балтыйскіх дзяржаў павінна гэта цудоўна разумець. Мы гэтыя цяжкасці пераадольваем», — заявіў Лукашэнка.


Нагадаем, Літва спыніла транзіт некаторых расейскіх тавараў у Калінінград пасля ўступлення ў сілу санкцыяў Еўразвяза з-за ўварвання Расеі ва Украіну, якія ўступілі ў сілу ў сярэдзіне чэрвеня мінулага года. 13 ліпеня 2022 года Еўракамісія прыняла рашэнне, што Расія можа перавозіць падсанкцыйныя тавары па чыгунцы ў Калінінградскую вобласць і з яе праз тэрыторыю ЕС, але толькі для патрэб расійскага эксклава. Пасля гэтага Літве прыйшлося аднавіць транзіт.
Аналітык Аляксандр Фрыдман заўважаў:

«Ёсць Польшча і краіны Балтыі, якія не бачаць розніцы паміж Пуціным і Лукашэнкам і, адпаведна, схільныя да жорсткіх дзеянняў. Яны лічаць, што Лукашэнка ні на што не ўплывае, усе рашэнні прымаюцца ў Маскве, і як сябе ні паводзь з Мінскам — усё роўна нічога не зменіцца.

Усе дзеянні з мэтай не зрабіць Беларусь часткай гэтай вайны Лукашэнка робіць не таму, што баіцца заходніх санкцыяў, – проста гэта яму зусім не выгадна. Таму Польшча і краіны Балтыі дзейнічаюць жорстка, яны блакуюць паслабленне санкцыяў (у Еўразвязе вялася дыскусія наконт вываду беларускага калія з-пад санкцыяў), уводзяць нцыянальныя санкцыі. Ёсць іншыя краіны, у якіх і раней не было асаблівай цікавасці да “беларускага пытання”, а зараз яна ўвогуле знікла.

Кансэнсусу вакол Беларусі няма, выпрацаваць адзіную палітыку немагчыма, значыць, пакідаем усё як ёсць. Ну вось зараз Макрон кажа: санкцыі не ўводзім, а будзем Лукашэнку даводзіць іншым чынам, каб ён асабліва не актыўнічаў. Дык ён і сам не будзе гэтага рабіць».