Фрыдман: Адзін Лукашэнка ў абдымках Расіі, усе астатнія дыстанцуюцца

У СНД еднасці няма, відавочна, вайна стала ўдарам па постсавецкай прасторы хаця б таму, што ўсе постсавецкія краіны прымяраюць на сябе расійскі рэваншызм. «Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Лукашэнка ў абдымках Пуціна. Ілюстрацыйная выява, AP 

Лукашэнка ў абдымках Пуціна. Ілюстрацыйная выява, AP 


Лукашэнка падбухторваў кіраўнікоў спецслужбаў краін СНД на тое, каб яны паўплывалі «на палітыку ўнутры краіны, каб мы не разбегліся».
Прызнанні ў вялікай любові да Расіі суседнічалі з іншымі прызнаннямі: «Адзіная, напэўна, наша памылка, што мы не вырашылі гэтага пытання ў 2014—2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіне, ні гатоўнасці… Усё хацелі мірна неяк урэгуляваць. А яны за гэты час стваралі баяздольныя ўзброеныя сілы».
— Выходзіць, Лукашэнка шкадуе, што не дабілі Украіну ў 2014-2015 гадах, і заклікае спецслужбы краін СНД далучыцца да расправы цяпер?
— Гэта тыповая лукашэнкаўская рыторыка на ўсіх інтэграцыйных мерапрыемствах: змест асабліва не змяняецца, змяняецца толькі форма, — заўважае Аляксандр Фрыдман. — У прысутнасці чыноўнікаў з Расіі ён прызвычаіўся казаць тое, што падабаецца Крамлю: Расія змагаецца за новы справядлівы сусветны парадак, я на расійскім баку — надышоў час вызначыцца вам, каб згуртавацца і дасягнуць поспехаў. Гэта рыторыка разлічана пераважна на расійскую аўдыторыю: на саміце АДКБ такія заявы рабіліся ў прысутнасці Валодзіна, на сустрэчы кіраўнікоў спецслужбаў СНД — у прысутнасці Бортнікава, тое ж самае Лукашэнка казаў і падчас саміту ЕўрАзЭс на мінулым тыдні. Лукашэнка з дапамогай такой рыторыкі дэманструе, што ён на расійскім баку, што ён падтрымлівае Расію, прычым не проста падтрымлівае, а заклікае да сумесных дзеянняў.


