Калі чакаць распад Расіі?

Прывід распаду зноў блукае па Расіі.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява


У 2015 годзе ў Расіі з'явіўся асаблівы крымінальны артыкул супраць прыхільнікаў тэмы распаду дзяржавы. «Распальванне якіх-небудзь дзеянняў, якія падрываюць уласную тэрытарыяльную цэласнасць Расіі» абвешчана крымінальным злачынствам.
Аднак, насуперак суроваму закону, размовы на гэты конт па вялікім рахунку ніколі не спыняліся. На старонках апазіцыйных і замежных СМІ агучваліся самыя неверагодныя сцэнары. Так, у 2015-м адзін з брытанскіх палітолагаў не выключыў магчымасці хуткага адраджэння казанскага ханства, якое разам з незалежным Крымам сфарміруюць уплывовы рэгіянальны татарскі геапалітычны цэнтр.
Дэбаты пра гіпатэтычны распад РФ ідуць насуперак забаронам нават на ўзроўні пуцінскіх палітолагаў. Апошнія, праўда, не вераць у перспектыву хуткага зыходу рэгіёнаў. Хутчэй яны фіксуюць вельмі небяспечныя трэнды, якія могуць з часам патэнцыйна прывесці да распаду адзінага дзяржаўнага механізму: сацыяльна-эканамічную няроўнасць, міжнацыянальныя адносіны, адчужэнне эліт ад народа, супрацьпастаўленне «крэатыўнага класа» астатняму грамадству.
Звяртаецца ўвага таксама на ўзмацненне эканамічнай адасобленасці рэгіёнаў адзін ад аднаго. Поўнач і Поўдзень Расіі, Сібір, Паўночны Каўказ жывуць у сваім свеце, што пры пэўных умовах можа запусціць больш інтэнсіўны працэс рэгіяналізацыі.
Так ці інакш, сёння назіраецца рэнесанс цікавасці на гэты конт. Прычына відавочная — вайна ва Украіне. Многія мяркуюць, што гэтая авантура абернецца для Расіі новым «парадам суверэнітэтаў» з удзелам рэгіёнаў і аўтаномій.
Аналітыкі дапускаюць, што мы станем сведкамі рымейку 1990-х, калі многія суб'екты федэрацыі спрабавалі заявіць пра сябе ў якасці суб'ектаў раўнапраўных з цэнтрам. Так мела месца спроба стварэння Уральскай рэспублікі. Праект заблакавала рашэнне Ельцына пра рэферэндум аб статусе рэспублікі. Затое падобны плебісцыт адбыўся ў Татарстане. У выніку татары замацавалі суверэнітэт у сваёй уласнай асобнай канстытуцыі.
У 1993 годзе па ініцыятыве кузбаскага губернатара Амана Тулеева пачалі гучаць заклікі да незалежнасці Сібіры. Але гэты працэс не знайшоў падтрымкі ў большасці жыхароў. Тады ж некаторыя фракцыі далёкаўсходняй эліты абмяркоўвалі ідэю аб аднаўленні Далёкаўсходняй рэспублікі (ДВР). Ну, і Чачня, як вядома, увогуле абвясціла пра сваю незалежнасць.
Увесь гэты ералаш узнік не на пустым месцы. Яму папярэднічалі падзеі, якія ў нечым нагадваюць нашыя дні. Гаворка пра развал эканамічнай матрыцы СССР. Рухаючай сілай эканамічнай дэзінтэграцыі, якая з часам спарадзіла палітычную, стала разбурэнне лагістычных ланцужкоў, якія існавалі ў рамках агульнасаюзнай планавай эканомікі.
Праблема тады вырашалася за кошт замяшчэння звыклых пастаўшчыкоў новымі, патроху адкрываліся магчымасці сусветнага рынка. Прадпрыемствы, якія не маглі знайсці рашэнні, закрываліся або ліквідаваліся, бо не вытрымлівалі глабальнай канкурэнцыі.
Паколькі прыватны бізнес быў развіты слаба, крытычнымі менеджарамі выступалі мясцовыя адміністрацыі, якія на нейкім этапе сканцэнтравалі такі рэсурс улады, што маглі весці з Крамлём дыялог практычна на роўных. Тым больш, што Масква нейкі час перыферыяй не цікавілася. Адсюль славуты ельцынскі заклік — «бярыце суверэнітэту колькі хочаце».
На гэты раз у Расіі разбураецца сувязь з глабальным рынкам і эканамічныя сувязі, якія ўзніклі ў яго рамках. Тэарэтычна дзяржава можа забяспечыць кампаніі інвестыцыямі, але крушэнне рубля робіць такі сцэнар малаверагодным на працягу бліжэйшых гадоў (для стабілізацыі і аднаўлення даверу да нацыянальнай валюты спатрэбіцца сур'ёзная праца, прычым эфектыўнай яна стане толькі пасля таго, як у рэальным сектары будзе дасягнута нейкае падабенства раўнавагі). Але нават калі грошай будзе навалам, устае пытанне — дзе ўзяць абсталяванне, тэхналогіі, кадры?
Ці не выкліча ўсё гэта рэцыдыў 90-х — хаос у сферы кіравання, аўтанамізацыю мясцовых эліт і адпаведна з'яўленне ў іх запытаў на большую самастойнасць? Парушыўшы постсавецкія межы, прэзідэнт Пуцін адкрыў скрыню Пандоры. Калі Крым, як ён сцвярджае, «гістарычна» належыць Расіі, то што казаць аб Калінінградзе, былым Кенігсбергу, які Германія страціла пасля Другой сусветнай вайны? Спасылаючыся на гістарычны прэцэдэнт пры жаданні кожны рэгіён можа абгрунтаваць сваё права на суверэнітэт. Асабліва аўтаноміі, дзе ёсць тытульная нацыя.
У чыстым выглядзе, вядома, паўтарэння працэсаў 1990-х не будзе. Расійскае грамадства моцна змянілася за апошнія тры дзесяцігоддзі. Ці будзе сапраўды калапс маштабаў 1990-х — таксама цяжка прагназаваць. Падтрымка Кітая, напэўна, часткова амартызуе наступствы санкцый. Заходнія кампаніі на фоне зыходу тэмы Украіны на другі інфармацыйны план могуць пачаць асцярожна вяртацца на рынак. Нарэшце, палітычныя трансфармацыі, выкліканыя эканамічным крызісам, могуць абсалютна пайсці ў іншы бок. Напрыклад, Кампартыя (самая буйная апазіцыйная сіла ў Расіі) спадзяецца на рэстаўрацыю СССР.
Зрэшты, у любым выпадку, эканамічныя выклікі і спробы іх вырашэння будуць уносіць карэктывы ў цяперашні палітычны статус-кво.