Жонка былога палітвязня: Падчас першага вобшуку разгубілася, а другі ўжо здымала на камеру

Пра неверагодных беларусаў, добразычлівых італьянцаў і пра тое, як не скарыцца сістэме.

Тут і далей фота з асабістага архіву гераіні публікацыі

Тут і далей фота з асабістага архіву гераіні публікацыі

Пасля пратэстаў 2020-га кобрынец Віталь Жук зведаў адміністрацыйны ціск і крымінальны пераслед, апынуўшыся ў няволі амаль на 2 гады: ЛПП, 1,5 калоніі за «абразу Лукашэнкі», ШІЗА і амаль паўгады ў памяшканні камернага тыпу — «турмы ў турме». Увесь гэты час на волі яго чакалі і падтрымлівалі блізкія — жонка Маргарыта і чацвёра дзяцей.

Напачатку 2023 года Віталь выйшаў на волю, але сілавікі паабяцалі, што не пакінуць у спакоі — ні яго, ні родных, — і сям’я вымушаная была з’ехаць з Беларусі.

Пра тое, як ва ўмовах ціску не апусціць рукі, не баяцца і не маўчаць, як таго хочуць сілавікі, а таксама пра неверагодных беларусаў, добразычлівых італьянцаў і дапамогу іншым «Салідарнасці» распавяла ў вялікім інтэрв’ю жонка былога палітвязня Маргарыта Касабуцкая.

«У першы вобшук крыху разгубілася, а другі ўжо здымала на камеру»

Жнівень-2020 у Кобрыне запомніўся многім: пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, дэсант АМАПаўцаў, светлашумавыя гранаты ад сілавікоў, — і планамерны пераслед тых, хто выходзіў на мітынгі.

— Ужо 10 ці 11 жніўня да нас прыехалі супрацоўнікі нейкіх «органаў», пыталіся пра мужа, — прыгадвае Маргарыта. — 25 верасня 2020-га прыйшлі ўчастковы з ідэолагам, Віталя затрымалі, надзелі кайданкі, і дзеці гэта ўсё бачылі. Вобшукі таксама праходзілі пры іх.

Тады, зрэшты, абышлося адміністрацыйным штрафам, але пазней мясцовы РАУС узяўся за пераслед актывістаў усур’ёз. Віталь з’ехаў у Мінск, дзе была магчымасць падпрацоўкі, а Маргарыта з дзецьмі засталася на гаспадарцы і зведала ўсё «хараство» вобшукаў, вонкавага назірання за домам, раптоўных візітаў сілавікоў і г. д.

— Пагражалі, што паставяць сям’ю ў сацыяльна небяспечнае становішча, бо чаму гэта ваш муж ходзіць на мітынгі, а не бавіць час з сям’ёй. Я ім у адказ гаварыла: тое, што вы робіце — злачынства. Але не баялася — ні тады, ні потым, наогул іх ніколі не баялася, таму што ведала, што я не раблю ніякага злачынства. І пераслед мужа і іншых пратэстоўцаў, на маю думку, быў неправамерным і незаконным.

mar_2_06_1.jpg

Рэгулярнага назірання за домам беларуска не спалохалася і пачала дзейнічаць афіцыйным шляхам, абараняючы свае правы. Пісала скаргі на ўчастковага, які не аддаваў ёй пашпарт мужа, патрабавала копіі пратаколаў пры кожным вобшуку, перапісвала прозвішчы і пасады «гасцей».

— Падчас першага вобшуку крыху разгубілася і не ведала як сябе паводзіць. А другі я ўжо здымала на камеру, і не ведалі, як сябе паводзіць, самі аператыўнікі, — смяецца Маргарыта. — Хоць ужо прыканцы 2020-га мы разумелі, што на мужа завялі крымінальную справу за «абразу», але мы сябе паводзілі досыць акуратна, не давалі падстаў для арышту.

На пачатку лютага 2021 года Віталь патэлефанаваў жонцы ўначы і распавёў, што пад вокнамі кватэры, дзе ён знаходзіцца, стаяць людзі, і выйсці няма як — пяты паверх. А ўжо раніцай знаёмы пацвердзіў: так, прывязлі ў Кобрынскую бальніцу ў кайданках (як выявілася потым, яго якраз афармлялі ў ЛПП). Але спачатку жонцы нідзе не давалі інфармацыі — ні ў крымінальным вышуку, ні ў Следчым камітэце, куды Маргарыта тэлефанавала.

Паўгады Віталь знаходзіўся ў ЛПП, а потым, не выпускаючы, яго арыштавалі за «абразу прэзідэнта (арт. 368-1 КК) — допіс на асабістай старонцы «УКантакце», дзе быў змешчаны «Зварот да Лукашэнкі».

