«А падмануць нас не складана, мы самі рады падмануцца». Як прапаганда ламае сем’і беларусаў

Гадамі многія беларусы спачувальна назіралі за тым, як іх родныя глядзяць прапагандысцкія праграмы. Але мала хто мог падумаць, што тыя дзіцячыя аргументы і агрэсіўныя выкрыкі ў эфірах умоўных першых каналаў прынясуць такі плён на глебе распальвання варожасці ў сем’ях. 

70b42466_296e_4366_9d27_57c071ffe7fd.tmp

Бомба запаволенага дзеяння, закінутая ў нашыя дамы прапагандыстамі, выбухнула ў 2020-м. Яшчэ адна здэтанавала разам з расійскімі бомбамі на ўкраінскай зямлі.

Мы звярнуліся да людзей з просьбай падзяліцца асабістым досведам барацьбы з вірусам прапаганды. Адгукнуліся на яе ў асноўным маладзёны. Прыводзім некаторыя гісторыі. Імёны герояў змененыя.

Марыя, 21 год: «Тата проста жадае верыць»

— Першае, што хачу сказаць — мой бацька, напэўна, самы добры і прыстойны чалавек з усіх, каго я ведаю. Ён мяне любіць і паважае, таму мне пашчасціла.

Нашыя палітычныя спрэчкі з татам пачаліся, калі мне было 16-17 гадоў. Справа ў тым, што ад абмеркавання актуальных падзеяў мы амаль заўсёды хутка пераходзілі да падзеяў савецкіх часоў. Прозвішча Сталіна было чырвонай анучай і для мяне, і для таты. Ад спрэчак узроўню: я яму — пра ГУЛАГ, растрэлы інтэлігенцыі, злачынствы супраць генафонду, а ён мне ў лепшым выпадку — пра індустрыялізацыю, у горшым — пра тое, што ў Генералісімуса былі толькі адні стаптаныя бацінкі, такі ён быў сціплы, добры чалавек.

39470011_101.jpg

А яшчэ добра памятаю нашу сямейную паездку ва ўкраінскі Букавель. Тады (у прынцыпе, як і зараз) тата стараўся не прапускаць выпускі «Вечара з Уладзімірам Салаўёвым». У той час у Расіі збіраліся ўводзіць папраўкі ў канстытуцыю. Мы спрачаліся амаль па кожным пункце. Напрыклад, я казала, што ставіць нацыянальныя законы вышэй за міжнародныя ў расійскім выпадку жахліва, таму што гэта яшчэ больш развяжа чыноўнікам і без таго развязаныя рукі, што любому невінаватаму чалавеку ў такім выпадку па загаду кіраўніцтва можа быць вынесены любы прысуд, і ніводная інстанцыя не будзе мець магчымасці адстаяць правы чалавека, гэты прысуд аспрэчыўшы. Але ж бацька казаў, што закон гэты неабходны, таму што «ніхто не павінны дыктаваць Расіі свае ўмовы». Цікава, што калі нядаўна такую ж папраўку ўвялі ў так званую канстытуцыю нашай краіны, тата спачувальна сказаў: «Пасля гэтага яны ўвогуле могуць рабіць што пажадаюць». Заўсёды здзіўляюся такім супярэчнасцям у яго, падавалася б, устойлівай пазіцыі.

У гэтую ж паездку ва Украіну — мы тады ехалі з Беларусі на машыне, таму шлях быў доўгі — тата казаў, што «ну не можа ніяк акцёр быць добрым прэзідэнтам». Я ў сваю чаргу не разумею, як «добрым прэзідэнтам» можа быць супрацоўнік спецслужбаў — чалавек са, скажам мякка, спецыфічнымі навыкамі і спецыфічным шляхам мыслення.

У пэўны момант той паездкі, калі нашая канфрантацыя абвастрылася, тата ўпершыню зрабіў прызнанне, якое потым яшчэ неаднаразова паўтарыў. Ён сказаў: «Так, я разумею, што гэта прапаганда. Але ж мне жадаецца, каб усё было так, як кажуць у тэлевізары».

