«Дзеці ўсё бачылі і разумелі, для іх міліцыя была нядобрая». Лёс сям'і аднаго экс-палітвязня

Пакуль Віталь Жук адбываў пакаранне «за абразу прэзідэнта», чацвёра беларускіх дзяцей нон-стоп працягвалі барацьбу з рэжымам, малюючы і адпраўляючы сотні паштовак палітычным зняволеным, якім, акрамя іх, амаль ніхто не пісаў…

Малюнкі і паштоўкі палітвязням

Малюнкі і паштоўкі палітвязням


Пасля пратэстаў 2020-га кобрынец Віталь Жук зведаў адміністрацыйны ціск і крымінальны пераслед, апынуўшыся ў няволі амаль на 2 гады: ЛПП, 1,5 года калоніі за «абразу Лукашэнкі», ШІЗА і амаль паўгода ў памяшканні камернага тыпу — «турмы ў турме». Увесь гэты час на волі яго чакалі і падтрымлівалі блізкія — жонка Маргарыта і чацвёра дзяцей.

На пачатку 2023 года Віталь выйшаў на волю, але сілавікі паабяцалі, што не пакінуць у спакоі — ні яго, ні родных — і сям’я вымушана была з’ехаць з Беларусі.

— Для іх Лукашэнка і міліцыя хутка сталі ворагамі, — расказвае «Еўрарадыё» Маргарыта Жук, паказваючы фота сваіх дзяцей: 11-гадовай Аляксандры, 8-гадовага Арцёма, 6-гадовай Анастасіі і 3-гадовай Машы.

За кратамі ў маленькіх партызан з'явіліся сябры. Часам ад іх таксама прыходзілі лісты.

— Дзеці вельмі радаваліся, калі атрымлівалі адказы! Для іх гэта была таксама нейкая падтрымка. Адзін палітвязень пісаў нам апавяданні пра ката, а наша дачка Сашанька вельмі любіць катоў! Было шмат і іншых цікавых гісторый…

Працягваючы барацьбу, дзеці абмяркоўвалі, што можна зрабіць, каб вызваліць беларускі народ, і прыдумлялі мноства планаў. Адным з іх — сабраць грошы на выкуп для ўсіх беларусаў, а Лукашэнку... выкінуць у балота.

Цяпер сям'я эмігравала ў Італію і, пакуль не вырашыцца пытанне з усімі дакументамі, мае вялікую патрэбу ў падтрымцы. Але нават у сваёй вельмі няпростай сітуацыі родныя працягваюць чым могуць дапамагаць і падтрымліваць іншых беларусаў, бо вераць: «Шанец на тое, што наша краіна стане свабоднай, вядома ж, ёсць. Галоўнае — быць разам».

— Чаму ўсё ж не Лукашэнка?

— Падчас перадвыбарчай кампаніі мы свае галасы аддалі за Віктара Бабарыку. На выбарах — за Святлану Ціханоўскую. Супраць Лукашэнкі былі далёка да падзей 2020 года. Мы бачылі, што адбываецца ў краіне і як не развіваецца эканоміка, што ўсе законы, якія прымаюцца, толькі пагаршаюць наша жыццё. Я ўсё разумела і як чалавек, які працаваў у дзяржаўнай арганізацыі, і як мама. Муж пастаянна чытаў навіны і сачыў за палітыкай.

У Беларусі я працавала аператарам сувязі на пошце. Там была пастаянная «абязалаўка». Напрыклад, супрацоўнікі мусілі падпісваць людзей на дзяржаўныя газеты. Калі ніхто не хацеў падпісвацца, трэба было выпісаць газеты самой за свае грошы, нават калі ты іх не чытаеш. Абсурд, але нас прымушалі.

— У вас чацвёра дзяцей. Як у нашай краіне развіты сферы адукацыі і аховы здароўя?

— Калі казаць пра адукацыю, то з кожным годам яна робіцца ўсё горшай. Гэта датычыць і праграмы, і колькасці гадзін для засваення прадметаў. Самі настаўнікі скардзіліся, што не паспяваюць тлумачыць.

