Класкоўскі: Чаму Лукашэнка крыўдуе на расійскіх шавіністаў?

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі — пра прыхаваныя страхі беларускага кіраўніцтва і пагрозу «Палескай Народнай Рэспублікі».

_belarus_spectehnika_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Аляксандр Лукашэнка добры для апанентаў тым, што часам міжволі прагаворвае патаемнае. Выдае свае сапраўдныя пачуцці, якія дысануюць з яго ж прапагандысцкімі тэзісамі, падзяліўсяАляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Сёння кіраўнік Беларусі спачатку рытуальна падтрымаў маскоўскую агрэсію, а потым раптам абрынуўся на расіскіх жа «патрыётаў», якія нібыта падштурхоўвалі да яе Уладзіміра Пуціна.

Так і чыталася: а нам цяпер усё гэта расхлёбваць!

Ад «спецаперацыі» РФ кіраўнік Беларусі відавочна не ў захапленні

«Я абсалютна згодны з прэзідэнтам Пуціным, калі ён кажа пра тое, што не мы пачалі гэтую вайну», — заявіў Лукашэнка 1 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі органаў бяспекі і спецслужбаў СНД. Уплёў у гэты пасаж яшчэ і наратыў аб «карычневым перавароце» ва Украіне. Карацей, цалкам у духу крамлёўскай прапаганды.

І раптам — гэтакі плаўны пераход у фірмовым стылі — беларускі кіраўнік абрынуўся на ўльтрапатрыётаў Расіі. Маўляў, там «з 2014 года многія «свядомыя», як называюць такіх у Беларусі, вылі, крычалі, стагналі, патрабуючы абараніць расійскага чалавека ў Данбасе».

«Менавіта яны падштурхоўвалі да гэтага перш за ўсё. І ў нас таксама такія былі. Ну, абаранілі. І дзе гэтыя «свядомыя», разумныя, прасунутыя апынуліся? Хто праз Лачынскі калідор пабег, хто праз Беларусь спрабаваў бегчы, але, добра, што ў нас з Расіяй жорсткія правілы... Пачынаюць асуджаць кіраўніцтва Расіі — хто з Ізраіля, хто з Грузіі. А чаго вы асуджаеце? Вы ўчора былі заўзятымі прыхільнікамі гэтай аперацыі», — сказаў Лукашэнка.

Ён, як звычайна, крыху схітраваў: у эміграцыю з Расіі з'ехалі перш за ўсё тамтэйшыя лібералы і частка абывацеляў-пафігістаў, якім проста не хочацца гінуць у акопах. Турбапатрыёты ж нікуды не падзеліся і, наадварот, крытыкуюць Крэмль за нерашучасць на ўкраінскім кірунку. Маўляў, час мачыць па поўнай.

Але, так ці інакш, лёгка зразумець, што беларускі хаўруснік ад вайны супраць Украіны ў прынцыпе не ў захапленні. Пры жаданні можна прачытаць і такі падтэкст: стогны аб прыгнёце рускага чалавека на Данбасе былі штучнымі. І ў цэлым гэтая тырада выглядае не столькі апраўданнем нападу на Украіну, колькі пошукам крайніх на ўзроўні дзіцячай псіхалогіі, спробай сарваць на кімсьці ўласныя крыўды ды злосць. Вось, маўляў, уцягнулі нас гэтыя турбапатрыёты ў авантуру — цяпер не ведаем, як выблытацца.


Прывід «Палескай Народнай Рэспублікі»

І гэта праўда: нічога, акрамя галаўнога болю, саўдзел у агрэсіі рэжыму Лукашэнкі не прынёс. Здавалася, усё ўжо супакоілася пасля падаўлення пратэстаў 2020 года, закаталі праціўнікаў у бетон, выціснулі з краіны. Але вайна супраць Украіны стварыла новую, небяспечную рэальнасць.

У гэтай рэальнасці, напрыклад, паўстаў прывід адплаты — полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку Кіева. І сцэнар сілавой змены рэжыму ў Беларусі паступова пачаў набываць плоць і кроў.

Зразумела, што на сёння ён выглядае досыць спекулятыўна, гіпатэтычна. У каліноўцаў замала штыкоў (хутчэй за ўсё, толькі некалькі сотняў). Патэнцыял харугваў, створаных баявым крылом апазіцыі ў Польшчы і Літве, таксама, напэўна, пакуль сціплы. Рэкламуемы план «Перамога» — кот у мяшку (і сумнеўна, што пры цяперашнім узроўні страху ў краіне ў «тэрарысты» запішацца многа людзей).