Тата не змог патлумачыць, чаму яму так хочацца. Напэўна, таму, што калі ўсё не так, тады прыйдзецца прызнаць, што ён увесь гэты час быў не правы, а руйнаваць светапогляд — цяжка. Яшчэ я думаю, што калі прызнаць побач існаванне стоадсоткавага, безумоўнага зла, тады трэба прыкладаць нейкія намаганні, каб яму супрацьстаяць. Гэта складана, а ў пэўных выпадках жыццёванебяспечна, таму прасцей да таго самага зла далучыцца. Так я сабе апраўдваю развагі таты, хаця зразумела, ніхто з тых, хто знаходзіцца пад уплывам прапаганды, гэта не фармулюе сабе падобным чынам.

regnum_picture_1574076134230561_normal.jpg

Дзень 24 лютага быў цяжкім для нашай сям’і. Вядома, мой тата не верыў у магчымасць поўнамаштабнай вайны, дзе Расія — агрэсар. Я разумела, што гэты сцэнар цалкам верагодны, таму што не супярэчыць рыторыцы расійскай улады. Але калі раніцай я даведалася, што на тэрыторыю Украіны ляцяць бомбы, адразу ў слязах патэлефанавала бацьку і сказала, што горшае распачалося. Ён не быў моцна здзіўлены, голас гучаў вельмі расчаравана. Праз некалькі дзён мы сустрэліся і абмеркавалі падзеі. Тата не адмаўляў расійскай агрэсіі, але казаў так (цытую даслоўна): «Я жадаю верыць, што ў Пуціна не было іншых варыянтаў». Увогуле гэтае яго «жадаю верыць» разбівае самыя ўстойлівыя аргументы. Напрыклад, кажу: «Расійцы рабілі злачынствы ў Бучы». А тата адказвае: «Жадаю верыць, што гэта не так».

Што дадаць? Тата дакладна ненавідзіць гэтую вайну гэтак жа моцна, як і я. Але ж працягвае казаць пра тое, як ЗША бамбілі Югаславію, Ірак, Хірасіму і Нагасакі… Пытаюся: «Ці апраўдвае гэта дзеянні Расіі?» Адказвае: «Не, але ж…» Апошнім часам тата кажа, што базава яго прынцып такі: у свеце ёсць дзве злыя сілы — Расія і Захад, і з іх ён выбірае супрацьстаяць большаму злу (маючы на ўвазе, вядома, Захад).

61077f02073a3.jpg

Нягледзячы на ўсе гэтыя спрэчкі, я вельмі люблю тату і ведаю, што ён любіць мяне. Я ўдзячная яму за адкрытасць у нашых размовах, разумею, што яна даецца яму няпроста. Падчас нашага апошняга шматгадзіннага паседжання на тэму вайны тата сказаў: «Мне вельмі складана ламаць свае ўстаноўкі, я са ўсёй моцы стараюся за іх трымацца». Не ведаю, навошта яму трымацца за іх, як і не ведаю, ці зможа ён калі-небудзь стаць ад іх вольным.

Віталіна, 22 гады: «Я не магу ахвяраваць сям’ёй дзеля сваёй праўды»

— У мяне ўся сям’я — палітычныя апаненты. Нават тыя, хто жыве ў Літве.

Як і ў многіх беларусаў, палітызацыя сямейных адносін распачалася ў 2020 годзе. Самыя вострыя спрэчкі адбываліся з маім дзядзям. Кажу яму: «Паглядзі, які адбываецца жах!», а ён мне: «Яны (пратэстоўцы) усе хочуць у гейропу!»…

tel_2.jpg

Тут трэба ўдакладніць, што дзядзька для мяне — вельмі блізкі чалавек. Калі ў маім жыцці нешта здаралася, ён быў першым, каму я тэлефанавала. Мы з ім былі лепшымі сябрамі. Да 2020 года ён ніколі на мяне не крычаў, а тут пачаў пры кожнай размове падымаць голас, даказваючы сваю праўду.


Справа ў тым, што ў 18 гадоў ён вырашыў стаць міліцыянтам. У міліцыі ўжо 20 гадоў і працуе. Для яго нармальна чалавека, калі ён злачынца, біць, зняважаць, маніпуляваць ім… Таму тое, што рабілі з пратэстоўцамі, для яго таксама было нармальна. Яны для дзядзькі — злачынцы не меншыя за забойцаў. А я за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях была асуджаная па адміністрацыйнай справе. Таму казала яму: «Паглядзі, гэта ж я — тыя самыя «страшэнныя пратэстоўцы». Але ён казаў, што я — выключэнне, што мной проста маніпулююць, што я марыянетка ў нечых руках. Маўляў, я не ведаю чагосьці, што ведае ён, не разумею. Кажу яму: «Дык раскажы!». Адказвае: «Падрасцеш-зразумееш».