«Я даведалася, што такое салідарнасць»

— Пакуль мы жылі ў вёсцы і прыязджалі міліцыянты, суседзі ставіліся насцярожана — хоць усе мяне ведалі, я там вырасла. А падтрымку адчула потым — і ад кабрынчан, і ад беларусаў наогул. Я даведалася, што такое салідарнасць, калі цябе не пакідаюць адну і дапамагаюць — ці праз фонды падтрымкі, грашыма альбо прадуктовымі перадачамі, ці проста асобныя людзі, якія ведалі сітуацыю, — гаворыць Маргарыта. — У кобрынскім чаце, які яшчэ не быў прызнаны «экстрэмісцкім», разгарэлася спрэчка наконт майго мужа: адны спрабавалі яго ачарніць, былі такія «ўкіды», маўляў, мы ж ведаем, за што накіроўваюць у ЛПП, так яму і трэба, а другія, наадварот, абаранялі. Калі б не было гэтай вонкавай падтрымкі, то так бы, можа, цэтлік «алкаголіка і дэбашыра» застаўся б.

Зрэшты, і сам Віталь не апускаў рукі і перадаваў на волю лісты і скаргі, дзе расказваў пра прымусовую працу людзей на «лекаванні» ў ЛПП, пра стаўленне да іх, выкрываў схемы, паводле якіх беларуская драўніна ў абыход усякіх санкцый паступала ў замежныя краіны, — мабыць, і таму многім стала зразумела, што за сценамі «прафілакторыя», што называецца, «не ўсё так адназначна».

Агулам без мужа і бацькі сям’я правяла два гады. Многія вязні расказваюць, што па той бок кратаў, калі мала на што можаш паўплываць, прасцей, чым тым, хто чакае на волі. Распытваю Маргарыту, як яна спраўлялася ў гэты час — з чатырма малымі дзецьмі, пад пільнай увагай сілавікоў, адкуль браліся сілы?

mar_3_06.jpg

— Мяне добра падтрымлівала маці. Нейкі час яна жыла з намі — на той выпадак, каб быць з дзецьмі, калі і мяне затрымаюць. Таксама і мая сястра, і мама мужа, калі неабходна было паглядзець дзяцей, пакуль я збірала перадачы і пасылкі, стасавалася з адвакатам, афармляла скаргі, па даверанасці выступала ў судзе, спрабуючы аспрэчыць накіраванне ў ЛПП, а гэта ўсё забірала шмат высілкаў і часу, — то родныя заўжды прыходзілі на дапамогу.

Хоць у палітыку мае сваякі не лезлі, мы не спрачаліся на гэты конт, але мелі нармальныя зносіны.

Фонды дапамагалі з адвакатамі, і гэта таксама вельмі важна — бо «паводле загаду зверху» як толькі да нас не спрабавалі дачапіцца: з вобшукамі, праверкамі, падатковая раптам вырашыла зняць са шматдзетнай сям’і падаткі за ўвесь той час, што муж афіцыйна не працаваў.

Не раз давялося ездзіць на «размовы» ў міліцыю — выклікалі нібыта даць характарыстыку мужу, а насамрэч распытвалі, хто мне дапамагае, ці ёсць у мяне рахунак за мяжой, і ўсё такое.

«Нават калі са 100 паштовак прыходзіла тры адказы, гэта натхняла»

— Што яшчэ дапамагала не апускаць рукі? Вера ў дабро, у тое, што мая барацьба — за праўду. І, канешне, дзеці. Хоць фізічна працы было шмат, але маральна мы заўжды былі адзін за аднога.

Мы разам з імі пісалі лісты мужу, таксама яны малявалі паштоўкі іншым палітвязням, мы віншавалі іх з народзінамі — менш чым за год адправілі каля 600 віншаванняў. Адказы прыходзілі вельмі рэдка, але калі ўжо атрымлівалі — было адчувальна, як гэта важна для людзей, як ім прыемна, што на волі аб іх помняць і выказваюць падтрымку.

Нават калі са 100 паштовак прыходзіла тры адказы, гэта натхняла нас — і колькі маглі, мы працягвалі пісаць.

mar_5_06.jpg

Аднойчы, згадвае Маргарыта, яна прачнулася раніцай ад званка ў дамафон, і нейкая жанчына папрасіла спусціцца.

— Сэрца ў пяткі скокнула, бо ў Беларусі кожны стук у дзверы, калі ты не ведаеш, што мусяць прыехаць родныя, гэта напружанне і трывога, што зноў здарылася: ці вобшук, ці выклік, ці яшчэ нейкая непрыемнасць. А прыйшла маці аднаго з палітвязняў, які атрымаў паштоўку з малюнкам ад маёй малодшай дачкі, і папрасіў аддзячыць. Яна прынесла шакаладку, маленькую цацку — так было прыемна!

mar_7_06.jpg

Калі сям’і спрабавалі блакаваць перапіску з бацькам, Маргарыта адразу адрэагавала, адправіла скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратуру — і прабіла «сцяну маўчання», і хоць «згубленыя» лісты не знайшлі, але ўсе астатнія пачалі хадзіць бесперабойна.

Забіраючы з пошты лісты мужа, прыдумала невялікі хітрык — кожнага разу прыносіла дзецям нейкі ласунак, нібыта ад таты. Аднаго разу гэта быў вялікі кавун — і малыя вельмі сур’ёзна пачалі абмяркоўваць, дзе ж бацька ў турме мог вырасціць яго: мо, на падаконні, ці там ёсць агарод?

