Малдова выходзіць з СНД
Старшыня парламента Малдовы Ігар Гросу паведаміў 15 траўня аб рашэнні ініцыяваць працэдуру выхаду краіны з Міжпарламенцкай асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Штаб-кватэра гэтай арганізацыі-атавізму знаходзіцца ў Мінску.
Кіраўнік малдаўскага парламента заявіў наступнае: «Праз 30 гадоў стала цалкам зразумела, што прысутнасць Рэспублікі Малдова ў структурах СНД не дапамагла нам вырашыць прыднястроўскі канфлікт, вывесці расійскую армію з тэрыторыі, не абараніла нас ад эканамічных эмбарга ў самыя складаныя часы, — перадае яго словы выданне Point.md. — Знаходжанне ў СНД не абараніла нас ад энергетычнага шантажу пасярод зімы, пагроз і афіцыйных заяў, варожых незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Малдова. Знаходжанне ў СНД не абараніла краіны-ўдзельніцы ад ваенных нападзенняў, вайны і незаконнай акупацыі суверэнных тэрыторый. Пасля таго, як адна з яе дзяржаў-заснавальнікаў, Расійская Федэрацыя, па-варварску напала на іншую дзяржаву-заснавальніцу, Украіну, акупаваўшы тэрыторыі і забіваючы яе грамадзян, гэту арганізацыю ўжо нельга назваць супольнасцю», — сказаў Гросу.
На бліжэйшым пасяджэнні пастаяннага бюро парламента Гросу прапануе дэпутатам накіраваць запыт прэм'ер-міністру рэспублікі Дарыну Рэчану з просьбай падрыхтаваць законапраект аб дэнансацыі канвенцыі аб Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Паводле яго слоў, выхад Малдовы з Пагаднення — першы крок. На ўзроўні ўрада і парламента ацэньваюць наступныя крокі.
Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД) — міжнародная арганізацыя, закліканая рэгуляваць адносіны супрацоўніцтва паміж некаторымі дзяржавамі, якія ўваходзілі раней у склад СССР. Цяпер у СНД уваходзяць 9 краін: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Узбекістан. Грузія пакінула СНД у 2009 годзе, Украіна — у 2018.
Хутка застанецца 8.
Малдова мае намер далучыцца да Еўрапейскага саюза і дэнансуе пагадненні ў межах СНД. Пра гэта сказаў міністр замежных спраў краіны Ніку Папеску.
Па словах Папеску, Малдова збіраецца ўдзельнічаць у тых аб’яднаннях, якія паспрыяюць развіццю краіны ў еўрапейскай інтэграцыі.
«Пачынаем дэнансацыю Малдовай пагадненняў у межах СНД. Нашы дзяржустановы прааналізавалі мэтазгоднасць многіх пагадненняў, падпісаных у СНД, і ў гэтыя дні мы пачынаем працэдуру выхаду з некалькіх дзясяткаў пагадненняў. Мы дапоўнім і апублікуем гэты спіс. Толькі па лініі МУС дэнансуем каля 20 пагадненняў», — сказаў Ніку Папеску.
Міністр замежных спраў адзначыў, што Кішынёў удзельнічае прыкладна ў 330 пагадненнях у межах СНД.
«Малдова далучыцца да Еўрапейскага саюза, у яе абсалютна іншыя мэты ў знешняй палітыцы. Удзел у іншых аб'яднаннях будзе падпарадкаваны мэтам еўрапейскай інтэграцыі. Відавочна, што выхад з СНД або скасаванне гэтых пагадненняў, несумяшчальных з нашымі абавязацельствамі, працягнецца».