Ёзэф Гебельс

Ёзэф Гебельс

Дзядзьку прамылі глузд вельмі даўно, у яго няма крытычнага мыслення ўвогуле. Ён казаў мне, што нават тыя, хто маюць нацыянальную візу іншай дзяржавы — здраднікі радзімы. Спачатку я ўвогуле не жадала яго бачыць, разарвала ўсе кантакты. Але наша раз’яднанне было для мяне вельмі складаным, гэта ж мой родны чалавек. Зараз я яго прабачыла і прымаю такім, які ёсць. Зразумела, пра ніякія даверлівыя адносіны мова не ідзе, але апошнім часам мы размаўляем — пра ўсё, акрамя палітыкі.

З бацькамі, калі казаць пра беларускія падзеі, усё не так крытычна — імі проста кіруе страх. Яны не падтрымліваюць Лукашэнку, але мама, напрыклад, баіцца за сваю будучыню. Ёй страшна, што ў любы момант да нас у хату могуць прыйсці, каго-небудзь затрымаць. Калі я прыязджаю да бацькоў у вёску, мама зачыняе вокны, каб суседзі нічога лішняга не пачулі, не ўбачылі. Просіць мяне быць цішэй, не выказвацца. Мама кажа мне: «Так, усё дрэнна, але што мы можам зрабіць? Нічога, толькі нашкодзіць сабе, паламаць жыццё».

sovietpropaganda_25.jpg

24 лютага я даведалася, што пачалася вайна, і адразу патэлефанавала маме. Мне было вельмі страшна, жадалася, каб мама схавала мяне, супакоіла. Яна пачала казаць, што ўсё не так, вайны не можа быць, што мне проста нешта здалося.

У Мінску ўсё маё асяроддзе, вядома, вайну не падтрымлівае. Там вакол мяне не было людзей, якія б называлі яе «спецаперацыяй». Але праз чатыры дні ад пачатку вайны я прыехала да бацькоў і трапіла проста ў іншы свет.

Я прыехала, дакладна разумеючы, што белае — гэта белае, а чорнае — гэта чорнае. Што Расія — агрэсар, і гэта факт. І тут за сталом, у працэсе размовы, я высвятляю, што мае бацькі падтрымліваюць Расію. Яны казалі нешта вар’яцкае — напрыклад, што прыходзіў сусед і казаў, што «натаўскія самалёты лёталі над нашымі вайсковымі часткамі, яны правакавалі нас, але мы іх не збівалі, і калі б Расія не напала»… Усё гэтае трызненне. У мяне тады здарылася істэрыка. Я сабрала рэчы і ў слязах прыехала да бабулі. Кажу ёй: «Бабуленька, як жа так, што тыя два вырадкі, якія развязалі вайну, нарабілі!». А яна мне: «Ну так, гэты вырадак Зяленскі!». Разумееце? У нашай вёсцы ўсе падтрымліваюць Расію. Маўляў, вядома, вайна — гэта жудасна, але яна была неабходнай.

76_main.jpg.crdownload

Зараз прапаганда вельмі магутная, яе нельга недаацэньваць. Мае родныя, якія жывуць у Вільні, адключылі літоўскае тэлебачанне і слухаюць расійскае. Для іх Салаўёў — аўтарытэт. Я пыталася ў іх, чаму ж тады не з’едуць у Расію, але адказ быў нейкім вельмі павярхоўным — «у мяне тут сям’я, куды ж я паеду». Пры гэтым самі па сабе яны людзі не глупыя, проста, напэўна, думаюць, што так моцна хлусіць з тэлевізара ім не могуць.

Для мяне сям’я — галоўнае. У маім дзяцінстве мы ўсе святы і выходныя праводзілі разам — нашай вялізнай і дружнай сям’ёй. Я не магу ахвяраваць гэтым дзеля сваёй праўды. У іх ёсць сваё меркаванне, ім з гэтым меркаваннем камфортна. Навошта мне расплюшчваць ім вочы, калі яны не жадаюць іх расплюшчваць?

