Саакашвілі: Расія распадзецца, а ў Грузіі будзе агульная мяжа з Украінай

Расія распадзецца, а ў Грузіі з’явіцца шанец вярнуць Абхазію, прадказвае экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

Фота: zerkalo.az

Фота: zerkalo.az

Зняволены былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прадказаў распад Расіі. Пра гэта ён паведаміў у пісьмовым інтэрв'ю з-за кратаў для праграмы «Дроеба» на апазіцыйным грузінскім тэлеканале «Формула».

Украіна абавязкова пераможа, лічыць Саакашвілі:

— Украіна абавязкова даб'ецца пералому на фронце. Захад вырашыў скончыць з рэжымам Пуціна, Расія пачне распадацца на простыя множнікі — у першую чаргу, гэта пачнецца з Паўночнага Каўказа... Усе, хто цяпер аслеплены чорнымі грашыма з Расіі ці палітычнымі мэтамі, хто робіць стаўку на пуцінскую Расію, вельмі сур'ёзна памыляюцца і ў выніку пацерпяць поўнае паражэнне…

Саакашвілі заявіў таксама, што лічыць свой арышт наўпроставым загадам кіраўніцтву Грузіі з Масквы: «Гэта загад Расіі ад пачатку і да канца, справа была распачата пасля таго, як я стаў актыўным ва Украіне ў 2014 годзе і стаў губернатарам Адэсы. Пуцін тады быў раз’юшаны і да гэтага часу ігнаруе заклікі з Еўропы і Украіны вызваліць мяне і ўзяць на лячэнне», — перакананы экс-прэзідэнт Грузіі.

Ён таксама піша, што распад Расіі дасць Грузіі шанец вярнуць Абхазію. З іншага боку, працэсы на Паўночным Каўказе могуць пацягнуць для Грузіі небяспеку «лекіаноба» — так называліся набегі горцаў у мінулых стагоддзях.

«Адзінае выратаванне — у Еўрасаюзе і ва Украіне», — піша Саакашвілі.

На ягоную думку, у будучыні Грузіі трэба рыхтавацца да агульнай мяжы з Украінай «дзесьці ў раёне Сочы».


«Адно мне ясна сёння: Расіі больш няма месца ў міжнароднай сістэме, і такая краіна перастане існаваць у наступным годзе — адпаведна, сыдуць і кіраўнікі, што знаходзіліся ў яе арбіце. Грузіі варта прыгатавацца да існавання з агульнай мяжой з Украінай, дзесьці ў раёне Сочы: па праграме ўкраінскіх нацыяналістаў іх мяжа праходзіць па Каўказе, і пасля перамогі ў вайне яны не дапусцяць далейшага існавання Расіі, тым больш што яны лічаць прычарнаморскія зямлі на Кубані і ўвесь Краснадар сваімі гістарычнымі землямі... мясцовыя жыхары на Кубані лічаць сябе ўкраінцамі».