465-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: Зяленскі заявіў пра гатоўнасць да контрнаступу

Украіна гатова да контранступу, а расійцы ў чаканні паразы працягваюць загаворваць тэлевізар меркаванымі перамогамі.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua


***

Украінскія сапёры ў рамках падрыхтоўкі контрнаступлення УСУ на працягу ўжо некалькіх тыдняў вядуць карпатлівую працу па выдаленні мін на мяжы тэрыторый, акупаваных Расіяй, паведамляе амерыканская газета «The Washington Post». Паводле яе інфармацыі, украінскія інжынеры і сапёры ў некаторых выпадках выкарыстоўваюць для сваёй працы новае абсталяванне, прызначанае для прарыву абарончых умацаванняў, у тым ліку спецыяльна мадыфікаваныя транспартныя сродкі на базе нямецкага танка «Leopard 2».

***

Украіна гатовая да контрнаступлення, заявіў яе прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю «The Wall Street Journal». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што не ведае, колькі часу спатрэбіцца на гэтую аперацыю. Акрамя таго, Кіеў хацеў бы атрымаць больш узбраенняў ад сваіх партнёраў, указаў украінскі лідар. «Мы хацелі б мець пэўныя рэчы, але мы не можам чакаць месяцамі, — адзначыў Зяленскі. — Я не ведаю, колькі контрнаступ будзе працягвацца. Шчыра кажучы, ёсць некалькі варыянтаў развіцця сітуацыі, цалкам розных. Але мы гатовыя».

Паводле яго слоў, украінскія ўлады і камандаванне цвёрда вераць у поспех. Вяртанне Украінай сваіх часова акупаваных праціўнікам тэрыторый зменіць дынаміку вайны, упэўнены Зяленскі.

***

Па ўсёй Украіне да 3 чэрвеня праверана больш за 4800 бамбасховішчаў, паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Кліменка. Паводле звестак міністра, з іх 252 былі зачыненыя, а 893 — непрыдатныя для выкарыстання. «Усе парушэнні зафіксаваныя. Складзеныя акты перадалі адказным органам для ліквідацыі недахопаў», — заявіў кіраўнік МУС. Праверкі пачаліся пасля 1 чэрвеня, калі ад расійскага ракетнага абстрэлу ў Кіеве загінулі некалькі чалавек, у тым ліку дзіця. Як высветлілася, у Дзяснянскім раёне горада людзі не змаглі схавацца ў бамбасховішчы, паколькі яно было закрыта.

***

Расійскія Паветрана-дэсантныя войскі адыгрываюць усё больш важную ролю ў баях у раёне Бахмута, піша Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў новым аглядзе, спасылаючыся на звесткі выведкі. Паводле іх, на дадзены момант у гэты сектар перакінутыя часткі 76-й і 106-й дывізій і двух дадатковых асобных брыгад ПДВ. Пры гэтым ПДВ «моцна дэградавалі ў параўнанні са сваім "элітным" статусам да ўварвання», заяўляюць у Лондане. Расійскія камандзіры, верагодна, «спрабавалі захаваць некаторыя з гэтых усё яшчэ адносна баяздольных падраздзяленняў у якасці незадзейнічанага рэзерву», аднак, паколькі гэтыя падраздзяленні давялося накіраваць на ўтрыманне лініі фронту ў Бахмуце, усе расійскія сілы, верагодна, будуць менш гнуткімі ў рэагаванні на аператыўныя выклікі, рэзюмуе брытанскі бок.

***

У расійскай інфармацыйнай прасторы акцэнт у дыскусіі аб размеркаванні адказнасці за невялікія тактычныя поспехі ў раёне Бахмута ссоўваецца на бягучую наступальную аперацыю сіл РФ па захопе Мар'інкі, якая падчас баёў была амаль цалкам разбураная, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) у чарговым аглядзе. Гэтыя дыскусіі пра адказнасць супадаюць з паведамленнямі пра прыбыццё чачэнскіх сіл у раён горада і, верагодна, накіраваныя на падрыў здольнасці кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава выкарыстоўваць любыя наступныя тактычныя поспехі для павышэння свайго аўтарытэту і аднаўлення сваіх ваенізаваных фарміраванняў у якасці асноўнай нерэгулярнай наступальнай сілы, падкрэсліваюць эксперты.