Кацярына, 22 гады: «З 2020 года мне часам здавалася, што жыву побач з Лукашэнкам»

— Я пачала размаўляць з бацькамі пра палітыку ў 2020 годзе, калі распачалася перадвыбарчая кампанія — каб разумець, за каго яны збіраюцца галасаваць. Асноўная думка маёй мамы была такая: галоўнае, каб ніхто новы не прыйшоў да ўлады і не забраў усё, што ў яе ёсць. Тата тады быў чыноўнікам. Адразу стала зразумела, што з ім тут няма пра што размаўляць.

Але ішоў час, і недзе напрыканцы 2021 года я заўважыла, што мы з татам можам спакойна і нават з цікавасцю да развагаў адно аднаго абмяркоўваць сітуацыю ў свеце. Пры гэтым мама заняла пазіцыю кшталту «я, Кацярына, з табой пагаджуся, але калі буду з кімсьці іншым размаўляць — пагаджуся і з ім». Такое вось меркаванне, яно змяняецца ў залежнасці ад суразмоўцы. Напэўна, гэта можна назваць бесканфліктнасцю.

_110219730_p109.jpg

У сярэдзіне лютага стала зразумела, што нас чакае нешта дрэннае і значнае. Я выказвала трывогу наконт гэтага маме, але яна паўтарала, што ўсё гэта казкі, нічога такога не будзе. 24 лютага мы прачнуліся ў кашмары. Мама проста не магла паверыць, што пачалася вайна. У нас родныя ва Украіне, я там усё дзяцінства правяла.

25 лютага дадому прыехаў бацька, мы з мамай пачалі расказваць яму навіны. Я вельмі спадзявалася на яго падтрымку, на тое, што ён мяне супакоіць. Мне было вельмі складана. Але ён пачаў паўтараць клішыраваныя фразы з тэлевізара кшталту «гэта ўсё Амерыка, Украіна сама вінаватая, яны сябе самі бамбяць». Для мяне гэта быў шок. Я пыталася: «Няўжо табе не шкада тых бязвінных людзей, якія паміраюць у вайне, няўжо дзяцей не шкада?». У адказ: «Ну і што? Самі яны вінаватыя». Я сказала, што не жадаю з ім размаўляць, таму што калі ён так выказваецца, мне становіцца вельмі балюча. Да нашых спрэчак далучалася і мама, казала: «У мяне ж там родныя!».

На наступны дзень я ўзброілася ўсімі магчымі фота- і відэа-доказамі, імкнулася данесці да яго альтэрнатыўную інфармацыю, акрамя той, што ільецца з ТБ. Але гэта было бессэнсоўна. Ён казаў, што вось-вось Расія пераможа, усіх выратуе і ўсё будзе добра.

Потым я зноў пачала спрабаваць размаўляць з бацькам, пераконваць, паказваць усё, што глядзела і чытала. У адказ ён крычаў мне: «Спыніся, спыніся, інакш я цябе зараз удару!» Я кажу на эмоцыях: «Ну давай, калі так жадаеш». Ён ударыў мяне, я назвала яго фашыстам, сказала, што больш у мяне няма бацькі. З таго дня мы не размаўляем.

Праз працу ён часта не дома, таму мы зрэдку перасякаемся. Але кожны раз, калі ён прыязджае, мы стараемся не бачыцца. Я не вельмі жадаю аднаўляць з ім адносіны. Больш у гэтым зацікаўленая мама.

scale_1200_52.webp

Навошта мне ўвесь час пераконваць яго ў чымсьці? Калі яму зручна жыць у сваім штучным свеце — няхай. Я апусціла рукі.

Бацька настолькі моцна апрацаваны прапагандай, што часам мне становіцца страшна. З 2020 года мне часам здавалася, што жыву побач з Лукашэнкам — настолькі яны былі падобныя. Бацька абсалютна не жадае развівацца, не чытае замежных навінных каналаў… Проста прыйшоў з працы, уключыў тэлевізар і спажывае тое, што яму там паказваюць. Ён не бачыў ні Бучы, ні Марыупаля. А калі ўбачыць, яму скажуць, што Буча — фэйк, і ён паверыць.

Зараз я адчуваю да бацькі поўную абыякавасць. Я, магчыма, і заплюшчу вочы на тое, што ён мяне ўдарыў, і дарую яму, калі ён сапраўды прыкладзе высілкі, каб разабрацца ў тым, што адбываецца, калі зменіць сваё меркаванне. Але ён настолькі прасякнуты прапагандай, што баюся, гэта проста немагчыма. Гэта як чакаць, што Лукашэнка і яго паплечнікі раптам прачнуцца і вырашаць стаць добрымі, прыстойнымі людзьмі.

