Таварыш, вер. Чаму расіяне давяраюць прапагандзе, а беларусы — не?

Сацыялогія паказвае, што вайну ва Украіне падтрымліваюць каля 70 адсоткаў расіян. Што яны цалкам давяраюць стратэгіі Пуціна і «адчуваюць гордасць» у сувязі з агрэсіяй, якая рызыкуе ператварыцца ў Трэцюю сусветную. І, гледзячы на патрыятычнае шаленства на стадыёне ў Лужніках, на літары «Z» на шматлікіх аўтамабілях і каментары ў прарасійскіх пабліках, у тое лёгка паверыць.

2_506.png


Сацыялогія паказвае, што Аляксандра Лукашэнку падтрымлівае катэгарычная меншасць беларусаў. Што, нягледзячы на рэпрэсіі, руйнаванне грамадзянскай супольнасці і шматтысячную эміграцыю, людзі так і не «перагарнулі старонку». І, узгадваючы шчыльныя, усёабдымныя пратэсныя плыні на вуліцах беларускіх гарадоў у 2020-м, лёгка думаць, што грамадства змянілася і з'ядналася ў жаданні перамен.
Чаму ў Расіі так, а ў Беларусі гэтак? Пытанне складанае, тэма вялікая, але, прынамсі, адзін адказ навідавоку. Таму што там дагэтуль вераць прапагандзе, а тут навучыліся адрозніваць тэлевізійную казку ад надзённай былі.
Але як так сталася? Пра гэта і паспрабуем паразважаць. Уладкоўвайцеся ямчэй і прышпіліце рамяні.

Вочы: свае і чужыя

Вядома, што тэлебачанне на нашых супольных саюзніцкіх абшарах стварае паралельную рэчаіснасць. У гэтым сусвеце Захад «загнівае», долару хутка прыйдзе кірдык, а нашым спакою і стабільнасці пад чуллівым кіраўніцтвам нацыянальнага лідара зайздросцяць зняволеныя і падманутыя жыхары еўрапейскіх краін.Каб гэтую рэальнасць «разбачыць», патрэбна насамрэч не так і шмат. Галоўнае — варта выехаць за мяжу і паглядзець на ўсё ўласнымі вачыма. Менавіта адсюль і пачынаецца розніца паміж беларускамі і расіянамі ва ўспрыманні знешняга свету.
Яшчэ ў 2013-м годзе беларусы перагналі ўвесь свет па колькасці набытых шэнгенскіх віз. У тым далёкім ужо годзе нашы суайчыннікі атрымалі 700 тысяч пропускаў у ЕС — свет спажывання і чыстагану. Няма сумневаў, што ў далейшым гэтыя лічбы толькі павялічваліся, і кошт шэнгену стаў важным побытавым пытаннем, а адсутнасць шэнгену ў пашпарце прыраўноўвалася да балючай ментальнай заганы.
Беларусь — краіна невялікая, і калі ў заходніх рэгіёнах адчуваецца подых Польшчы, то карціць у гэтую Польшчу неяк паехаць. Тым больш там танныя «закупы» і іншыя нішцякі. А Поўнач і Мінск арыентуюцца на Літву, дзе «Акропаліс» і сезонныя зніжкі ў IKEA. Дый бязвізавыя Украіна з Расіяй — добрыя адрасы, прынамсі, для барахолачнага шопінгу. А дзе пачынаецца банальнае параўнанне цэн, там адбываецца і пераасэнсаванне ўсяго астатняга.
Тым больш што кожны, хто патрапіў у Еўропу праз Бераставіцу ці Каменны Лог, па вяртанні актыўна дзеліцца ўражаннямі з навакольнымі, памнажаючы інфармацыю, якая так разыходзіцца з карцінкай на ТБ. І тут беларуская прапаганда церпіць першую адчувальную паразу.
Расіяне заходні свет спазнаюць куды менш і куды горш. Так, замежны пашпарт, які патрэбны для выезду, паводле статыстыкі, мае ці не траціна жыхароў РФ. Але ў структуры падарожжаў тут пераважаюць не тыя краіны, дзе добра прачышчаюцца мазгі. Пагугліце і пераканайцеся, што расіяне з розных патрэб болей едуць у Казахстан, Украіну (цяпер, канешне, не), альбо нават Кітай. І, вядома, у Турцыю па пуцёўцы, дзе стандарты «all inclusive» пазбаўляюць неабходнасці выходзіць за межы гатэльнага комплексу.
Адносна шэнгену дык увогуле лічбы дакавідных гадоў паказваюць зніжэнне цікавасці амаль удвая за пяць гадоў, і тут дзякуй змяншэнню даходаў жыхароў РФ праз эканамічныя цяжкасці.