Да таго ж толькі лянівы аналітык не падкрэсліў, што ПКК — частка Узброеных Сіл Украіны, таму так вось проста зняцца з-пад Бахмута і пайсці вызваляць Радзіму ад дыктатуры полк не можа. Кіеў жа на сёння ў цэлым працягвае гнуць вельмі прагматычную лінію ў адносінах з Мінскам — не хоча правакаваць.

Але ўкраінцы, напэўна, дакладна памятаюць, што менавіта рэжым Лукашэнкі даў Маскве плацдарм для атакі на Кіеў у лютым 2022-га і працягвае абслугоўваць «СВА». Проста час для адказу яшчэ не прыйшоў. Хоць намёкам на такую магчымасць, імаверна, была акцыя супраць расійскага самалёта на аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам.

Цяпер жа беларускае кіраўніцтва, відаць, не без унутраных дрыжыкаў прымярае на сябе сюжэты з прарывамі расійскіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, у Белгарадскую вобласць.

У сацыяльных сетках Крэмль троляць прывідам «Белгародскай Народнай Рэспублікі» — і нават ужо пачалі дражніць Мінск перспектывай якой-небудзь «Палескай Народнай Рэспублікі». Ці, калі хочаце, «Маларыцкай».

Між іншым, менавіта сам старшыня КДБ Іван Церцель яшчэ восенню мінулага года палохаў рабацяг МТЗ сцэнарам, калі групоўка «баевікоў» зойдзе «з тэрыторыі Украіны на нашу тэрыторыю прыкладна ў Маларыцкім кірунку» і «паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Мінска».

Цяжка сказаць, ці працуюць такія страшылкі ў патрэбным для ўладаў кірунку (згуртаванне вакол сцяга, мабілізацыя і іншае). Ужо вельмі непераканаўча ў гэтай карціне выглядаюць доблесныя сілавікі, процьму якіх напладзіў рэжым.



Саўдзел у агрэсіі ўзмацняе рызыкі для рэжыму

Увогуле, Украіна не толькі дала захопнікам па зубах на сваёй зямлі, але і крэатыўна стварае імперыі дыскамфорт і на яе ўласнай тэрыторыі. Хоць што такое яе ўласная тэрыторыя — пытанне само па сабе далікатнае. Вось Пуцін нядаўна казыраў картай XVII стагоддзя, на якой быццам бы няма Украіны. На справе аказалася, што там няма Расіі.

Больш за тое, нават Лукашэнка ў лепшыя для сябе часы геапалітычных манеўраў, у 2014-м, троліў Пуціна, нагадваючы, што «частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель калісьці належала Беларусі. Таму прыйдзецца падзяліцца». Цяпер, вядома, такой дзёрзкасці беларускі кіраўнік сабе не дазволіць. Але, як бачым, на расійскіх турбапатрыётаў усё ж наехаў. І тут ён мае рацыю: лепш не адкрываць скрыню Пандоры, заяўляючы гістарычныя прэтэнзіі на тыя ці іншыя землі.



Лукашэнка хоць і гуляў шмат гадоў у інтэграцыю з імперыяй, і дагэтуль паўтарае яе прапагандзе, але па сутнасці імперскімі наратывамі не гарыць. Яму заўсёды важней за ўсё было захаваць уладу над, як ён кажа, кавалкам зямлі пад назвай Беларусь.

Іншая справа, што дзеля захавання гэтай улады кіраўнік рэжыму настолькі прывязаў сваю краіну да Масквы, што цяпер з каляіны яе сатэліта выскачыць практычна немагчыма. А каляіна гэтая толькі памнажае і ўзмацняе рызыкі для рэжыму. У выпадку ваенных поспехаў Украіны праціўнікі Лукашэнкі атрымліваюць дадатковыя шанцы на змену ўлады ў сваёй краіне з апорай на, як яны выяўляюцца, кінетычную кампаненту.

Пакуль, яшчэ раз падкрэслім, гэта вельмі эфемерны варыянт. Але яго небяспеку раздзімае само кіраўніцтва рэжыму, у тым ліку і сілавікі. Лукашэнка сёння зноў палохаў тым, што «ў Польшчы, Літве і Украіне рыхтуецца сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі». Раней ён заявіў з нагоды магчымага «бунту» пры падтрымцы звонку: «Мы гатовыя, хай прыходзяць». А Церцель сёння пагражаў, што яго ведамства будзе дзейнічаць у духу сталінскага «Смерша».

І гэтыя заявы пры ўсёй бравадзе выступоўцаў, ускосна кажуць пра нервовасць уладнай верхавіны. Лукашэнка ж, наехаўшы цяпер на расійскіх шавіністаў, міжволі выдаў і сваю крыўду на тое, што яго ўлада, непапулярнасць якой паказалі пратэсты 2020-га, падвяргаецца дадатковым пагрозам з-за імперскай авантуры.

Пераклад «НЧ»