Вера, 25 гадоў: «Я не магу дазволіць сябе страціць маму праз тое, што яна падтрымлівае Аляксандра Рыгоравіча»

— Чулі такі жарт — раней дарослыя казали, што ад тэлевізара мы атупеем, а аказалася, што атупелі не мы?  Дык вось я ў гэтым жарце жыву.

1618204562_pressa_tv_anekdoty.jpg.crdownload

Наша канфрантацыя з мамай пачалася ў 2020 годзе. Для мяне тады свет проста перагарнуўся, а мама лічыла, што ўсё так, як мае быць, што пратэсты трэба было здушыць, а агулам мы жывем у цудоўнай краіне. Ну і, вядома, «ніхто нікога не збіваў». Я старалася данесці да яе праўду, расказвала пра сваіх сяброў, якія траплялі на Акрэсціна, пра тое, як іх там збівалі… На што мама адказвала: «А ты сваімі вачыма гэта бачыла?» Карацей, пераканаць яе было немагчыма. Праз год я змірылася. Я зразумела, што праз сваю палітычную пазіцыю яна не стала для мяне нейкай іншай мамай. Я гэтак жа сама яе люблю, яна цудоўная жанчына, мой самы блізкі чалавек, мая сяброўка. Я спынілася змагацца, таму што зразумела — чым далей, тым горш у нас складваюцца адносіны, а яно таго не варта. Я ж доўга яе пераконвала, паказвала і зачытвала ўсё, што бачыла, але на жаль гэта не спрацавала. Таму мы з татам прытрымліваемся адных пазіцый, а мама — іншых.


Цікава, што гэта ж мама мяне навучыла адрозніваць зло ад дабрыні. Зараз для мяне відавочна, дзе бок агрэсара. Так было і ў 2020 годзе. Гэта ж мама, разам з татам, прывілі мне, што ёсць свабода слова, што я заўсёды магу сама выбіраць і адстойваць тое, што мне падабаецца, што любыя меркаванні маюць права на існаванне і варта іх паважаць… І я, у сваю чаргу, паважаю яе выбар, прынамсі тое, што яна яго зрабіла. Таму што, на маю думку, тыя, хто «па-за палітыкай» горшыя за тых, хто вызначыўся.

6c5c1e6af5f045e6470704d968a0ff07.jpeg

Я старалася зразумець, чаму мама выбрала такі шлях мыслення, і знайшла тлумачэнне. Напрыклад, я гляжу на падзеі маштабна: лічу, што людзі ва ўсім свеце, паўсюль павінны жыць добра, а для гэтага варта думаць і пра чужых людзей, разумець іх пачуцці, пакуты і боль. А ў маёй мамы ёсць свой свет, так бы мовіць свой пузыр, і ўсё што па-за межамі гэтага пузыра яе мала цікавіць. І сапраўды, у нашым асяроддзі людзі жывуць нядрэнна — ходзяць на працу, атрымліваюць заробак, у многіх ёсць сваё жыллё, машыны, лецішчы… З гэтага пункту гледжання становіцца зразумела, чаму мама кажа, што ў краіне ўсё добра. За маёй бабуляй, мамай таты, даглядалі яе дзеці. Яны прывозілі ёй прадукты, кармілі яе, плацілі па яе рахунках. Таму мая бабуля ніколі не ведала, напрыклад, што кошты ў краме вельмі выраслі, яе гэта не трывожыла. Ёй пашчасціла, але ёсць жа іншыя бабулі, у якіх, магчыма, няма родных і блізкіх, няма дзяцей, і яны дажываюць свой век у беднасці і самоце. Мая мама ў адказ на гэта кажа, што «ва ўсіх жа павінны быць нейкія родныя, нейкія людзі». Тое, што дзяржава бярэ на сябе абавязак забяспечыць гэтым бабулькам сацыяльныя даброты і павінна гэты абавязак выканаць — для маёй мамы не аргумент. Яна мне кажа: «Вось ты такіх бабулек ведаеш?». Кажу: «Не, але я дакладна ведаю, што яны ёсць». А мама адказвае: «Спачатку пакажы мне такую бабульку, а потым расказвай».

i75_articleimage_13750.jpg

Мы з татам у нейкі момант прынялі рашэнне не амбяркоўваць палітыку дома. З татам мы можам паразмаўляць удваіх, падзяліцца развагамі, пачуццямі, але ўсёй сям’ёй — не, таму што ведаем — гэта непазбежна прывядзе да канфлікту. Калі мы зразумелі, што падобныя размовы дрэнна ўплываюць на адносіны ў сям’і, мы іх спынілі.

