СССР не адпускае. Чаму «рашыстаў» у Беларусі больш, чым «ябацек»

Яшчэ да пачатку вайны ва Украіне сацыялагічныя апытанні паказвалі даволі добрае стаўленне беларусаў да палітыкі Уладзіміра Пуціна. Іх колькасць (плюс-мінус 50 адсоткаў) істотна перавышала працэнт прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі (25-30), і нават выключэнне з гэтых рэйтынгаў абавязковага «каэфіцыенту страху» агульную карціну не мяняла.

depositphotos_84042894_stock_photo_belarus_flag_wooden_sign.jpg

Адпаведна і прыхільнікаў Расіі ў развязанай вайне досыць шмат не толькі ў самой РФ. Напэўна ж любы з нас мае такіх у бліжэйшым атачэнні і са здзіўленнем адзначае: як гэта, нармальны чэл, топіць за перамены, але адначасова прагне перамогі пуцінскіх войскаў ва Украіне? Што ўжо казаць пра людзей сталага веку.

Чаму так? Чаму непрыхаваная агрэсія тых, хто бамбуе гарады, забівае мірных людзей і дзяцей, знаходзіць столькі адэптаў? Ці толькі ў салаўёўскай прапагандзе тут справа, альбо прычыны залягаюць нашмат глыбей? І што радніць наогул у гэтых сімпатыях расійцаў, беларусаў і іншых, бо хапае апалагетаў вайны і ў Еўропе — ад Балтыі да Германіі, дзе літару Z толькі паспяваюць забараняць?

Паспрабуем знайсці тут агульны знамянальнік.

Глеба і сімпатыі

__________10.jpg


Адметнасцю беларускай паслявыбарнай сацыялогіі сталася тое, што як бы ўлады ні рэпрэсавалі нязгодных, як бы ні вычышчалі незалежную журналістыку і як бы старанна ні ўпрыгожвалі светлы вобраз Лукашэнкі, ягоны рэйтынг не расце. Болей за паўтара года мінула пасля выбараў, грамадска-палітычны імпэт беларусаў сцішыўся, па тэлевізары нам зноў распавядаюць пра пасяўную і «выспачку стабільнасці», але не — не ідзе народ на гэты прываблівы агеньчык.

То выснова напрошваецца: вантробы ўжо выела гэтая стабільнасць — хочацца змены ўлады. Свядома хочацца, бо ўзровень жыцця абы што, бо дыктат архаічнай улады надакучыў, бо няма прасвету. Нават выкрэсліваючы са спісу страшнае — рэпрэсіі, гвалт, вынішчэнне элементарных свабод і беларускасці — застаецца шмат прэтэнзій да тых, хто адмаўляе каронавірус і загадвае насельніцтву «раздзявацца і работаць».То-бок незадаволенасць электарату палітыкай рэжыму Лукашэнкі выспела менавіта на той глебе, якую гэты рэжым і стварыў. І аніякая прапаганда сітуацыю тут ужо, бадай, не зменіць.
Аб прыродзе наноў сфарміраванага светапогляду беларусаў мы ўжо неяк разважалі — пачытайце:


Што да вайны і сімпатый да Расіі, то тут і глеба іншая, і працуюць іншыя ментальныя механізмы.