rossija_ostaetsja_liderom_po_czislu_zajavok_na_szenhenskie.jpg


Паказальная тут і статыстыка ўнутранага турызму ў Расіі. На першы погляд, яна можа шакаваць, бо за апошнія пяць гадоў (даныя, зноў жа, за дакавідны 2019-ы) 45 адсоткаў расіян не выязджалі нават за межы свайго рэгіёна. А 70 працэнтаў тых, хто ўсё ж выязджаў, наведвалі толькі Маскву і Піцер.
На другі погляд, гэта няцяжка патлумачыць. Адкрыйце мапу агромністай Расіі і паглядзіце, якой колькасці расійскага насельніцтва геаграфічна бліжэй Манголія ці Караганда, чым беларусу — Прага і Берлін. Дык адкуль там, за ўмоўным Уралам, могуць чэрпаць веды пра заходнія стандарты жыцця? Толькі з прапаганды, якая кожны вечар распавядае пра згубную «Гейропу» і дэградуючую Амерыку, дзе дагэтуль лінчуюць неграў і дзе жывуць «вот уроды» — паводле трапнага азначэння героя «Брата-2».
Пра Украіну, што зрабіла еўрапейскі выбар, там наогул не чуваць добрага слова з 2014-га. І, значыць, кожны салаўёўска-кісялёўскі глядач дакладна ведае, што суседнюю краіну апанавалі «нацыкі» і «бандэраўцы», а ў тамтэйшых дзіцячых садках там спрэс базы фашыстаў з батальёна «Азоў».

Крыніцы: ТБ і інтэрнэт

1_544.png


Уласны досвед — справа добрая, але калі яго няма, то што сэрца заспакоіць? Вядома што: канкурэнцыю тэлебачанню ўжо даўно стварыў інтэрнэт. І шмат дзе ён упэўнена перамагае.
Адразу скажам, што ў карыстанні сецівам паміж Беларуссю і Расіяй розніцы няма. І там, і там мышкай клікаюць каля 85 працэнтаў — то-бок фактычна ўсе, за выключэннем вясковых пенсіянераў, перакананых рэтраградаў і закасцянелых старавераў.
Аднак колькасць не значыць якасць, і вось тут пачынаюцца адрозненні. Расійская прапаганда скеміла раней і пайшла каланізаваць інтэрнэт, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Бадай што гэтая імгненнасць і стала адным з галоўных (але не адзіным, зразумела) чыннікам, які абумовіў дамінаванне ў сеціве афіцыйнага парадку дня.
Так і сталася, што галоўным гігантам інфармацыйнага рунету стаў праўладны агрэгатар «Яндэкс» (14 працэнтаў трафіка на 2021 год), а калі браць да ўвагі навінавыя парталы, то тут пуцінскі хлеб спрытней за ўсіх адпрацоўваюць Lenta.ru і РІА «Новости» (па 0,48%). Можна кпіць, канешне, з гэтых паўпрацэнта агітпрапаўскіх флагманаў, але ў лідара альтэрнатыўнай думкі «Эхо Москвы» ахоп і таго меншы — 0,11% (86-е месца ў агульным заліку). І гэтага хапіла, каб пасля пачатку «спецаперацыі» разграміць медыя Аляксея Венядзіктава, закрыўшы і радыё, і сайт, і ўсе астатнія пляцоўкі.
Весялей у расіян у YouTube, дзе ёсць Дудзь і Навальны з іх шматмільённымі праглядамі, але істотна агульную сітуацыю гэта не мяняе. У тым ліку з той прычыны, што ў таго ж Салаўёва (да блакіроўкі) статыстыка таксама ўражвала. Любіць расійскі інтэрнэт-карыстальнік цешыцца з канспіралагічных выступаў Якава Кедмі, маніпулятыўных рэфлексій рэжысёра Шахназарава ці істэрычнай «праўды-маткі» ад палітолага Міхеева.
А цяпер проста параўнайце ўсё вышэй згаданае з адной толькі статыстыкай былога «т@тбая», прызнанага «экстрэмісцкім». Тры мільёны «ўнікаў» штодня ды ў дзевяцімільённай краіне — гэта ж проста грандыёзны феномен. Дадайце паўтара мільёна «Анлайнера» (да «нармалізацыі») і сотні тысяч у іншых незалежных медыя. Дадайце тэлеграм, дзе беларускі сегмент дамінуе над расійскім нават у абсалютным вымярэнні… І пра долю-ролю тэлебачання ў структуры беларускага медыяспажывання вы даведаецеся больш-менш усё.Прапагандысцкі сегмент байнэта тут таксама незайздросны, і мы добра памятаем пра рэйтынгі «БелТА» і іншых крыніц «афіцыйнай інфармацыі». І, мусіць, праспалі ўсе палімеры ідэолагі рэжыма, калі аператыўна не адрэагавалі на прыход лічбавай эпохі. Ці хутчэй палімеры былі асуджаныя на паразу праз уласны досвед беларусаў, пра які сказана вышэй.