Да вайны ў Мар'інцы пражывала 10 000 чалавек. Паводле слоў аналітыкаў, горад не мае ні тактычнага, ні аператыўнага значэння, і яго захоп, хутчэй за ўсё, прынясе Крамлю нязначную інфармацыйную выгаду. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія сілы прасунуліся менш чым на 2 км ад падкантрольнай у 2014 годзе тэрыторыі вакол Мар'інкі, адзначаюць эксперты ISW.

***

Расійскае Міністэрства абароны непамерна рэагуе на рэйды ў памежныя вобласці, каб прадэманстраваць сваю ўпэўненасць і кампетэнтнасць у барацьбе з вонкавымі пагрозамі, піша ISW.

Міністэрства абароны 1 чэрвеня апублікавала другое паведамленне пра рэйд у Шэбекіне Белгарадскай вобласці, у якім асаблівая ўвага надавалася своечасовасці і маштабу рэакцыі вайскоўцаў на тое, што адбылося.

На працягу гадзіны пасля пачатку рэйду дадатковыя падраздзяленні Заходняй ваеннай акругі былі накіраваны да мяжы і нанеслі масіраваныя ўдары ракетамі, артылерыяй і агнямётнымі сістэмамі. Пазней Мінабароны паведаміла аб узнагароджанні камандзіра неназванага мотастралковага батальёна падпалкоўніка Аляксандра Нікіціна за кіраўніцтва абаронай мяжы. Верагодна, гэта было зроблена, каб «перамогу» зноў не прыпісалі генерал-палкоўніку Аляксандру Лапіну, як гэта адбылося пасля рэйду 23 траўня.

Мінабароны Расіі, верагодна, так засяроджана на паказе расійскіх войскаў і камандавання як ўмелых абаронцаў краіны з-за трывогі адносна ўкраінскага контрнаступлення і таго, як любыя няўдачы ў адлюстраванні ўкраінскіх нападаў будуць інтэрпрэтаваныя ў інфармацыйнай прасторы.

Асобныя расійскія блогеры працягваюць выкарыстоўваць сітуацыю ў Белгародскай вобласці для крытыкі расійскага кіраўніцтва, у той час як іншыя перамяншаюць значэнне нядаўніх рэйдаў, гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым і ўкраінскія выведвальныя аперацыі, і дзеянні ў адказ Расіі за апошнія некалькі тыдняў былі вельмі нязначнымі ў параўнанні з сіламі, якія Украіна, як паведамляецца, рыхтуе да контрнаступу. Празмерная засяроджанасць Расіі на дробных тактычных бітвах падкрэслівае яе нервовасць і няўпэўненасць у дачыненні да будучага контрнаступу УСУ, пішуць эксперты ISW.

***

У іранскіх ударных беспілотніках тыпу «Shahed», якімі Расія атакуе ўкраінскія тэрыторыі, выяўленыя дэталі з краін Захаду, якія з'яўляюцца хаўруснікамі Украіны. «Мы іх разабралі і, на жаль, выявілі там часткі, якія не вырабляюцца ні ў Іране, ні ў Расіі», — заявіў у эфіры ўкраінскага агульнанацыянальнага тэлемарафона сакратар РНБА Аляксей Данілаў. Ён заклікаў высветліць, якім чынам вырабленыя на Захадзе дэталі трапляюць у Расію, нягледзячы на санкцыі. У той жа час Данілаў не выключыў, што гэтыя запчасткі маглі быць закупленыя яшчэ да пачатку вайны, паколькі большасць дронаў былі вырабленыя яшчэ ў 2019-2021 гадах.