Рэлігія і фэйкі

1460921_1.jpg


Аналітыкі схільныя меркаваць, што апалагетыка вайны, якую ва Украіне развязала РФ, грунтуецца на свядомасці нематэрыялістычнага кшталту. Як і канспіралагічнае мысленне, яна мае фактычна рэлігійны характар, а дзе дамінуе пытанне веры, там нямоглыя аргументы, факты і наогул логіка.
Як вы не дакажаце верніку, што абразы ў храме міраструменяць паводле хітрыкаў іерэяў, так вы не зможаце давесці рускаму мілітарысту, што Марыупаль бамбуе армія РФ, а не ўкраінскія злыдні-нацысты.
Аніякія довады не спрацуюць там, дзе евангелле ўжо складзенае і мае шматлікую паству. Гінуць дзеці? Іх забіваюць «бандэры». Руйнуецца Чарнігаў? Гэта працуюць гарматы амерыканскай вытворчасці. Трагедыя ў Бучы? Містыфікацыя, якую зладзілі «правасекі» па метадычках ЦРУ.
І нават калі ўсе доказы будуць у наяўнасці, і яны будуць сведчыць пра ваенныя злачынствы расійскіх вайскоўцаў, у адказ пачуеце галоўны і жалезабетонны контраргумент: гэта ўсё фэйкі. Слова «фэйк» у вуснах прыхільнікаў вайны даўно ўжо гучыць амаль як «амінь».
Каб у гэтым пераканацца, дастаткова ўзгадаць, як маці расійскіх салдатаў не вераць сваім сынам. Тыя распавядаюць ім па тэлефоне, што няма ва Украіне аніякіх фашыстаў, і невядома, чаго яны наогул прыперліся ў чужы кляштар са сваім аўтаматам… Маці не вераць. Кажуць, што ім лепей відаць з Разані ці Барнаула, ці ёсць там фашысты. А яны ёсць, бо так кажа катэхізіс, паводле якога жыве ўвесь глыбінны расійскі народ.
Лічыцца, што катэхізісы тыя пісаліся на Астанкіна. Гэта так, але не зусім. Бо ўсе гэтыя Салаўёвы ды Кісялёвы, можа, і валодаюць мастацтвамі даходлівай прапаганды, але яны аніяк не апосталы той самай веры.

Вера і Саветы

Вера гэта сталая — і апелюе яна нават не да Пуціна як галоўнага генератара ўставання з каленаў. Яна, як ні банальна, караніцца ў савецкай мінуўшчыне, калі вялізную краіну ў свеце баяліся і паважалі. І малако яе ў бідонах было смачным, і пламбір за 16 капеек не тое, што цяпер, і шматнацыянальны савецкі народ жыў як адна сям’я, не разбэшчаны матэрыяльнымі каштоўнасцямі, у ідэальнай сацыяльнай роўнасці.
Нездарма кажуць, што ідэалогія камунізму падобная да рэлігійнай. Уласна, з гэтай прычыны камуністы царкву і выкаранялі, бо бог мусіць быць адзіны. Уласна, таму за семдзесят гадоў яны і выгадавалі цэлыя пакаленні людзей, якія дагэтуль настальгуюць па тых часах, забываючыся і на татальную беднату, і на жалезную заслону, і на лядоўні, у чарзе па якія стаялі гадамі.
Набярыцеся мужнасці, зайдзіце ў «Аднакласнікі» — і вы ўбачыце там кландайк узорнай тугі па эпосе СССР. Стаў «клас» (не лайк!), калі насіў закарэлыя сандалі і школьны гарнітур мышынага колеру. Упадабай аўтамашыну «Москвич», ровар «Орленок» і хлеб-цагліну з чорнай скарынкай за 20 капеек!

