У Расіі крамам дазволілі не выдаваць папяровыя рахункі
Крамам дазволілі часова не выдаваць папяровыя рахункі, бо касавыя стужкі сталі дэфіцытам. Прынамсі, падаткавікі абяцаюць не штрафаваць.
Федэральная падатковая служба (ФПС) Расіі прыняла пастанову часова не штрафаваць крамы за нявыдачу касавага рахунку. Такое рашэнне прынялі ў сувязі з дэфіцытам касавай стужкі, паведамілі ва ўрадзе РФ. У бліжэйшы час крамы павінны перавесці на электронныя рахункі, паведамляе www.kommersant.ru.
Мінпромторг правёў нараду з пяцёркай найбуйнейшых вытворцаў касавай стужкі і гандлёвымі сеткамі пра тое, ці сапраўды няма на чым друкаваць касавыя рахункі.
"З улікам таго, што з'явіліся такія сігналы, ФПС Расіі прыняла пастанову часова не штрафаваць крамы за нявыдачу касавага рахунку. Але па патрабаванні грамадзяніна касавы рахунак павінен быць выдадзены. У бліжэйшы час плануецца пераход на электронныя рахункі", — заявілі ва ўрадзе Расіі.