Прарасійская прапаганда ў Беларусі
Галоўнай крыніцаю прарасійскай прапаганды ў Беларусі з’яўляецца тэлебачанне. Рэзкае павелічэнне бюджэтнага фінансавання дзяржаўных медыя ў 2019 годзе пакуль не прывяло да прадэклараванага беларускімі ўладамі павелічэння беларускага кантэнту ў тэлевізійных СМІ.
Да такой высновы прыйшлі аўтары маніторынгу «Прарасійская прапаганда і асвятленне "паглыбленай інтэграцыі" на беларускім дзяржаўным тэлебачанні», прэзентаванага 23 студзеня ў сядзібе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Гэты маніторынг праводзіўся летась з 21 кастрычніка да 17 лістапада. У снежні чакалася падпісанне дакументаў па паглыбленні інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Паводле старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, у гэты час гучалі алармісцкія выказванні з нагоды магчымай страты нашай краінай дзяржаўнага суверэнітэту, таму было вырашана высветліць, як гэтая тэма асвятляецца ў медыях Беларусі.
Паводле сацыялагічных даследаванняў, больш за 70% насельніцтва атрымлівае інфармацыю з тэлеканалаў, таму было вырашана зрабіць акцэнт менавіта на тэлевяшчанні. Для гэтага быў абраны прайм-тайм (з 19.00 да 24.00), а аб’ектамі даследавання сталі тэлеканалы «Беларусь 1», «ОНТ, СТВ, «Мір», «РТР-Беларусь», «НТВ-Беларусь», «Беларусь 2» і «Беларусь 3».
Як і год таму, чатыры тэлеканалы ў прайм-тайм дэманстравалі больш за 60% прадукцыі расійскай вытворчасці, а доля такіх праграм за год у двух тэлеканалаў («Беларусь 2» і «РТР-Беларусь») нават узрасла. Андрэй Бастунец звярнуў увагу, што апошнім часам рэзка павялічылася дзяржаўнае фінансаванне афіцыйных СМІ Беларусі, асабліва Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Так, калі ў 2018 годзе з бюджэту на падтрымку дзяржаўных медыя выдаткоўвалася 55,47 мільёна долараў у эквіваленце (у тым ліку 37,56 мільёна Белтэлерадыёкампаніі), то ў 2019 годзе гэтыя сумы складалі ўжо 72,23 мільёна і 50,66 мільёна адпаведна, а ў 2020 годзе — 73,145 і 56,208 мільёна долараў ЗША. «Гэта рабілася, відаць, для таго, каб падрыхтаваць беларускі прадукт у супрацьвагу расійскім СМІ, аднак асаблівага поспеху гэта не мела», — мяркуе кіраўнік БАЖ.
Так, на канале «НТВ-Беларусь», які ўваходзіць у структуру Белдзяржтэлерадыёкампаніі, доля перадач расійскай вытворчасці ў прайм-тайм заставалася вельмі высокай — 74,2%, пры гэтым час расійскіх перадач быў яшчэ большым — 87% эфірнага прайм-тайму. Пры гэтым беларускія навінныя і публіцыстычныя праграмы тут адсутнічалі ў прынцыпе. У пяці з васьмі каналаў, якія ўвайшлі ў даследаванне, сумарны час расійскіх тэлеперадач значна перавышаў 60% эфіру.
У той жа час, як адзначаюць аўтары даследавання, зніжэнне градуса інтэграцыйнага захаплення суправаджалася пераключэннем акцэнтаў — адыходам ад дэманстрацыі прыярытэтнай звязкі з уласна Расіяй на постсавецкія геапалітычныя альянсы кшталту ЕАЭС і важную ролю ў іх беларускага кіраўніка дзяржавы. Адначасова з узрастаннем напружанасці ў дачыненнях паміж Беларуссю і Расіяй у эканамічнай сферы «суверэнная» рыторыка стала заўважна больш жорсткай.
Як адзначае медыя-эксперт Максім Жбанкоў, інфармацыя з беларускага боку падаецца такім чынам, што галоўным інтэгратарам на постсавецкай прасторы з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка, як самы паслядоўны і шчыры, а вось з партнёрамі ў іншых краінах, асабліва ў Расіі, яму не пашчасціла. «У нас такі цудоўны праект, а вось рускія асабліва не спяшаюцца, яны з намі недасяброўваюць, яны не ўкладаюць сюды столькі душы, колькі ўкладаем мы… Атрымліваецца так, што самымі рускімі аказваюцца беларусы, самымі шчырымі інтэгратарамі з’яўляемся мы, а вось яны не вельмі», — працягвае прамоўца.
Максім Жбанкоў звярнуў увагу на тую акалічнасць, што з эфіраў практычна знік такі жанр, як VOX-populi — апытанне людзей, чаго яны хочуць. «Ніхто не наважваецца гэта рабіць, таму што, відаць, вынікі будуць не вельмі станоўчыя, меркаванне народа адсутнічае. Ёсць толькі рыторыка, што мы адзіны народ, што ў нас агульнае мінулае, агульная гісторыя», — адзначае эксперт. Яшчэ яго ўражвае, што ў гэтым інтэграцыйным праекце цалкам адсутнічае стратэгія будучыні. «Адсутнічае заўтра, паслязаўтра, адсутнічае перспектыва. Навошта нам гэта трэба? А таму, што мы браты, вось і ўсё. А гарызонтаў, будучыні няма ўвогуле», — падкрэслівае Жбанкоў.
І яшчэ. Пры павелічэнні (асабліва да заканчэння перыяду маніторынга) колькасці і жорсткасці матэрыялаў, якія ўтрымліваюць крытыку інтэграцыйных працэсаў і паводзін расійскіх улад, у беларускім эфіры, як і раней, на розных узроўнях дамінаваў «русский мир»: ад агульнай расійскацэнтрычнай мапы свету да перавагі расійскага забаўляльнага кантэнта. Аўтары даследавання звяртаюць увагу, што ў прайм-тайм ідуць пераважна расійскія серыялы, забаўляльныя праграмы. Чаго не скажаш пра тэле-прадукцыю беларускай вытворчасці. «У Беларусі няма паслядоўнай і ўцямнай нацыянальнай культурнай палітыкі. Ёсць сітуацыя капіравання, сітуацыя імітацыі расійскай прадукцыі, але няма ўнутранай паслядоўнай палітыкі ўзаемаадносінаў з гісторыяй, — лічыць Максім Жбанкоў. — Няма нацыянальнага гераічнага іканастаса, які б быў прыняты дзяржавай і выкарыстоўваўся б як аснова для фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці. Няма паслядоўнай сістэмы нацыянальнай адукацыі. Усё гэта ў суме робіць немагчымай індустрыю культуры».
Беларускім уладам і кіраўніцтву тэлеканалаў варта было б задумацца над павелічэннем у тэлеэфіры кантэнта вытворчасці трэціх краін і аб павышэнні долі эфірнай прадукцыі на беларускай мове (паспяховым прыкладам можа служыць тэлеканал «Беларусь 3»), раяць аўтары маніторынгу.