Першы тыдзень ад пачатку вайны я знаходзілася ў Мінску. Калі прыехала дадому, вельмі баялася пачуць там прапагандысцкія аргументы ад мамы. Але замест гэтага я пабачыла шок у яе вачах. Зараз яна прызнае расійскую агрэсію і кажа, што вайна ніколі не можа быць правільным выйсцем. Калі б і ў гэтым годзе мы не супалі ў поглядах, гэта было б для мяне моцным ударам.

Мая мама вельмі добры чалавек. Яна ніколі не адмовіць у дапамозе, заўсёды падтрымае… І нават падчас нашых спрэчак я ўсё роўна адчуваю, як моцна яна мяне любіць. Я не стала глядзець на маму па-іншаму праз яе палітычныя пазіцыі. Падобныя сітуацыі не павінны раз’ядноўваць сем’і. Я не магу дазволіць сябе страціць маму праз тое, што яна падтрымлівае Аляксандра Рыгоравіча.

Я знайшла ў сабе моцы і мудрасць, каб прыняць погляды мамы і зразумець, на чым яны базуюцца. Але яна мой выбар дагэтуль не прыняла. Мама грэбліва ставіцца да маіх поглядаў, усё кажа, што мне трэба яшчэ падрасці. Гэта крыўдна.

original_3zf.png

Падсумаванне

Сваё «Ах, обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад!» Пушкін напісаў у 1826 годзе ў кантэксце лірычнага паслання да каханай. Але сёння гэтыя словы жыхара Расійскай Імперыі служаць нам выдатным тлумачэннем таго, чаму імперскія ідэі, шчодра аздобленыя агрэсіўнай прапагандай, дагэтуль жывуць у сэрцах нашых суайчыннікаў. Прапаганда дае ўнікальную магчымасць, нічога не робячы, літаральна лежачы на канапе, адчуваць сябе часткай агромністай махіны, якая кіруе светам, і ганарыцца гэтай амаль што святой датычнасцю. Прапаганда апраўдвае ляноту розума. Яна дае адказы на самыя складаныя пытанні, грэбуючы лагічнымі сувязямі, ад пабудовы якіх можна хутка стаміцца. Прапаганда ніколі не расчаруе дрэннымі навінамі — яна прыходзіць да вас у хату і кажа, што вы ёсць самы шчаслівы, таму што жывеце ў магутнай дзяржаве, якую ўсе баяцца, што вакол вас усё добра — жыві сабе і атрымлівай асалоду. Падавалася б — што яшчэ патрэбна для шчасця? Толькі вось у гэтым святым прапагандысцкім чадзе даволі лёгка незаўважыць блізкіх, якім патрэбны проста любімы тата, а не ваяўнічы вызваляльнік народаў, добрая, шчырая мама, а не жанчына з плаката «Радзіма-маці кліча!».

414826_original.jpg

Ці варта ахвяраваць адносінамі з роднымі дзеля бясконцага куража ад штодзённых перамог, пра якія аруць з тэлеэфіраў — кожны вырашае сам. Прапаганда — цяжкі наркотык, лекаванне ад наступстваў ужывання якога даецца вельмі складана. Але каб захаваць свой розум ясным і жывым, прайсці праз гэтае лекаванне неабходна. Калі побач апынаюцца блізкія, гатовыя дапамагчы чалавеку, інфікаванаму вірусам прапаганды, праз матыў любові, а не адчування асабістай святасці, тады шанцаў на ачунянне становіцца больш.

Ад рэдакцыі: Напэўна, вы звярнулі ўвагу, што літаральна ўсе нашы суразмоўцы выкарыстоўваюць наратывы выключна расійскай прапаганды. Насамрэч, у гэтым няма нічога дзіўнага: ужо шмат гадоў фармальна і юрыдычна беларускія дзяржаўныя тэлеканалы працуюць менавіта на прарасійскую прапаганду. Пра гэта сведчаць і вынікі маніторынгаў — тут і тут.