А ягоная фармулёўка пра тое, што «нам» трэба было вызначыцца з Украінай яшчэ ў 2014-2015 гадах (яна падкрэслівае, што ён дзейнічае разам з Расіяй, падзяляе палітыку Расіі), мне падаецца — гэта запазычанне пасля ягонай размовы з Пуціным. Мабыць, калі яны сядзяць удвух, то абмяркоўваюць, што зрабілі не так, у чым памыліліся. Вось і падхапіў гэтае «мы», цалкам салідарызаваўшыся з Расіяй, лічачы дзеянні супраць Украіны супольнымі дзеяннямі, што, безумоўна, падабаецца Расіі. Лукашэнка такі адзіны: відавочна адзіны на постсавецкай прасторы, увогуле ў Еўропе і адзін з самых блізкіх у свеце. Вось гэта ён усяляк падкрэслівае.
— Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў спецслужбаў краін СНД «паўплываць на палітыку ўнутры краіны, каб мы не разбегліся». То-бок краіны СНД разбягаюцца?
— Гэта рытарычны прыём Лукашэнкі, бо з прадстаўнікамі якой бы сферы ні сустракаўся, падкрэслівае, што ў гэтай сферы спецыяліст: прызначае Моластава кіраўніком Памежнага камітэта — падкрэслівае, што ён памежнік, размаўляе з ваеннымі — падкрэслівае, што і сам ваенны. А тут хацеў падкрэсліць, што ён і да спецслужбаў мае дачыненне. Для мяне ўся гэта тырада прагучала прыкладна так: мы з вамі ведаем, што такое спецслужбы і які ўплыў маюць — прасоўвайце гэтыя наратывы. Я б не звяртаў асаблівай увагі на гэтыя тырады: Лукашэнка, асабліва калі адыходзіць ад паперкі, імправізуе, таму я б не шукаў патаемных сэнсаў.
— Як постсавецкая прастора рэагуе на саюз Беларусі і Расіі, на расійскую агрэсію ва Украіне?
— Постсавецкая прастора выглядае вельмі аморфнай, расколатай — там няма адназначнай падтрымкі Расіі, на якую яна разлічвала. І няма ўспрымання Расіі як галоўнага фактара. Наадварот, шэраг краін СНД знаходзіцца на дыстанцыі ад Расіі: Малдова ўвогуле не прысутнічае, з Украінай таксама ўсё зразумела, Арменія і Азербайджан па-ранейшаму заняты сваімі канфліктамі. А краіны Сярэдняй Азіі ўсё больш і больш арыентуюцца на Кітай, нефармальны лідар сярод іх — Казахстан. Казахстан прытрымліваецца нейтральнай палітыкі і паказвае, што ў прынцыпе добрыя адносіны можна мець з Расіяй, можна мець выдатныя адносіны з Кітаем — і ніякім чынам не трэба сварыцца з Захадам. Сярэднеазіяцкія краіны спрабуюць выйграць у сітуацыі: не пераходзіць на чыйсьці бок і атрымліваць адпаведныя прэферэнцыі. Так яны і робяць: Расія Расіяй, а ўласныя інтарэсы — гэта ўласныя інтарэсы. Акрамя Беларусі, няма ніводнай краіны на постсавецкай прасторы, якая б так адкрыта стала на бок Расіі, усе занялі нейтральную пазіцыю. Прычым нейтральнасць гэтая мае розную ступень: нехта больш блізка да Расіі, як Кыргызстан, нехта больш аддаліўся — той жа Казахстан ці Узбекістан.
Еднасці няма, відавочна, вайна стала ўдарам па постсавецкай прасторы хаця б таму, што ўсе постсавецкія краіны прымяраюць на сябе падзеі ва Украіне: калі сёння гэта адбываецца з Украінай, то чаму гэта не можа паўтарыцца, напрыклад, у паўночным Казахстане? Постсавецкія краіны ўбачылі расійскі рэваншызм, яны ў рознай ступені гатовы да інтэграцыі, але не гатовы да інкарпарацыі, яны не гатовы жыць пад расійскай уладай, пад расійскім панаваннем. Ніхто не хоча быць Лукашэнкам. Вось Лукашэнка ці сам абраў, ці мусіў абраць ролю малодшага брата і ганарыцца ёю. Астатнім гэта не патрэбна.
— Калі постсавецкія краіны ўбачылі пагрозу расійскага рэваншызму, то чаму яны не бягуць ад яго?
— Яны ўцякаюць, але паступова, вельмі разумна, вельмі павольна. Уплыў Расіі істотна знізіўся, інакш Расія магла б дабіцца, каб яны хоць у ААН падтрымлівалі расійскі курс ці як мінімум не адмаўляліся ад галасавання. Аднак постсавецкія краіны пабачылі слабасць Расіі і паступова арыентуюцца на іншыя цэнтры. Напрыклад, Казахстану відавочна, што будучыня за Кітаем, таму галоўны цэнтр — Пекін, хаця і Масква па-ранейшаму адыгрывае ролю: і з эканамічнага пункту гледжання гэта важны чыннік, і губляць расійскі рынак яны не жадаюць, і працоўная сіла з сярэднеазіяцкіх краін працуе ў Расіі. Гэтыя фактары іграюць важную ролю, але яны робяць крокі, прычым рашучыя: чым больш усё гэта будзе працягвацца, тым менш прывабнай становіцца Расія. Расія ў міжнароднай ізаляцыі, Расія не мае доступу да найноўшых тэхналогій, Расію ўзначальвае таксічны Пуцін, супраць якога выдадзены нават ордар на арышт — постсавецкім краінам усё гэта не трэба. Таму асцярожна і кантралявана яны дыстанцуюцца ад Расіі, у абдымках Расіі — адзін Лукашэнка. Крэмль хацеў бы, каб усё СНД складалася з лукашэнкаў, але пралічыўся.
Калі Лукашэнка выступае з заклікамі да партнёраў па СНД, мне кожнага разу згадваецца прымаўка: а хіба я руды? Ён апелюе да іх, імкнецца даказаць ім, што не адзін ён такі: я з Расіяй, мы разам, мы ствараем новы свет, дык чаму вас няма побач? Лукашэнку няўтульна адзін на адзін з Пуціным. З аднаго боку, так, ён атрымлівае пэўныя эканамічныя прэферэнцыі, што толькі ўзмацняе каштоўнасць Беларусі як адзінага паплечніка, але быць ізгоем, які ўспрымаецца як чаляднік Пуціна, яму не падабаецца. Але куды Лукашэнку ісці? Захацеў бы рушыць на Захад, дык Расія не пусціць, а прарваў бы цудам аблогу, то хто яго на Захадзе прыме?
Трэба праводзіць нейкую лібералізацыю, трэба выпускаць палітвязняў, трэба паслабляць рэпрэсіі — усё гэта азначае паслабленне кантролю за грамадствам. Пасля 2020 года Лукашэнка на гэта пайсці не можа. Вось ён і апынуўся ў нявыкрутцы. Я не думаю, што гэтае становішча яму падабаецца.