Я сядзела ў дэкрэце і праз усё гэта прайшла разам з дзецьмі, таму добра разумею, пра што кажу.

У школу мае дзеці пайшлі, ужо ўмеючы чытаць і часткова пісаць. Я правярала ўрокі і бачыла, што сучасныя падручнікі значна складанейшыя за тыя, па якіх вучылася сама. Мне даводзілася занурацца ў тэмы і тлумачыць простымі словамі. Асабліва гэта датычыла матэматыкі, на шчасце, я ў школе яе любіла і магла дапамагчы. З настаўнікамі па англійскай мове заўсёды былі праблемы. Яны часта мяняліся, кожны тлумачыў па-свойму, дзецям было вельмі няпроста.  

Разумеючы, што англійская мова патрэбна, мы адправілі дачку на курсы. Вынік быў відавочны. То-бок разумееце, вось ёсць школа, у ёй дзеці павінны прайсці праграму навучання, а ў выніку атрымліваецца, што трэба плаціць рэпетытарам, каб тыя патлумачылі тое, што не змаглі ці не паспелі растлумачыць нармальна ў школе.

Цяпер мы жывём у Італіі. Дачка ходзіць у пяты клас, ужо трохі камунікуе на англійскай з сябрамі.

Гаворачы пра школу, цяжка забыцца на пастаянныя паборы нібыта на рамонт, які ніколі не заканчваўся. Пасля выбараў на просьбы прынесці грошы я пачала адказваць, маўляў, вярніце нам нашы галасы, тады пагаворым.

Што да аховы здароўя, то для мяне гэта балючая тэма. Пэўны час мы жылі ў вёсцы. Там доктар наогул не ўмеў лячыць і ўвесь час кансультаваўся з гарадской клінікай. Каб не марнаваць часу, мы проста вазілі дзяцей у горад. Я ведаю, што ў нас ёсць добрыя дактары, але праз сітуацыю ў краіне якасць медыцыны моцна падае.

Дактароў не хапае — у паліклініках вялізныя чэргі. Калі здаровыя дзеці праходзяць планавы агляд, яны сядзяць побач з хворымі людзьмі. Хіба гэта нармальна? Да вузкіх спецыялістаў запісацца заўсёды складана. Увогуле, працэс арганізаваны вельмі няправільна.

  

— У 2020 годзе на пратэсты хадзіў ваш муж, а вы сядзелі дома з дзецьмі. Вам было страшна?

— Я яго не спыняла. Казала, каб рабіў тое, што лічыць патрэбным. Вядома, перажывала, асабліва пасля падзей 10 жніўня, калі ўжывалі святлошумавыя гранаты. І, вядома, было такое, што я пыталася, можа, не пойдзеш. Я разумею, што магло адбыцца ўсё што заўгодна, але і разумею, што не выходзіць ён не мог.

Наша сям'я ніколі не прыкрывалася дзецьмі, маўляў, вось у нас дзеці, значыць, трэба маўчаць. Наадварот, муж казаў, што трэба ісці, бо ад нас залежыць іх будучыня. Дарэчы, па артыкуле 23.34 яго затрымлівалі на іх вачах.

Начапілі кайданкі, не далі пераапрануцца. Адзін з тых, хто затрымліваў, з прозвішчам Вайтовіч, нават пагражаў: «Калі ты трапішся мне, то будзеш пад сябе хадзіць». Вось тады я моцна спалохалася! Баялася, што паб'юць. Па ўсім горадзе прайшлі затрыманні. Я патэлефанавала ў РУУС і расказала пра гэту сітуацыю, выказаўшы надзею, што з маім мужам будзе ўсё ў парадку. Праз некалькі дзён мужа, на шчасце, адпусцілі, выпісаўшы штраф.

— Але потым яго ўсё ж пасадзілі. Што адбылося?

