Міністэрства Помсты

Больш за паўтара гады працягваецца паляванне на беларусаў. Апранутыя ў рознакаляровае адмысловае адзенне з пагрозлівымі надпісамі на грудзях і спінах мужчыны і мужчынкі, нібыта з амерыканскіх баевікоў класа «В», брава ламаюць дзверы, псуюць маёмасць, здзекуюцца з людзей. Першая думка, якая ўзнікае, — «Хто яны такія?» Потым ужо ідуць іншыя пытанні кшталту: «Ці законна гэта?» ды «Як гэта магчыма?»

img_0855_1_logo_3.jpg

Калі сябры паведамляюць, што затрыманы чарговы наш агульны знаёмец, то задаю першае пытанне: «Хто браў?». Насамрэч, гэта досыць важна!

КДБ — на 99 адсоткаў дакладна будзе сядзець доўга, ні за што, атрымае па самае ведаеце што. Амаль заўсёды сілавікі паводзяць сабе досыць карэктна, робяць выгляд адэкватных людзей.

Калі бяруць хлопцы з Рэвалюцыйнай, 3 (ГУБАЗіК) — адлупяць, паздзекуюцца, папсуюць, што бачаць, але шанец паехаць сур’ёзна за краты значна меншы, больш верагодна 15 содняў на Акрэсціна/Жодзіна/Магілёве ці «карусель» на содняў 30–60 без «крыміналкі».

Звычайная раённая міліцыя — такія мілыя, мірныя сарамлівыя хлапчукі. Проста, без нейкіх выбрыкаў, адправяць на 15 содняў за непадпарадкаванне. Будуць чырванець як Ісідор Якаўлевіч ды Павел Эмільевіч з бессмяротнага раману «12 крэслаў», але ж упарта выканаюць загад.

АМАП ды САХР выкарыстоўваюцца ўсімі вышэй узгаданымі па іх жаданні і імкненні нарабіць жаху пры затрыманні чарговага «экстрэміста».

Законамі ў гэтай краіне і не патыхае. Яшчэ гадоў 5-6 таму за гэткае любы раённы пракурор увечары таго ж дня (нават выхаднога) санкцыянаваў бы арышт гэтых выканаўцаў і бадзёра адрапартаваў аб выкрыцці чарговага міліцэйскага бязмежака, за што і атрымаў бы чарговую прэмію. Але зараз мы бачым дзіўнае адзінадушша ў барацьбе супраць іншадумства.

«Часам не да законаў» — гэтая мімаходзь кінутая фраза імгненна атрымала форму загада і адразу знайшла водгук у стаміўшыхся па актыўных дзеяннях арганізмах у пагонах ад сяржанта да генерала. Калі раней трэба было ну хоць неяк прытрымлівацца літары закону, то цяпер... Пагналі нашы гарадскіх!

Напрыканцы 2020 года маштаб рэпрэсіяў уражваў літаральна ўсіх. Але і цяпер, амаль праз паўтара гады, нічога не змянілася. Кожны дзень затрымліваюцца людзі па дзікунскіх абвінавачваннях, якія нават прыдумваюцца менавіта на месцы.

— Не знайшлі нічога ў кватэры? Ха, нічога! Мы з сабой прынеслі ўсё, што трэба!

— Не адчыніў дзверы праз секунду? Непадпарадкаванне!

— Проста існуеш на гэтым свеце? Дробнае хуліганства!

Гэты спіс можна працягваць бясконца, але вынік адзіны — содні, месяцы, гады турмы.

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

Адбываецца такое вось спаборніцтва паміж так званымі «сілавікамі». Хто больш нахапае «змагароў» — той малайчына, хто менш — «нігадзяй» і з ім трэба разбірацца. Рэпрэсіі сталі спортам, вынікам — колькасць загубленых і сапсаваных чалавечых лёсаў. Чым больш сапсаваў ці загубіў — тым лепей. Тым яскравей будзе зіхацець на парадным мундзіры новы бліскучы медаль, тым смачней будзе бульба-фры з «Макдональдса» ў дзяцей і цяплейшым новае паліто ці футра ў жонкі, тым хутчэй будзе ехаць новы «Дастэр» ці «Джылі», няхай і крэдытны. Змагароў яшчэ шмат. Паляванне працягваецца.

Шмат людзей задаюцца пытаннем: «Чаму яны гэта робяць?». Адказ відавочны і просты — «Таму, што могуць!» ці «Таму, што дазволена!» Ніхто, ні адзіны з шараговых выканаўцаў і кроку не зробіць без загаду.

Пад шараговымі выканаўцамі мы цяпер мусім разглядаць нават кіраўнікоў РУУС, аддзелаў і ўпраўленняў ГУУС і Міністэрства. Ёсць жорсткі загад на найвышэйшым узроўні на знішчэнне тых, хто «не як мы». Гэта відавочна — і вынікі яго выканання мы бачым штодзённа.

Хтосьці робіць гэта неахвотна, але ж робіць. Хтосьці лічыць гэта нармалёвым і чакаў гэтага часу ўсё жыццё, бо памятае байкі старых, часоў СССР, міліцыянтаў, калі было амаль ўсё можна — і вось зараз той самы час!