5bba35c875693832080c7543e4740e7b9f041624689060b83f799fb63572.jpg


Можна доўга спрачацца, чаго ў гэтым болей — суму па пражытай маладосці ці незадаволенасці сённяшнім днём, аднак не гэта самае істотнае. Самае — у тым, што гэтыя свечкі ставяцца не за спачын, а за здароўе. За надзею, хай не надта асэнсаваную, на вяртанне тых часоў. За надзею, якую ўвасабляе Пуцін — вось ён апосталам і ёсць.
Гэтая новая старая вера добра кладзецца на Расію, і прапагандысты тут не запальваюць, а толькі падкідваюць дроў у агонь. РФ — прамая спадкаемца СССР і юрыдычна, і фактычна. Бо і тады, і цяпер раніца аднолькава «красит нежным светом стены древнего Кремля». Бо і тады, і цяпер у падмурку імперская ідэя і стратэгія збірання зямель. Бо і тады, і цяпер Крым наш, Украіну стварыў Ленін, а руская мова — фундаментальная скрэпа для ўсёй адной шостай часткі сушы.
Гэтая новая старая вера добра кладзецца і на іншыя краіны. І не толькі постсавецкія, бо «гома савецікусы» шырока рассяліліся і на Захадзе. І рускамоўны нямецкі бюргер, запальваючы імпартны «Мальбара» замест атрутнага «Казбека», удала разважае аб перавагах савецкага жыццёвага ўклада. Ён глядзіць «Иронию судьбы» на Новы Год, навіны на канале «Россия 2», а пасля 24 лютага выязджаў на вуліцы на «Мэрседэсе» з літарай Z на капоце.
Ён не хоча вяртацца ў Расію на ПМЖ альбо мяняць свой «Мерседэс» на «Ладу Каліну», але вельмі хоча, каб Расія захапіла Украіну, таму што тыя «хахлы» вельмі шмат пра сябе разумеюць.
Гэтая новая старая вера добра кладзецца не толькі на старых, хто памятае танны бензін і бясплатныя кватэры. Яна вабіць і моладзь, замардаваную іпатэкай. Ну і што, што мы тады не жылі? ТВ і бацькі яскрава распавядаюць пра брэжнеўскую стабільнасць, а тых, хто жыў пры Сталіне ўвогуле не засталося, але ж расце папулярнасць Іосіфа Вісарыёнавіча ў нашым прагрэсіўным грамадстве.

«Рускі свет» і Лукашэнка

get_img_27.jpg


Гэтая вера добра кладзецца і на Беларусь — нашмат лепей, чым ідэялогія існага рэжыма. Пра Лукашэнку беларусы ўсё зразумелі на ўласнай скуры. І пра тое, як ён «захаваў» заводы, і пра ягоную «бясплатную» медыцыну. І пра ягоную «сацыяльную» мадэль, дзе беспрацоўны вінен дзяржаве, а не наадварот.
Гэтыя «дасягненні» квітнеючай Беларусі, што бярэ сваю гісторыю ад 1994-га, як раз лёгка супрацьпаставіць савецкім ідэалам. Бо пры СССР хіба ў школах скідваліся на рамонт, на прадпрыемствах хіба скарачалі штаты, а чыноўнікі выбудоўвалі хіба для сябе ў Драздах катэджы на тры паверхі? Дый долар пры камуністах каштаваў 64 капейкі, а цяпер рубель з'едзены бясконцымі дэвальвацыямі як старое футра моллю.
Усе параўнанні не на карысць сучаснасці — і дэкаратыўныя суботнікі, «Дажынкі» і БРСМ сітуацыю аніяк не паляпшаюць. Хутчэй, наадварот.
Таму вера і кладзецца лепей — і «рашыстаў» у краіне болей, чым «ябацек». Быць за Расію ў вайне і жадаць сыхода Лукашэнкі — гэты пазл складваецца нечакана лёгка.
І, выглядае, што нездарма беларуская прапаганда запознена, але актыўна пачала звяртацца да саюзнай мінуўшчыны, фактычна паўтараючы сёння наратывы расійскага ТБ. І цяпер у залатым наборы агітпрапа ўжо не толькі перамога ў Вялікай Айчыннай, а і радзіма ад Брэста да Уладзівастока, а і ўвесь о, дзіўны, новы «рускі свет». Неад’емнай часткай якога Лукашэнка, канечне, зноў з’яўляецца.

А хто супраць «рускага свету», той не проста «змагар», а вораг. Вораг як незалежнай Беларусі, так і «нашай агульнай Айчыны, якая зараз мужна змагаецца з украінскім фашызмам».

Фота AFP, newizv.ru, belgazeta.by, ru.depositphotos.com.