Эксперт: За мінулыя 30 гадоў такім слабым Лукашэнку мы яшчэ не бачылі
Прапаганда паказала жывога Лукашэнку, але не дала адказу на пытанне, у якім стане ён знаходзіцца. Ці здольны ён далей выконваць свае абавязкі ў поўнай ступені? Не выключана, што сітуацыя з ягоным здароўем будзе асвятляцца па савецкіх лякалах, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
— Версіі розныя выказваліся. Пачынался ўся гісторыя з канспіралогіі: Лукашэнку атруцілі ў Маскве. Затым з’явілася версія, што ён проста адседжваецца, бо на Украіне адбываюцца сур’ёзныя падзеі. Пазней загаварылі пра праблемы з сэрцам, што ён апынуўся ў рэанімацыі, Латушка нават агучыў дыягназ «вірусны міякардыт». Пайшлі нават чуткі, што Лукашэнкі больш няма.
Усё гэта не здзіўляе: калі ў грамадстве пануе такая атмасфера страху, калі да Лукашэнкі праяўляецца такая агромністая асабістая нянавісць у значнай часткі грамадства, а ягонае знікненне звязваецца з надзеямі на перамены, то гэта вельмі спрыяльныя ўмовы для развіцця канспіралогіі. А сучасныя тэхналогіі толькі спрыяюць распаўсюджванню падобнай інфармацыі.
А вось афіцыйнай версіі як не было, так і дагэтуль няма. Прапаганда робіць нейкія няўцямныя намёкі на хваробу, але яна не жадае засяроджвацца на гэтай тэме. А цяпер прапаганда заняла ваяўнічую пазіцыю: жадалі пабачыць Лукашэнку — вось вам Лукашэнка. І гэтага Лукашэнкі чакаецца шмат: адсюль і фатаграфіі з каманднага пункта, і сустрэча з расійскім губернатарам, і нават ролік з падораным канём.
Пытанне ж адкрытае: цяперашні стан Лукашэнкі — гэта часовая з’ява, і хвароба адыйдзе альбо цяпер ён будзе знаходзіцца ў такім стане і далей, ці нават сітуацыя будзе пагаршацца? Ніхто не ведае, а сам ён не дазваляе асвятляць свае хваробы, таму прапаганда абыходзіць гэту тэму. Але бясконца рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, будзе цяжка.
А можа, прапаганда ў любым выпадку нічога не стане рабіць. Можна прыгадаць і савецкую практыку: калі Брэжнеў перажыў інсульты, ягоны стан пагоршаў і ўсе бачылі, што ён ужо здае, афіцыйных паведамленняў пра гэта не было. Цалкам магчыма, што сітуацыя з Лукашэнкам будзе асвятляцца па савецкіх лякалах: сёння паказалі такім, як ёсць, з месэджам «не задавайце лішніх пытанняў». Пакуль прапаганда імкнецца ўзяць колькасцю ягоных паказаў, а на сапраўды важныя пытанні (чаму рэтушуюцца здымкі, што ў яго з голасам, чаму ён ледзьве стаіць на нагах) яна не адказвае.
— Вы для сябе абралі найбольш рэалістычную версію?
— Я не медык. Але дыягназ, названы Латушкам, выглядае досыць пераканаўчым. Мне падаецца, што ў Лукашэнкі ёсць відавочныя праблемы са здароўем, у яго ёсць відавочныя праблемы з камунікацыяй, ён не можа не прызнаць, што ўжо немалады, нездаровы і што яму цяжка будзе выконваць далей свае абавязкі. А таму ад вобраза спартоўца, гульца ў хакей трэба будзе адмовіцца.
Гэта відавочныя рэчы. Усё астатняе залежыць ад сур’ёзнасці ягонага стану.
— Чаму ж прапаганда ўсё-такі вырашыла паказаць Лукашэнку? Атрымліваецца, што слабы Лукашэнка — гэта лепш, чым ягоная адсутнасць?
— Думаю, гэта вырашыла не прапаганда, а сам Лукашэнка. Можа, Эйсмант і прапанавала паказацца народу, але, на мой погляд, такія рашэнні ён прымае самастойна. Думаю, ён нейкім чынам адсочвае, што пра яго пішуць, а пішуць пра яго вельмі непрыемныя рэчы: яму жадаюць памерці, людзі радуюцца, што ён недзе не з’явіўся.
Думаю, важным чыннікам з’яўлення народу стала рэакцыя Расіі: дэпутаты Дзярждумы кшталту Канстанціна Затуліна, выказванні прэс-сакратара Крамля Пяскова — думаю, усё гэта паўплывала на Лукашэнку. І ўрэшце ён вырашыў паказацца на людзях.
А абавязак Эйсмант выглядае тэхнічным: падабраць найлепшыя здымкі, падабраць найлепшыя відэа. І тое, што нам паказалі, улада лічыць лепшымі здымкамі і лепшым відэа.
А тое, якім паказалі нам Лукашэнку ў камандным пункце, сведчыць пра нізкую прафесійную падрыхтоўку прапагандыстаў, дрэнны фоташоп. Але і тут нічога дзіўнага: у гэтай сістэме крэатыўнасць і імправізацыя не запатрабаваны, яны — толькі выканаўцы. А ва ўмовах, калі трэба рабіць маніпуляцыю на высокім узроўні, калі твой шэф не ў стане доўгі час працаваць, а табе трэба паказваць яго жывым і актыўным, трэба дзейнічаць крэатыўна.
Для той часткі грамадства, якая спадзяецца на перамены, надзеі на тое, што Лукашэнка можа быць хворым, можа быць слабым, можа быць не ў стане выконваць свае абавязкі, толькі павялічыліся. Для ўсіх, хто чакае канца эры Лукашэнкі, — гэта аптымістычны сігнал, нягледзячы на тое, што б далей ні адбывалася. За мінулыя 30 гадоў такім слабым Лукашэнку, што вымушаны рабіць крокі назад, мы яшчэ не бачылі.
15 траўня, паказаўшы Лукашэнку ў камандным пункце, прапаганда не выйграла. І сама зразумела па рэакцыі. 16 траўня яны зрабілі новую спробу пераламіць грамадскую рэакцыю: таму і былі здымкі і відэа з сустрэчы Лукашэнкі з расійскім губернатарам, таму наўмысна зрабілі і відэа з канём. Хаця, з пункту гледжання логікі беларускай улады, выглядае зусім недарэчна: робіцца відэа Лукашэнкі з канём (ладна шпіц — гэта амаль член яго сям’і, а каня ён бачыць першы раз), а ў цэнтры ўвагі менавіта конь. Гэта выглядае абсалютна гратэскна, асабліва для людзей, якія звыклі думаць і якіх прапаганда імкнецца падмануць.
Але, відаць, і сярод яго прыхільнікаў ёсць людзі, якія ўбачылі, што Лукашэнка ўжо не той.