Яўген Магда: Выступленне Лукашэнкі перад спецслужбамі — «свіст на карысць бедных у кірунку Крамля»

Украінскі аналітык адказвае на пытанні «Свабодных навін» адносна сустрэчы Лукашэнкі са спецслужбамі краін СНД: пра страхі крамлёўскага васала і яго падлашчванне да «гаспадароў».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


— Лукашэнка распякаўся перад кіраўнікамі спецслужб СНД пра «інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне, распаўсюд загадзя ілжывай, фэйкавай інфармацыі». Захад, паводле яго слоў, вядзе гібрыдную вайну супраць Садружнасці, а галоўная мэта — «падрыў аўтарытэту нашых дзяржаў на міжнароднай арэне». І заклікаў спецслужбістаў «паўплываць на палітыку ўнутры краіны, каб мы не разбегліся». Якія страхі выдае гэты спіч?

— Сустрэча з кіраўнікамі спецслужб СНД — гэта замаскіраваны дыялог з кіраўнікамі расійскіх спецслужб. Я не ведаю, з якой прычыны ён вырашыў з імі сустрэцца — мабыць, каб паказаць: сітуацыя ў Беларусі пад кантролем. Насамрэч у гэтым пытанняў няма.

А інфармацыйна-ідэалагічнае ўздзеянне, распаўсюджанне фэйкавай інфармацыі... Няўжо Мінск вырашыў пайсці супраць Крамля? Бо менавіта Крэмль апошнім часам распаўсюджвае максімальную колькасць фэйкаў — не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце агулам. Шчыра кажучы, мне незразумелая гэтая смеласць, таму што Лукашэнка на самой справе становіцца ўсё больш і больш залежным ад Масквы, а тут ён проста адкрыта крытыкуе сваіх палітычных заступнікаў.


Калі ж прапануе нормы палітычнага вышуку, якія існуюць у Беларусі, перанесці на ўсе дзяржавы СНД, то гэта сведчыць не толькі пра заняпад СНД. Гэта яшчэ і пра тое, што ён такім чынам спрабуе ўмяшацца ва ўнутраныя справы гэтых краін. Але, ведаеце, спрабаваць умяшацца ва ўнутраныя справы ў Расіі — гэта само па сабе смешна, сапраўды гэтак жа, як і спрабаваць умяшацца ва ўнутраныя справы Казахстана. Бо прэзідэнт Такаеў ужо даў публічную водпаведзь заклікам адносна ядзернай зброі.

Украіна і заходнія саюзнікі не дапусцяць перамір'я для аднаўлення Расіі

— «Адзіная, напэўна, наша памылка, што мы не вырашылі гэтае пытанне ў 2014-2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіне, ні гатоўнасці... Усе хацелі мірна неяк рэгуляваць. А яны за гэты час стваралі баяздольныя ўзброеныя сілы», — прызнаўся Лукашэнка. Крайняя ваяўнічая рыторыка кшталту «Кіеў пратрымаецца 3-4 дні» вярнулася. З чым гэта звязана?

— Не лішнім будзе памятаць, што ў 2014-2015 гадах Лукашэнка, які сёння шкадуе пра тое, што «не развязалі пытанне з Украінай», пастаўляў ёй гаруча-змазачныя матэрыялы, тавары падвойнага прызначэння, і дагэтуль нямала абаронцаў Украіны ездзіць на МАЗах, можа быць, толькі без МАЗаўскага цэтліка. Ведаеце, гэтыя кракадзілавы слёзы па страчаных магчымасцях — свіст на карысць бедных, свіст на карысць бедных у кірунку Крамля. Лукашэнка як палітык вельмі разлічвае на людзей з кароткай памяццю, хоць, па вялікім рахунку, палітык павінен быў разлічваць на людзей з чыстым сумленнем. Але, думаю, ён баіцца, што пасля прыйдуць людзі з гарачым сэрцам і чыстымі рукамі — для яго гэта не самы лепшы варыянт.

