У чаканні цуду: што будзе, калі Лукашэнка сыдзе
Мы чакаем заканчэння расійска-ўкраінскай вайны ў надзеі, што перамога Украіны акажацца перамогай і нашай. Недамаганне Лукашэнкі падкінула яшчэ адну тэму — памрэ дыктатар, і ўсё «адразу стане добра». Не стане, піша Андрэй Сахневіч у «Белнавінах».
Мы жывем у чаканні падзеі, якая цалкам зменіць наша жыццё. Не мы самі зменім, а менавіта падзея. Самаўхіляемся, чакаем цуду і спадзяемся, што ўсё адбудзецца без нашага ўдзелу. Нам дапаможа Захад, ці падступны вірус падкосіць тырана, тады мы сябе пакажам. Будзем святкаваць, а потым наступіць дэмакратыя і багацце — еўрапейскі рай.
Я не кажу, што такая падзея немагчымая. Украіна, хутчэй за ўсё, атрымае перамогу, а Лукашэнка і Пуцін рана ці позна памруць. Да ўлады ў Беларусі нават можа прыйсці ліберальны палітык. Але пакуль мы не навучымся браць на сябе адказнасць, мы не пабудуем свабоднае грамадства.
Паспрабуем прасачыць лёсы чатырох былых рэспублік СССР — Беларусі, Украіны, Грузіі і Арменіі. Ва ўсіх у іх адна агульная рыса: у пэўны момант да ўлады прыходзілі больш менш дэмакратычныя лідары, але ў канчатковым выніку гэты выбар не атрымліваў развіцця. Наадварот, назіралася вяртанне да прарасійскага (імперскага) курсу. Ва Украіне гэта былі антаганісты Юшчанка і Януковіч, у Беларусі — Шушкевіч і Лукашэнка, у Грузіі празаходняга Саакашвілі змяніў прарасійскі Гарыбашвілі з Іванішвілі, а цяперашні прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян мяняе вектар з расійскага на заходні нават не паспеўшы даляцець з Масквы ў Ерэван.
Чаму так адбываецца? Адна з прычын — мы ўсе постсавецкія людзі з падобным светапоглядам, адпаведна і сацыяльнымі хваробамі. Гэта значыць, той самы праславуты Homo Sovieticus.
Чалавек савецкі — зусім не выдумка заходняй прапаганды часоў халоднай вайны, на жаль. Вядомы сацыёлаг Юрый Левада вылучыў асноўныя рысы гэтага «чалавека новага тыпу». Усе прыводзіць не будзем, аднак некаторыя адзначым:
- абыякавасць да якасці сваёй працы;
- заніжаныя амбіцыі;
- безадказнае падпарадкаванне любым дзеянням уладаў, прыстасаванства; ;
- гатоўнасць выконваць любыя, нават амаральныя распараджэнні;
- адсутнасць ініцыятывы і ўхіленне ад любой асабістай адказнасці.
З Левадам цяжка паспрачацца. Тым больш, што кожны можа назіраць праявы гэтых якасцяў у іншых людзях і сабе асабіста. Гэта тыя рысы, якія перашкаджаюць нам пабудаваць свабоднае, дэмакратычнае, рынкавае грамадства.
Доўгія савецкія гады нам паказвалі, што рабіць, спускалі план на чарговую пяцігодку (за тры гады). Якасць нікога не цікавіла. Галоўнае — паказчык у штуках, кілаграмах, метрах, і не бяда, калі «штукі» не працавалі, а метры ўсе былі крывыя і наўскос.
Заходняя цывілізацыя заснаваная якраз на процілеглых прынцыпах — на індывідуальнай ініцыятыве, асабістай адказнасці за кожны ўчынак.
Перш чым казаць пра светлую будучыню, нам неабходна прывесці дбайную рэвізію сваіх поглядаў. Але як гэта зрабіць цэламу народу?
Калі мы выціснем з сябе Homo Sovieticus, то ні Лукашэнка, ні Пуцін ужо не змогуць нам перашкодзіць. Ім не будзе месца ў абноўленай Беларусі. І, дарэчы, мы ўвесь час шукаем знешніх ворагаў — тыранаў, дыктатараў, а вось лютага ворага, ворага ў сабе не заўважаем. Гэта таксама нежаданне браць адказнасць.