Дзяўчынкі з букетамі — ідэальны праціўнік для «красаўцаў», гэта ж не хлопчыкі ў форме колеру хакі
Калі ты нацкоўваеш на дзяўчынак з кветкамі сваіх «красаўцаў», то трэба быць гатовым да таго, што іншым разам замест кветак будзе што-небудзь больш ўтылітарнае, нагадвае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Учора кіраўнік КДБ Церцель сказаў калегам з СНД, што ваенна-палітычнае становішча «вельмі складанае» і «нам трэба прыняць дадатковыя меры». А галоўны начальнік генерала Церцеля, звяртаючыся да іх жа, паскардзіўся, што «нікому мы не патрэбныя».
І я, вядома, трошачкі здзіўляюся ветлівасці калег генерала Церцеля. Ніхто ж з кіраўнікоў спецслужбаў краін СНД не ўдакладніў: «Не нам, прабачце, а вам» і «не мы, прабачце, а вы». Таму што складаную ваенна-палітычную абстаноўку беларускія ўлады выбралі сабе самі на сваю галаву. І ніхто іншы, акрамя, можа быць, крышачку старэйшага брата, у гэтай складанай абстаноўцы не вінаваты. Так што жаданне падзяліць гэту складаную абстаноўку з іншымі па-чалавечы цалкам зразумелае, але не трэба чакаць, што яно будзе ўзаемным.
А беларускім уладам, вядома, вельмі хацелася б падзяліць, і каб усё было ўзаемна. У абмен на ўзаемнасць сёй-той на гэтым тыдні нават прапаноўваў даць прэзідэнту Казахстана расійскую ядзерную зброю. Але прэзідэнт Казахстана не ўзяў. Так і не дабіўшыся ўзаемнасці ад умоўна дружалюбных прэзідэнтаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, сёй-той паспрабаваў учора завабіць кіраўнікоў іх спецслужбаў. Распавёў, адкуль рыхтаваўся напад, і нават, напэўна, паказваў сакрэтныя карты.
Таму што трывожна. Таму што ў гэтай складанай ваенна-палітычнай абстаноўцы зусім не хочацца заставацца сам-насам з Расіяй у поўнай адзіноце. Вось нездарма ўчора сёй-той ужо з настальгіяй успомніў 2020 год, калі дзяўчынкі ў белых спадніцах «хадзілі на дэманстрацыі з кветачкамі». Усё ж такі дзяўчынкі з букетамі для яго «красаўцаў» былі ідэальным праціўнікам. Лепшыя за іх толькі бабулі без кветак.
Але калі ты нацкоўваеш на дзяўчынак з кветкамі сваіх «красаўцаў», то трэба быць гатовым да таго, што іншым разам замест кветак будзе што-небудзь больш ўтылітарнае. А я неяк сумняваюся, што вопыт перамог над дзяўчынкамі ў белых спадніцах, які ёсць у беларускіх «красаўцаў», будзе рэлевантным супраць хлопчыкаў у форме колеру хакі.
Але раней за «красаўцаў» можна было не перажываць. Раней за спінай у «красаўцаў» была другая армія свету. А другая армія свету — гэта такая армія, якая магла б абараніць трапяткіх беларускіх «красаўцаў» і ад дзяўчынак, і ад бабуль, і нават ад дзяцей.
Але цяпер другая армія свету занадта занята гераічнай абаронай горада Шабекіна Белгародскай вобласці. І ёсць сур'ёзныя падставы меркаваць, што на дапамогу малодшаму саюзніку гэта армія зможа прыйсці не раней, чым возьме Кіеў за тры, добра, за чатыры дні.