Хронікі рэпрэсій за 7 чэрвеня: затрыманне жонкі палітвязня і чарговы хапун у Гомелі

Сілавікі затрымалі жонку палітвязня, а іх дачку змясцілі ў бальніцу. Раду БНР прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем», а палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк адправілі ў Навінкі. Галоўныя навіны дня ў нашым аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


***

Лукашэнка памілаваў расіянку Соф'ю Сапега, якую ў Беларусі прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі. Яна ўжо выйшла на волю, паведаміў губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка.

— Я звярнуўся да Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі] на просьбу твайго бацькі. ...Таму цяпер усё — ты вольны чалавек, — сказаў Кажамяка Соф'і Сапега, калі тая выйшла з гомельскай жаночай калоніі.

Паводле слоў губернатара, сёння яна вылеціць у Маскву, а заўтра дадому — ва Уладзівасток.

***

У Пецярбургу затрымалі беларуса, якога шукаюць за негатыўныя водгукі пра Лукашэнку. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку спынілі яго напярэдадні, 6 чэрвеня, прыкладна а шостай гадзіне вечара каля дома №5 па вуліцы Звонавай. Адзначаецца, што ўлады паўтара года шукалі яго ў Мінскай вобласці.

Паводле версіі Следчага камітэта Беларусі, восенню 2021 года мужчына апублікаваў некалькі допісаў у сацсетцы «ВКонтакте» з негатыўнымі водгукамі пра Лукашэнку. У вышук яго абвясцілі ў студзені 2022 года.

Паведамляецца, што беларуса, імя якога не называецца, даставілі ў аддзел паліцыі. Пра яго затрыманне апавясцілі беларускіх сілавікоў.

***

З'явілася інфармацыя пра затрыманне сузаснавальніка і дырэктара ТАА «Друк-С» Сяргея Татарчука. Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманне адбылося ўчора раніцай дома ў Сяргея.

***

У Віцебску затрымалі Таццяну Пыцько — жонку палітзняволенага відэааператара. Іх аднагадовую дачку адправілі ў дзіцячую бальніцу — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў або апекуноў.

Затрыманне адбылося ўвечары 6 чэрвеня. Таццяна Пыцько дагэтуль знаходзіцца пад вартай. У праваабаронцаў ёсць падставы меркаваць, што яе затрымалі ў межах крымінальнай справы. Але пакуль немагчыма сказаць, ці затрыманая Таццяна Пыцько па той жа справе, якая тычыцца яе мужа.

Відэаператара-фрылансера Вячаслава Лазарава абвінавачваюць па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Ужо 4 месяцы яго трымаюць у віцебскім СІЗА-2.

***

Баранавіцкую студэнтку асудзілі за абразу Лукашэнкі проста ў ВНУ. Выязное судовае пасяджэнне ў дачыненні да 18-гадовай студэнткі БарДУ прайшло па ініцыятыве Баранавіцкай міжрайпракуратуры, якая выявіла «злачынства» падчас маніторынгу інтэрнэт-рэсурсаў, пасля чаго пракурор прыняў рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Паводле звестак пракуратуры, дзяўчына 26 верасня 2022 года, знаходзячыся ў інтэрнаце ўніверсітэта, пакінула ў адным з тэлеграм-чатаў абразлівы каментар на адрас Лукашэнкі.

Яна цалкам прызнала сваю віну. Ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады.

Пасля суда пракурор выступіў перад студэнтамі з «прафілактычнай» гутаркай.

***

Праваабаронцу Алегу Мацкевічу прысудзілі 15 сутак. Ад чалавека, які заспеў яго ў ізалятары, калегі даведаліся падрабязнасці затрымання мужчыны. На дадзены момант Мацкевіч знаходзіцца ў ізалятары Барысаўскага АУС. У панядзелак, 5 чэрвеня, над Мацкевічам адбыўся суд па адміністрацыйнай справе па арт. 19.11 КаАП РБ (нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Прычынай стаў нейкі допіс у Facebook.

Праваабаронцу прысудзілі 15 сутак, у раскладзе судоў працэс адсутнічаў. Вядома, што Алега Мацкевіча ўтрымліваюць у камеры на чатыры месцы, у якой знаходзяцца больш за дзесяць чалавек.

***

ГУБАЗіК затрымаў непаўналетняга жыхара Бярозы. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што хлопец, якога завуць Мікіта, быў стваральнікам нейкага таямнічага «Беларускага нацыянал-сацыялістычнага корпуса». Таксама нібыта ў яго дома знайшлі БЧБ-сімволіку і «кактэйлі Молатава», пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Сілавікі пішуць, што хлопец не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасці, таму «пакаранне панясуць яго бацькі, а ён адправіцца ў школу-інтэрнат, якая нічым не лепшая за калонію для непаўналетніх».

***

Паліну Шарэнду-Панасюк, якая адмовілася ад беларускага грамадзянства, адправілі ў Навінкі. Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.

«Этап з Рэчыцы на Мінск у Навінкі можа заняць два тыдні. Дакладна вядома, што перад этапам каля двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калоніі, хіба яе прыводзілі ў стан для этапу. А этапавалі з калоніі толькі некалькі дзён таму. Пакуль больш звестак пра жонку не маю. Відаць, будзе праходзіць у Навінках экспертызу».

***

Чарговы «хапун» ГУБАЗіК зладзіў у Гомелі. Сярод васьмі затрыманых — 27-гадовы Багдан Дудко родам з Добруша і 33-гадовая гамяльчанка Наталля Кірушчанка. Апошнюю абвінавачваюць у падпісцы на нейкія з рэсурсаў, прызнаных Мінінфармам «экстрэмісцкімі». Астатніх затрыманых сілавікі абвінавачваюць альбо ў падпісцы на «забароненыя» рэсурсы, альбо ў каментарах і публікацыях.

Іх лёс невядомы, як і даты затрымання: перыядычна ГУБАЗіК выкладвае відэа з людзьмі, затрыманымі некалькі тыдняў таму.

***

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» Рада БНР. Адпаведнае рашэнне КДБ прыняло 2 ліпеня 2023 года (у пастанове КДБ пазначаны ліпень).

Спіс «экстрэмісцкіх арганізацый» папоўнілі ТГ-каналы «Штодзень Гомель» і «97% Серебрянка». Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя інтэрнэт-сайт, YouTube-акаўнт і TikTok «Нашай Нівы». Гэта ж тычыцца і лагатыпа выдання.

Акрамя таго, Мінінфарм заблакаваў сайт газеты «Вячэрні Брэст».

***

У Беларусі +5 новых палітвязняў. Гэта фігуранты па справе «Атрада грамадзянскай самаабароны Беларусі» Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак, Аляксей Глотаў, Дзмітрый Сасноўскі.

Агулам, паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі прызнаныя палітвязнямі 1493 чалавекі. Ініцыятыва «Dissidentby» у сваіх спісах утрымлівае імёны 1734 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 17 палітычных зняволеных адпраўлены на прымусовае лячэнне.