— «Сёння ўжо Захад і амерыканцы хочуць нейкай паўзы ва Украіне, каб спынілася там стральба і іншае. Для чаго — каб выбары правесці. Перш за ўсё ў Злучаных Штатах Амерыкі. Няхай садзяцца за стол, і трэба дамаўляцца, каб спыніць вайну. А не шукаць нейкія шчыліны, каб на нейкі перыяд заціхарыцца, а потым зноў пачаць. Мы гэта ўжо шмат разоў праходзілі. Нас на гэтым не купіш». Упершыню чую, каб Захад выступаў за часовае перамір'е ва Украіне. Наадварот, Захад настроены падтрымліваць Украіну да перамогі. Ці я не маю рацыі?

— Здагадкі пра жаданне ўбачыць нейкае перамір'е — гэта чарговы раз, калі транслюецца расійскі парадак дня, гэта словы інфармацыйнага ад'ютанта Пуціна. Я думаю, хутка маскоўскі гаспадар можа звольніць Пяскова…


Бо ў спыненні агню ў немагчымай сітуацыі зацікаўленая перш за ўсё Расія, таму што спадзяецца такім чынам аднавіць свае сілы і з новымі сіламі нанесці ўдар па Украіне. Але мы ва Украіне і нашы заходнія хаўруснікі гэтага не дапусцім. Многія разумеюць, што сённяшняя сітуацыя ва Украіне з'яўляецца лакмусавай паперай для еўрапейскай палітыкі ў цэлым.

Пра будучы «дзяржпераварот» і палітычныя «знікненні»

— «У нас (у Беларусі) рыхтуюць сілавы сцэнар змены ўлады. Мы гэта бачым. І мы гэтага не дапусцім... Байцы рыхтуюцца ва Украіне, яны абкатваюцца на фронце. Некаторыя гінуць там з ліку збеглых беларусаў. Рыхтуюцца атрады ў Польшчы, Літве, Чэхіі для таго, каб у патрэбны момант перакінуць у Беларусь. І гэта ўжо не 2020 год, калі дзяўчаткі хадзілі ў белых кароткіх спаднічках з кветачкамі на дэманстрацыі. Людзі ўжо гатовыя прыйсці сюды са зброяй у руках». Любое слова супраць рэжыму азначае экстрэмізм, тэрарызм, спробу дзяржаўнага перавароту: а як жа, замахнуліся на святое! Чаго дамагаецца кіраўнік штодзённымі агучваннямі планаў па прадухіленні «тэрактаў» і «дзяржпераваротаў»?

— Калі я чую словы пра будучы «пераварот», то згадваю лёс яго палітычных апанентаў: Ганчара, Захаранкі і іншых. І разумею, напрыклад, чаму мог загінуць Павел Шарамет. Шарамета забілі ў Кіеве, ўзнікала нямала пытанняў — чаму? Беларускі след, па сутнасці, так і не быў раскрыты, хоць тады гаварылася, што наўрад ці да яго смерці датычныя беларускія спецслужбы. А цяпер, калі мы бачым развіццё сітуацыі, то можна прапанаваць самыя розныя варыянты…


І я разумею, што сёй-той сапраўды гэтага баіцца. Я думаю, у гэтым ёсць унутраныя страхі, проста не хапае разумення, што такім чынам чалавек часта прагаворваецца і выдае рэальную карціну.

Мінск як інфармацыйны ад'ютант Крамля

— Мінск адным з першых на постсавецкай прасторы стаў выдаваць чорнае за белае, выдуманае за рэальнае, хлусню за праўду. Ці можна лічыць беларускага кіраўніка аўтарам гібрыднай вайны?

— У яго ў руках ужо пабывала мая кніга, прысвечаная гібрыднай агрэсіі Расіі. Не ведаю, ці чытаў. Але насамрэч ён усё больш і больш становіцца інфармацыйным ад'ютантам Крамля. Гэта, безумоўна, на руку Расіі, але зусім не адпавядае інтарэсам Беларусі і беларускага народа.