***

Сумская вобласць Украіны цягам 2 чэрвеня зазнала 30 абстрэлаў, агулам на яе тэрыторыі зафіксаваны 181 выбух, паведаміла ў сацсетцы Facebook абласная вайсковая адміністрацыя. Паводле яе звестак, у выніку абстрэлаў адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін быў паранены. Акрамя таго, разбураныя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры. Расійцы вялі агонь галоўным чынам з мінамётаў, у астатніх выпадках — з артылерыі, у тым ліку з самаходных артылерыйскіх установак і гранатамётаў. Усяго абстрэлы зафіксаваныя ў васьмі абшчынах — Юнакоўскай, Хоцінскай, Белапольскай, Краснапольскай, Мірапольскай, Вялікапісараўскай, Зноб-Наўгародскай і Сярэдзіна-Будскай.

***

Раніцай у пятніцу губернатары адразу некалькіх расійскіх рэгіёнаў паведамілі пра начныя атакі беспілотнікаў: у Смаленскай вобласці беспілотнікі ўзарваліся на аб'ектах «Транснафты», у Калужскай нешта ўпала і выбухнула ў полі, пад Курскам, паводле не пацверджаных афіцыйных звестак, СПА збіла восем беспілотнікаў. Паводле звестак агенцтва «Reuters», праз пагрозу нападаў дронаў экспартны тэрмінал у порце Тамань у Краснадарскім краі спыніць перавалку звадкаванага газу на танкеры: на долю гэтага порта прыпадае блізу 7,5 адсоткаў усяго расійскага экспарту вуглевадароднай сыравіны і блізу 20 адсоткаў казахстанскага. 

Але вядуцца яшчэ і абстрэлы. Губернатар Бранскай вобласці расказаў пра абстрэл памежнай вёскі, а губернатар Белгародскай з раніцы і да самай ночы пісаў пра усё новыя і новыя абстрэлы розных населеных пунктаў і паведамляў усё звесткі пра загінуўшых і параненых: раніцай гаварылася пра гібель дзвюх жанчын у вёсцы Маслава Прыстань, увечары — пра двух забітых у вёсцы Собалеўка Валуйскай гарадской акругі, ноччу — пра новых параненых у Шэбекіне, піша «Настоящее время». Агульная колькасць параненых, калі скласці ўсе пералічаныя губернатарам Гладковым выпадкі, павінна скласці 18 чалавек.

Легіён «Свабода Расіі» сёння раніцай паказаў новае відэа абстрэлаў расійскай арміяй Белгародскай вобласці і прапанаваў мясцовым жыхарам эвакуацыю ва Украіну.

Удары, як паведамляецца, наносіліся хаатычна па населеных пунктах Шэбекіна, Новая Тавалжанка, Мурам і іншых.

У сувязі з гэтым байцы легіёна паведамілі, што пагадзіліся адкрыць гуманітарныя калідоры, і ўсе, каму патрэбная дапамога, могуць быць эвакуяваныя ўглыб Украіны на добраахвотнай аснове. Для гэтага трэба папрасіць аб прытулку ў байцоў РДК або «Свабоды Расіі».

***

За мінулыя суткі расійцы нанеслі 67 авіяцыйных і 17 ракетных удараў па тэрыторыі Украіны і здзейснілі 91 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Яны працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей. За мінулыя суткі адбылося 29 баявых сутыкненняў, паведамляе ў штодзённай зводцы Генштаб УСУ.

Авіяцыя сіл абароны Украіны за мінулыя суткі нанесла 15 удараў па раёнах засяроджання асабістага саставу РФ, а таксама 2 — па яе зенітна-ракетных комплексах.

За мінулыя суткі ўкраінскімі вайскоўцамі было знішчана 15 крылатых ракет і 17 ударных БПЛА тыпу «Шахед-136».

Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УСУ разбілі пункт кіравання, 2 склады боепрыпасаў, 2 станцыі радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыйную станцыю і рэактыўную сістэму залпавага агню праціўніка.