— Яшчэ ў жніўні пасля выбараў муж напісаў «Укантакце» зварот да Лукашэнкі, маўляў ты — забойца, мы ўсе ведаем пра гэта, і што я падпісваюся пад тым, што ты ці пойдзеш сам, ці над табой будзе суд, ці трапіш у рукі раз'юшанага натоўпу. Ён назваў Лукашэнку забойцам і тыранам, а амапаўцаў — сабакамі. Гэта цытавалі падчас суда.

Пазней пачаўся пераслед. Муж жыў на дзве кватэры, працаваў у горадзе. Дома стараўся не бываць. Яго сцераглі, потым у нас былі неаднаразова ператрусы. Калі падчас першага было неяк трывожна, то потым я ўжо дакладна ведала, што гэтыя людзі хочуць парушыць мае правы, правы майго мужа і нашых дзяцей. Затрымалі ў лютым 2021 года — «за экстрэмізм».

— Як на гэта ўсё рэагавалі дзеці?

— Усе ператрусы праходзілі на вачах у дзяцей, то-бок дзеці ўсё бачылі і разумелі, таму для іх міліцыя ўжо была нядобрая. Калі яны мяне спыталі, чаму затрымалі тату, я патлумачыла: тата выказаў сваё меркаванне, хацеў для вас лепшага жыцця, ён ні ў чым не вінаваты, а злыя міліцыянты яго затрымалі. Усё як ёсць. Вось, то-бок яны пыталі, чаму затрымліваюць тату.

— Чаму вашага мужа спачатку адправілі ў ЛПП?

— Проста на злосць. Вырашылі паказаць, што ён вось быццам такі ненармальны, дэградзіраваны чалавек. Мой муж мог часам выпіць, як і многія, але ён сапраўды не алкаголік. Паўгода, якія ён там прабыў, у агульны тэрмін не ўключылі.

Умовы ўтрымання ў ЛПП №5 у Навагрудку калі не горшыя, чым у турме, то дакладна нічым не лепшыя. Увогуле, тая ж турма. Муж расказваў мне гісторыі пра ўтрыманне там, паводле якіх потым журналісты пісалі артыкулы. Таксама я спрабавала вывезці з ЛПП лісты людзей са скаргамі на тое, што іх трымаюць там незаконна (у іх былі даведкі), але ў выніку мяне пратрымалі там 3,5 гадзіны, пакуль я іх не аддала.

Добра, што хоць лісты даходзілі, часам нават былі званкі, можна было дамагчыся спаткання, але таксама не адразу.

Памятаю, як прыехала на адно са спатканняў з малодшай дачкой, ёй толькі год споўніўся. Увесь час да гэтага я паказвала ёй фатаграфіі і расказвала пра тату. Мне было важна, каб яна яго пазнала. Так і атрымалася. Убачыўшы тату, яна зусім не разгубілася і пабегла да яго. Гэта было да слёз. Муж таксама вельмі моцна знерваваўся, бо не чакаў, што я яе вазьму. На той момант яны не бачыліся чатыры месяцы.

mar_1_06_1__1__1.jpg


— Як дзеці перажылі ўвесь тэрмін затрымання бацькі?

— Сыну было складаней, бо ён аказаўся ў дзявочым царстве, а так мы ўсе вельмі аб'ядналіся. Калі муж сядзеў у калоніі, ён пісаў нам пра тое, з кім сядзіць. Расказваў, што адным пішуць блізкія, а іншым не. Тады мы з дзецьмі ўзялі за правіла рабіць разам паштоўкі для палітвязняў і адпраўляць іх на святы. За 2022 год мы адправілі трохі больш за 600 паштовак. Яны ўсе былі намаляваны дзецьмі. Свой унёсак зрабіла і малодшанькая Машанька: мы абмалёўвалі яе ножкі і ручкі. Так, напрыклад, тата сачыў за тым, як расце яго дачка.

Пачытаць яшчэ пра гэту моцную і адважную сям'ю, а таксама даведацца, як падтрымаць яе ў складаны час, вы можаце на сайце праекта «Хуткая ўзаемадапамога». Праект звязвае беларусаў, якім патрэбна дапамога, з тымі, хто гатовы прапанаваць фінансавую падтрымку. Усе заяўкі правяраюцца камандай валанцёраў.