Калі імідж ужо не ўратуеш: МУС абвясціла конкурс для СМІ

МУС аб'яўляе конкурс на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. У рэдакцыі «Новага Часу» задумаліся: можа, варта падацца?

mvd.gov.by

mvd.gov.by

Дзейнасць ведамства часта становіцца тэмай і для артыкулаў НЧ. Напрыклад, мы пісалі пра тое, як у Мінску супрацоўнікі міліцыі сярод ночы выкралі айцішніка Глеба Рубанава, змясцілі яго на 30 гадзін у ізалятар на Акрэсціна ў немагчымыя ўмовы, а потым даставілі ў суд і адпусцілі.
Ці шчыра спрабавалі разабрацца, для чаго быў патрэбны публічны разгром Лукашэнкам сілавікоў у жніўні мінулага года — раптам прадстаўнікоў самай мужнай прафесіі ўшчувалі незаслужана?
Мы нават апыталі вядомых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краіны пра тое, як яны ацэньваюць працу экс-міністра Ігара Шуневіча.
Захапляліся віртуозным раскрыццём беларускімі міліцыянерамі «кіберзлачынства» ў інтэрнэце.
Карацей, матэрыялаў аб працы нашых праваахоўных органаў назбіралася багата. Вось толькі на сайце МУС у абвестцы пра конкурс мы не знайшлі намінацый пра асвятленне катаванняў, выкрыццё міліцэйскіх ілжэсведчанняў і падобных.
Ды і сама ўзнагарода за перамогу ў конкурсе выглядае, шчыра кажучы, дзіўнавата — нібы дужка ад кайданак. Можа, ну яго, гэты конкурс?..