Масавыя пахаванні ў Барадзянцы: пошук забітых нельга пачаць, бо ўсё замінаванае

Пра расстрэлы ў падвалах і лясах Барадзянкі распавядаюць мясцовыя жыхары, але целаў яшчэ не знаходзілі. Пошук забітых не могуць распачаць, бо тэрыторыя замінаваная.

У Барадзянцы не могуць пачаць пошук пахаваных у брацкіх магілах. Фота: Раман Бачкала

У Барадзянцы не могуць пачаць пошук пахаваных у брацкіх магілах. Фота: Раман Бачкала

Інфармацыя пра масавыя пахаванні забітых расійскімі акупантамі ў Барадзянцы ёсць, але трэба спачатку размініраваць тэрыторыю, каб гэта пацвердзіць або зняпраўдзіць. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка штаба камандавання Сухапутных войскаў УСУ, брыгадны генерал Аляксандр Грузевіч на брыфінгу, паведамляе УНІАН.

Генерал адзначыў, што Барадзянка, якую амаль напалову разбурылі расійскія акупанты, з'яўляецца звычайным украінскім мястэчкам, дзе няма вайсковай часткі.

«Паводле нашых даных, у Барадзянцы ёсць пахаванні», — сказаў Грузевіч.

Ён спаслаўся на інфармацыю ад мясцовага насельніцтва, якое паведамляе, што падчас акупацыі расійскія войскі здзяйснялі масавыя расстрэлы ў падвалах і што вывозілі людзей у лясы, а потым гэтых людзей больш не бачылі.

Генерал адзначыў, што для пошуку гэтых людзей патрэбны час, таму што тэрыторыя ўся замінаваная.

«Трэба спачатку размініраваць і потым знайсці, пацвердзіць або абвергнуць гэтыя даныя. Але гэта пакуль усё на словах. З гэтай мэтай створаны адпаведныя групы, якія будуць усё даследаваць, але ў першую чаргу мы павінны расчысціць тэрыторыю ад пакінутых мін, якія не разарваліся, снарадаў. А іх, на вялікі жаль, столькі, што працы вельмі шмат. Мы Бучу ўжо чысцім амаль тыдзень, і ўсё і знаходзім, і знаходзім, і цэлымі складамі знаходзім», — сказаў Грузевіч.