Ідэялогія: ёсць ці няма?

Пасля беларускіх выбараў 2020-га, калі стала ясна, што дамарослы агітпрап не дае рады настроям у грамадстве, з Масквы ў Мінск быў выпісаны адмысловы дэсант прапагандыстаў на чале з адыёзнай Маргарытай Сіманьян. Меркавалі, што спрацуе больш выкшталцоны інструментарый расійскіх метадычак, аднак пераламіць сітуацыю гэта не дапамагло. Прыйшлося нішчыць незалежныя медыя і кідаць за краты журналістаў.
І тут паўстае яшчэ адзін чыннік, які тлумачыць эфектыўнасць інфармацыйнага фронту ў Расіі і яго марнасць у Беларусі. Гэты чыннік — наяўнасць ідэалогіі, якая аб'ядноўвае і завалодвае масамі.
Дзіўна часам чуць, што ў Пуціна няма ідэі па-за межамі клептакратычнай сутнасці яго рэжыму. Імперскасць — хіба не ідэя? Скрэпы, духоўнасць, абраны народ-баганосьбіт і вось гэта вось усё. Уласная веліч і скрозь пераможная гісторыя як нешта шавіністычна большае за драбязу матэрыяльных каштоўнасцей цынічнага Захаду. І квінтэсэнцыя — «рускі свет», які абавязкова трэба пашыраць, беручы гістарычны рэванш за прыніжэнне 90-х і інспіраваны «піндосамі» распад СССР.
Што казаць, урадлівая глеба — зерне прапаганды кладзецца ў яе добра. І любая анексія пасля першага ўраджаю падаецца «вызваленнем», а каўровае бамбаванне ўкраінскіх гарадоў успрымаецца адэкватнай расплатай за восем гадоў «генацыду» рускамоўных на Данбасе. А калі яшчэ ў тэлевізары скажуць, што ракеты на Марыупаль ляцяць з боку засеўшых у засадзе «правасекаў», то лютасць высакародная імгненна закіпае як хваля. І лёгка верыць, што Марына Аўсяннікава ўварвалася ў эфір з антываенным перформансам выключна па загадзе брытанскай амбасады.
Добра быць расійскім прапагандыстам — ёсць за што казытаць удзячную аўдыторыю.
У Беларусі імя Аляксандра Лукашэнкі ўцямнай ідэі няма. Нацыянальныя каштоўнасці адрынутыя, канцэпт БССР 2.0 неяк не склаўся, а дактрыну дзяржаўнасці і суверэнітэту цяжкавата прасоўваць паміж чаўночнымі наездамі ў Маскву. З першымі ракетамі ў бок Кіева разбурылася і ад пачатку сумнеўная стратэгія мірнага неба над галавой (а дзе ў Еўропе яно сёння не мірнае?). То што застаецца? Культ асобы, які відавочна не спрацуе?Цяжка быць беларускім прапагандыстам: няма скрэпаў, няма да чаго прыхіліцца, распавядаючы пра перавагі айчыннага правапарадку.
Зрэшты, вайна ва Украіне паскарае гістарычныя працэсы і ўсё больш збліжае інфармацыйныя плыні ў Расіі і Беларусі. Яднае базавыя ўстаноўкі, дзе за плакат «Не вайне» забіраюць у пастарунак. Абагульняе наратывы, паводле якіх украінцамі кіруюць заходнія лялькаводы па цёмніках патаемнага сусветнага ўраду. І ў выніку вядзе да таго, што вочы ў гледача па гэты бок тэлеэкрана расплюшчваюцца ўсё шырэй. Працэс гэты — незваротны, што ўжо зразумелі беларусы і аднойчы зразумеюць расіяне.
Фота «Reuters», AFP.