Культура бескультур’я
Ледзь не ў кожнай сям’і ёсць гісторыя, якая пачынаецца з «мой дзядуля быў на вайне...», «мая бабуля прайшла ГУЛАГ...». Кагосьці раскулачылі, саслалі, расстралялі. Цэлыя пласты людзей, здольных думаць, тых, хто мелі сваё меркаванне і маглі супраціўляцца, былі вынішчаныя. Пытанне, якое асабіста мяне не перастае ўражваць: а хто застаўся?
Ніколі не было сорамна сказаць «майго дзеда рэпрэсавалі», але заўсёды было сорамна нават вымавіць услых «мой дзед рэпрэсаваў». З якім гонарам нашы бацькі і мы самі гаварылі пра абаронцаў радзімы ў Другую сусветную — і як сорамна будзе нашым дзецям гаварыць, што іх бацькі нападалі на Украіну... З экранаў тэлевізараў зараз гэта падаецца як гераізм, але міне пяць-дзесяць-дваццаць гадоў — і ўсё гэтае шалупінне спадзе, нават калі не будзе ніякага ХХ з’езда і Марыупальскага трыбунала. Таемнае заўсёды становіцца вядомым.
Колішнімі героямі ў блакітных фуражках ганарацца іх нашчадкі з Гарадскога Вала і Валадаркі. Але гэты «гонар» немагчыма пазбавіць трупнага паху. У нас дагэтуль не асуджаныя забойствы і рэпрэсіі савецкіх часоў — адна з галоўных прычын сённяшняй вайны. Нашчадкі катаў ганарацца сваімі продкамі і не могуць дазволіць іншым «паласкаць» імёны сваіх куміраў.
Ды, як ні круці, публічна імі ганарыцца ўсё-ткі сорамна.
Я часта чую, што зараз, у гэты страшны час, мы невытлумачальным чынам паводзімся так, як у падобных абставінах паводзілі сябе нашы продкі: хтосьці з’язджае, хтосьці бяжыць скупаць муку і цукар, хтосьці бярэ зброю і ідзе на фронт, а хтосьці спрабуе прыстасавацца — у спадзеве, што да яго не дойдзе. Колькасць даносаў павялічваецца проста ў геаметрычнай прагрэсіі, фанаты Дзяржынскага хапаюць людзей за малітву і збіваюць за словы «НЕ вайне», а розных маштабаў салаўёвы і кісялёвы спаборнічаюць у тым, хто спрытней назаве белыя пірамідкі чорнымі.
Існуе меркаванне, што нас выратуе культура. Тонкі налёт невытлумачальнага, маральны кодэкс, скрыжалі існавання чалавецтва, якія знікаюць імгненна, калі становяцца непатрэбнымі і замінаюць дасягненню мэт. Культура — своеасаблівая сістэма стрымліванняў і проціваг homo sapiens, фундамент развіцця, важны нацыяўтваральны кампанент: менавіта яна, «свая», аўтэнтычная — літаратура, музыка, кіно, тэатр — дае магчымасць амерыканцам адчуваць сябе амерыканцамі, украінцам — украінцамі, беларусам — беларусамі. Тая культура, якая была амаль цалкам выразаная ў 30-я гг. і якая, нібы трава з-пад асфальту, павольна аднаўлялася з 90-х. Культура ў самых шырокім яе разуменні — ад напісанай і выдадзенай кніжкі да агульнапрынятага этыкету і ўласных прынцыпаў.
У нашай прасторы доўгія гады адбывалася недаравальная падмена паняццяў. Культурай зрабілі ідэалогію, узвёўшы яе ў ранг абсалюту, і нават пры адсутнасці яе як такой працягвалі гэта рабіць — па савецкіх ці расійскіх лякалах. Таму культурай ладнай часткі з нас стала расійская поп-сцэна, дзе даўно развучыліся спяваць ротам, «Вуліцы разбітых ліхтароў» і іншыя чэкісцкія оды, а таксама прапагандысцкія цэбры хлусні.
