Чуткі пра «смерць дыктатара» будуць суправаджаць Лукашэнку ўжо да фінала

30 траўня Лукашэнка прыняў начальніка Службы бяспекі Дзмітрыя Шахраева. Прапаганда толькі канстатавала сам факт сустрэчы — і ніводнай дэталі больш. Пра тое, што гэта была за сустрэча і навошта было яе апублічваць, «Новы Час» спытаў у палітычнага аглядальніка, гісторыка Аляксандра Фрыдмана.

_belarus_mohilki_starasc_zyccjo_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


— Такія сустрэчы звычайна публічна не праводзяцца, таму яна выглядае дзіўнавата. З іншага боку, прапагандзе трэба паказваць як мага большую актыўнасць Лукашэнкі — яна мусіць рэагаваць на чуткі пра яго нездароўе. Відавочна, што апошні ўкід пра крытычны стан Лукашэнкі (а гэта ўкід, прычым беспадстаўны) зачапіў сістэму, значыць, на падобныя ўкіды трэба адказваць актыўнасцю Лукашэнкі і максімальнай прысутнасцю ў публічнай плоскасці.

Чым яшчэ можна патлумачыць гэту сустрэчу? Яна выглядае вельмі недарэчнай, і нават смешна, што Лукашэнка публічна сустракаецца з тым службоўцам, які адказвае за яго бяспеку. Менавіта публічна сустракаецца. Прозвішча кіраўніка яго Службы бяспекі я пачуў толькі сёння, паколькі гэта непублічная асоба, у адрозненне ад астатніх сілавікоў. І тут адбываецца публічная, але разам з тым і таямнічая сустрэча (няма ні відэа, ні каментароў — нічога).

Лукашэнка сутыкаецца з тымі ж праблемамі, з якімі сутыкаецца ў персаналісцкіх сістэмах кожны дыктатар ва ўзросце, якіх пачынае падводзіць здароўе.

Калі Зімбабвэ атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі, у 1980-м да ўлады прыйшоў Мугабэ. У 2014-м яму споўнілася 90 гадоў, а ён усё яшчэ быў на сваёй пасадзе. Пачалі распаўзацца чуткі пра ягоную смерць, але ён заставаўся ва ўладзе і не збіраўся нікуды сыходзіць. У краіне панаваў жорсткі рэпрэсіўны рэжым. Апазіцыя была вымушана пакінуць Зімбабвэ (у асноўным усе яны перабраліся ў Вялікабрытанію і ў Паўднёвую Афрыку), там жа пачалі функцыянаваць незалежныя СМІ. У іх галоўная надзея была на тое, што змены ў Зімбабвэ адбудуцца тады, калі Мугабэ памрэ…

Было зразумела: унутры краіны нічога не атрымаецца, Мугабэ павінен сканаць — і толькі тады з’явіцца новы шанец для развіцця краіны. Таму апазіцыя рэгулярна запускала чуткі, у зімбабвійскіх незалежных СМІ  з’яўлялася інфармацыя, што Мугабэ дрэнна, што ён пры смерці, што ён ужо не ачуняе. Мугабэ сапраўды прападаў, пэўны час не з’яўляўся на публіцы — на сістэмныя чуткі пра «смерць» прапаганда мусіла адказваць абвяржэннямі. Але для самога Мугабэ чуткі пра смерць сталі сур’ёзнай праблемай, таму што ён рыхтаваў пераемніцу, у адрозненне ад Лукашэнкі. Мугабэ рыхтаваў у якасці пераемніцы сваю жонку Грэйс — на шмат гадоў маладзейшую за яго, вельмі непапулярную ў Зімбабвэ праз стыль жыцця (яна купляла дызайнерскія рэчы, рабіла шопінг-туры ў Еўропу, у той час як краіна знаходзілася ў жахлівым стане).

У адзін момант, калі Мугабэ надакучылі гэтыя чуткі, ён пачаў жартаваць: так, я сапраўды памёр, але ўваскрос. А жонка Грэйс увогуле дагаварылася да таго, што Мугабэ такі папулярны ў насельніцтва, што нават калі і памрэ, то яго і мёртвага абяруць.

Зараз з падобнымі праблемамі сутыкаецца і Лукашэнка. Што паказаў кейс Цапкалы? Не ведаю, ці мелі Цапкала з Балкунцом нейкія інсайды, калі заяўлялі пра крытычны стан Лукашэнкі. Але факт застаецца фактам: нягледзячы на тое, што пераважная большасць незалежных медыя першапачаткова гэту інфармацыю праігнаравалі, яна распаўсюдзілася ў беларускіх сацыяльных сетках, патрапіла ў замежныя выданні. Нават лукашэнкаўская прапаганда мусіла рэагаваць.

І што мы атрымалі ў выніку? Зараз Лукашэнка з’явіўся на публіцы, чуткі абверг, паміж Цапкалам, Балкунцом і Матолькам пачаўся скандал. Але эфект вельмі просты: чуткі вельмі моцна распаўсюдзіліся, хаця, здаецца, ніякіх падстаў гэтым разам для іх і не было. Для мяне гэта, хутчэй, прыкмета таго, што эфект Мугабэ будзе спрацоўваць і ў Беларусі: двойчы ўжо чуткі пра крытычны стан Лукашэнкі распаўзаліся. І будзе спрацоўваць і далей, а Лукашэнку кожны раз будзе непрыемна. Лукашэнка і Мугабэ маюць супольныя рысы: абодва жадалі выглядаць мача, Мугабэ колькі быў ва ўладзе, столькі і жадаў паказваць сябе моцным, апантаным, здаровым. Гэта не тыя людзі, якія будуць прыдумляць сабе хваробы або правяраць, як будзе рэагаваць атачэнне на іх хваробу. У лукашэнкаўскім выпадку такія праверкі могуць хутчэй дэстабілізаваць сістэму. 

Рэжым будзе суіснаваць з новай рэчаіснасцю: думаю, калі і не раз на месяц, але чуткі пра «смерць» дыктатара будуць з’яўляцца і далей. І кожны раз гэта будзе спрацоўваць.