І ёсць яшчэ адна частка — яны атрымліваюць ад гэтага асалоду. Цягам шматгадовага адмоўнага адбору было выгадавана і адабрана досыць шмат такіх людзей. Я разумею, што яны не зусім людзі, бо немагчыма «людзьмі звацца», калі, рагочучы, лупіш дзяўчыну, што амаль страціла прытомнасць, гумовым дручком па нырках ці дубасіш казённымі берцамі сіняга ад пабояў хлопца па печані…

Але ж яны ёсць, і іх шмат. У іх ёсць маці і бацька. Можа, і брат з сястрой, нават жонка, дзеці... Што гэтыя «людзі» ім распавядаюць, калі прыходзяць дадому? Калі за сямейнай вячэрай малы залазіць да яго на калені і пытаецца — а што бацька рабіў сёння ўдзень? Страшна падумаць пра ягоныя адказы. Чамусьці я веру ў тое, што публікуецца цяпер пра размовы расійскіх акупантаў ва Украіне з бацькамі і жонкамі...

Аднак жа вернемся ў Беларусь і паспрабуем спытацца, чаму згаданае спаборніцтва ўвогуле існуе? Відавочна, што лепш было б зрабіць гэтакае Міністэрства Помсты з неабмежаванымі паўнамоцтвамі і ўсе перамогі над «чортавымі змагарамі» належалі б толькі яму! Я нават бачу, як напружыўся Мікалай Карпянкоў, бачачы такія перспектывы!

Але ж гэтае зусім не адпавядае мэтам як кіруючага дзяржавай гурта, так і мэтам тых, хто ўзначальвае розныя камітэты, міністэрствы і г. д. Начальнікі рознага ўзроўню — ад начальніка РУУС да міністраў МНС ды МПС — разам страцілі б паказальнікі лаяльнасці існуючай уладзе, бо выкрыццё і прадухіленне злачынстваў у той ці іншай сферы ўжо досыць даўно нікога не турбуе. Кіраўнікам дзяржавы такое новае міністэрства таксама не вельмі даспадобы, бо замазаць крывёю давядзецца значна менш чалавек у пагонах. Чым больш афіцэраў ды шарагоўцаў атрымаецца забрудзіць крывёю — тым больш так званых «ахоўнікаў правапарадку» ў вырашальны час атрымаецца неяк матываваць на збіццё і, нават, можа, на забойства сваіх суайчыннікаў. Ужо цяпер больш за год працуе канвеер катаванняў на Акрэсціна, у Магілёве, Жодзіна і г.д. Там катуюць і забіваюць! Гэта ўжо рэчаіснасць.

Хтосьці запытае: «Чаму Міністэрства Помсты? Каму яны мусяць помсціць і за што? Яны толькі ажыццяўляюць правасуддзе».

img_0843_1_logo_1.jpg

Трэба адказ на гэтае пытанне? Я паспрабую... У 2020–2021 годзе людзі Беларусі вельмі напужалі ўлады, якія лічылі іх сваёй «кармавой базай» — аб гэтым не раз ужо гаварылі. Яны вельмі напужаліся! Чаго каштуе дрыжачая далонь, што пляскала па аўтамаце без патронаў з крыкам: «Красаўцы!». Наступным крокам было — «Цяпер не да законаў!»

Пачалася помста за страх. Я бачыў вочы салдатаў і міліцыянтаў у жніўні 2020-га — там быў такі страх, што вам не перадаць. У верасні — ужо не было. У кастрычніку — тым больш. У лістападзе вочы гарэлі смагай. Смагай крыві. Яны вельмі жадалі адпомсціць за свой страх жніўня 2020-га. Тое ж самае адбывалася і ва ўладзе. Толькі там страх быў на некалькі парадкаў вышэйшы — там былі зусім іншыя стаўкі! Так зразумела?

Вось ужо не першы год кожны дзень у Беларусі працуе віртуальнае Міністэрства Помсты. Міліцыянты, КДБ, суддзі, супрацоўнікі ЦІП, ІЧУ, калоніяў — як адзіны арганізм катуюць і гвалцяць людзей, якія толькі хацелі быць Людзьмі.

img_0707_2_logo_1.jpg

Мець права выбару, не згаджацца з тым, што «мір — гэта вайна», абіраць сабе кіраўніцтва на падставе сумленных выбараў, смяяцца ці плакаць, калі ім гэтага хочацца. Насіць адзенне тых колераў, якія ім падабаюцца, увогуле!

Яны гэта робяць толькі з адной мэтай і марай — каб як мага далей адцягнуць момант адказнасці за ўсё. Каб будучыня надышла як мага пазней. Каб не на гэтым ці наступным тыдні, бо і дзень народзінаў, і ў лазню Сяргеіч запрашаў жа... Каб...

Я такі за стварэнне такога Міністэрства Помсты. Потым было б значна прасцей адшукаць тых, хто там так сумленна і шчыра працаваў!