«Горад вельмі моцна разбомблены»: Што адбываецца ў Шэбекіна Белгарадскай вобласці?
У горадзе Шэбекіна Белгарадскай вобласці 1 чэрвеня з-за абстрэлаў загарэўся інтэрнат, быў таксама пашкоджаны будынак гарадской адміністрацыі. Прынамсі пра гэтыя здарэнні заявіў кіраўнік расійскага рэгіёна Вячаслаў Гладкоў. Кадры з Шэбекіна ўражваюць. У горадзе не спыняюцца абстрэлы, з яго ўцякаюць жыхары. Агонь па горадзе вялі з РСЗА «Град».
«Рускі Добраахвотніцкі корпус» і Легіён «Свабода Расіі» сёння раніцай, 1 чэрвеня, заявілі аб новым рэйдзе ў Белгарадскую вобласць. Мінабароны РФ супакойвае: спроба ўварвання сарваная.
Што вядома?
Пра абстрэл горада расійскія ўлады заявілі на фоне паведамленняў пра новы рэйд на тэрыторыю Белгарадскай вобласці «Рускага Добраахвотніцкага корпуса» і легіёна «Свабода Расіі», якія ваююць на баку Украіны. У «Свабодзе Расіі» заявілі, што падчас рэйду «накрылі "Градамі" будынак паліцыі» ў Шэбекіна.
«Рускі Добраахвотніцкі корпус» (РДК) і Легіён «Свабода Расіі», якія ваююць на баку Украіны, раніцай 1 чэрвеня абвясцілі аб новым рэйдзе ў Белгарадскую вобласць. У відэа «Рускага Добраахвотніцкага корпуса» гаварылася, што ягоныя байцы знаходзяцца на мяжы паміж Расіяй і Украінай — і «зусім хутка з’явіцца ўскраіна Шэбекіна».
Удзельнікі «Свабоды Расіі», у сваю чаргу, таксама казалі, што знаходзяцца каля мяжы і збіраюцца рушыць на тэрыторыю Расіі, «каб прынесці свабоду, мір і спакой». Дакладны час запісу відэа не зразумелы, піша Meduza.
Baza паведаміла пра баі ў раёне памежнага пункта «Шэбекіна». Паводле звестак выдання, памежны пункт быў атакаваны «пры падтрымцы танкаў». Памежнікі і вайскоўцы ўступілі ў бой, «актыўная атака ля мяжы была адбітая».
Аператыўны штаб Белгарадскай вобласці заявіў, што «ніякага прарыву УСУ няма». А ўсе адваротныя сцвярджэнні — гаварылася ў заяве аператыўнага штаба — «з'яўляюцца ілжывымі і не адпавядаюць рэчаіснасці».
Пры гэтым у тым жа паведамленні гаварылася, што ў раёне Шэбекіна склалася «складаная абстаноўка, ідуць абстрэлы, чутныя гукі бою».
Кіраўнік Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў сказаў, што Шэбекіна знаходзіцца «пад бесперапынным агнём», у горадзе няма электрычнасці. Горад, напісаў ён у тэлеграме, абстрэльваюць у тым ліку з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град». У выніку абстрэлу, паведаміў губернатар, загарэўся будынак інтэрната, а будынак мясцовай адміністрацыі атрымаў пашкоджанні.
Паведамлялася, што пад агонь трапіў аўтобус, у якім эвакуявалі жыхароў Шэбекіна, але высветлілася, што ў момант абстрэлу ў ім нікога не было.
На гэты момант апошняе паведамленне Гладкова пра тое, што пад абстрэлам УСУ адразу некалькі населеных пунктаў Шэбекінскай і Грайворанскай акругаў. У Новай Тавалжанцы, паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць адзін пацярпелы: у мужчыны асколачнае раненне правага пляча. Ад траплення снарада загарэўся прыватны жылы дом. Выбуховай хваляй пасечаныя некалькі прыватных домаўладанняў... У вёсцы Козінка пацярпелых няма. Гараць два прыватныя жылыя дамы.
Паводле сацсетак, meduza.io