Усе гэтыя «Дом-2», дзіўныя па ўзроўні агрэсіі ток-шоу а-ля «паказальная лупцоўка» і «самабічаванне», «наша раша», што даўно паразітуе на прымітыўнасці абывацеля, жаданні парагатаць хоць з чагосьці, хоць з саміх сябе ў адсутнасць здольнасці да аналізу і працы над памылкамі.
Памылкі? Багі не здзяйсняюць памылак — яшчэ адзін падступны складнік страшнага кактэйлю свядомасці «маленькага чалавека», які прэтэндуе на тытана. Імперская веліч была прапанаваная тым, хто так і не вырас з «чырвонай утопіі», як адзіны сродак, здольны запоўніць сабою пустэчу адсутнасці гонару, згенераваць усе гадамі выпешчаныя крыўды ў адзін вялікі згустак, накіраваць яго на патрэбную цэль і адпомсціць за тое, што крывое люстэрка гісторыі ў чарговы раз адмовілася паказаць жаданае.
Апафеоз «культурнай мішуры» — усе гэтыя салаўёвы, кісялёвы, скабеевы, азаронкі і мукавозчыкі — галоўная «пабеданосная вайна» ў гісторыі постсавецкай прасторы і, можа быць, нават больш глабальна. Вайна за свядомасць, за каштоўнасці і культурныя коды, за магчымасць называць злачынцаў святымі, акупантаў — вызваліцелямі, свалачэй — героямі, проста гледзячы ў вочы суразмоўцу.
Гэтай імперскасцю, маніяй велічы заражаныя цяпер усе людзі, у якіх культура аказалася настолькі тонкай і нетрывалай перад выклікамі паўсядзённасці, што яна ж першай і стала ахвярай пошуку ворагаў, «не такіх», нічым не апраўданага ўзвышэння над іншымі, пагарды і ганарлівасці, якія проста не ведаюць межаў.
Першымі былі забітыя самапавага і павага да іншага. З тэлевізараў раздавалі цэтлікі, выплёўвалі абразы, заклікалі да расправы... Далей забілі любую праяву чалавечнасці, здольнасці да спачування, імкненне дапамагаць. Да сценкі паставілі і свабоду слова, чужое меркаванне, крытычны погляд на свет. Паралельна, канешне, грамілі СМІ, грамадзянскую супольнасць, НДА, універсітэты, інтэлігенцыю, пакідаючы прастору для гебельсаўскага «вырошчвання свіней».
«Свінні» выраслі на вельмі ўрадлівай глебе: дзясяткі гадоў паразітавання і поўнай адсутнасці хоць якой падставы для гонару. Наша гетаізаваная культура не змагла дайсці да зламанай свядомасці людзей, на чыю долю не выпала нічога заўважнага, істотнага, стваральнага. Інтэлігенцыя, самая думаючая і рэфлексуючая частка грамадства, не прапанавала ім уцямнай ідэі, якая магла б даць сапраўдную нагоду для гонару — таму што мы самі ўвесь час шукалі яе ў перапынках паміж сваркамі за мову. Мы лічылі, што са сваім уставам тут спрацуе, у той час як трэба было думаць з іх пазіцыі — з пазіцыі гэтай маўклівай большасці, якая ўвесь час настальгізавала па вялікай дзяржаве, моцнай руцэ і адсутнасці неабходнасці браць на сябе адказнасць. Адзіны момант кантакту, уздыму, гонару быў у 2020-м, але ён здарыўся позна і быў занадта кароткім, каб яго хапіла для выкаранення дзесяцігоддзяў наратыву «маленькага чалавека, які “не тварь дрожащая” і “мае права”».
Гэта вайна не за тэрыторыі — таму канфлікт не можа быць і не будзе лакальным. Гэта вайна культур. Архаікі і мадэрна, калі хочаце. Закасцянеласці і развіцця. Мінулага, якое адчайна супраціўляецца, і няўмольна надыходзячай будучыні. Няма ніякага сумневу, што гэтая вайна ўжо прайграная нападаючымі. Няма ніякага сумневу, што ў перспектыве імперыя знікне нават у галовах людзей. Але цалкам магчыма, што гэтая перспектыва — як і культура бескультур’я — расцягнецца не на адно жыццё. І хто застанецца пасля?