«Мама, як добра, што цябе не забралі…»

У лютым 2022-га адбылася дзіўная гісторыя. Спачатку прыйшлі з чарговым «аглядам» трое аператыўнікаў, але дзейнічалі ўжо па новай схеме. Панятых прывялі сваіх, нейкіх стажораў-міліцыянтаў, пасведчанні паказалі настолькі імкліва, каб жанчына не паспела нічога запісаць, ды яшчэ нахабна адказалі на заўвагу, маўляў, «мы тут пры чым, калі ў вас такая дрэнная памяць».

Затое, пакуль ішла спрэчка, старэйшая дачка паспела схаваць тэлефоны і ноўтбук пад коўдру на дзіцячым ложку, а зверху накідала цацак і пасадзіла гуляць малодшых. Таму сілавікі знайшлі толькі тэлефон сына і паглядзелі, як Маргарыта падпісаная ў Тэлеграме (але адразу пасля іх сыходу беларуска выдаліла акаўнт і падключыла наноў, на замежны нумар сябра).

— Я ў мясцовым тэлеграм-чаце, які ўжо быў прызнаны «экстрэмісцкім», заўсёды пісала толькі «Добрай раніцы», «Жыве Беларусь!», і заклікала людзей не ісці галасаваць на рэферэндум па Канстытуцыі — бо ўлада нелегітымная, і галасаванне гэтае нелегітымнае, таму мы яго не павінны прызнаваць зусім. Не ведаю, ці быў звязаны той вобшук з рэферэндумам, але адміністрацыйную справу па ім на мяне закрылі, бо нічога не знайшлі.

А ўсяго праз тыдзень прыйшла цэлая дэлегацыя: начальнік крымінальнага вышуку, два аператыўнікі і асобна жанчына-міліцыянт для персанальнага дагляду, дзве жанчыны з «аховы і абароны дзяцей», і яшчэ за дзвярыма засталіся вонкавыя назіральнікі.

Абшукалі маці Маргарыты перад тым, як выпусціць сустракаць унучку са школы, перагледзелі ўсе лісты з калоніі, зазіралі нават у лядоўню і сметніцу ў кухні… І раптоўна — «знайшлі» сярод дзіцячых цацак акуратна складзены БЧБ-сцяг.

— Ці падкінулі гэта ў папярэдні візіт, ці ў гэты — больш схіляюся да другой версіі, бо сцяг быў невялікі, а калі ў цябе ў кватэры натоўп народу, ты за ўсімі не ўгледзіш, — кажа Маргарыта.

Тады ў сям’і канфіскавалі ўсю тэхніку, нават стары разбіты планшэт, а школьны заплечнік дачкі, якая прыйшла ў гэты час, проста выдзернулі з рук і вывернулі на падлогу, па некалькі разоў зазіраючы нават у бокс для бутэрбродаў (дзяўчынка вельмі спалохалася, і потым гэтая сітуацыя «вылезла» нервовым зрывам).

— Калі ўсе сышлі, сын падышоў, абняў мяне і сказаў: «Мама, як добра, што цябе не забралі», — чутна, што Маргарыце нават сёння цяжка прыгадваць тыя падзеі.

mar_10_06_1.jpg

Але і на гэты раз ні захоўванне «экстрэмісцкай» сімволікі, ні «абразу прэзідэнта» сілавікі пацвердзіць не змаглі, бо нават у стрэсавай сітуацыі Маргарыта адмовілася даваць паказанні ў кватэры, без позвы і пратаколу, а ніякіх доказаў сувязі паміж яе акаўнтам і «экстрэмісцкімі» рэсурсамі ў сеціве не знайшлося. Таму яшчэ дзве адміністрацыйныя справы супраць яе закрылі — а мо, і не планавалі іх заводзіць, толькі дадаткова запалохвалі, каб менш актыўнічала. Прынамсі, вобшукаў пасля гэтага больш не было.

«Пагражалі, што пасадзяць наноў, і закон для гэтага не патрэбны»

У верасні 2022-га Маргарыта з дзецьмі дзякуючы фонду салідарнасці трапіла на вакацыі ў Італію, дзе пазнаёмілася з прадстаўніцай Народнай амбасады Юліяй Юхно і выступіла перад італьянскімі медыя, распавядаючы пра рэпрэсіі ў Беларусі.

Зрэшты, гэта не стала штуршком для ад’езду з Беларусі — яго верагоднасць лунала ў паветры, але разглядалася на крайні выпадак, калі на беларуску завядуць крымінальную справу і пагроза адабрання з дзяцей з сям’і стане рэальнай.

— Я вельмі хацела дачакацца мужа, бо збіраць пасылкі, падрыхтоўваць перадачы, якія прымаліся да адпраўкі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) — досыць цяжкая справа, якую ўжо складана было б рабіць ягонай маці. І наогул, калі прымаць рашэнне некуды ехаць, то ўжо ўсім разам. Дзякаваць богу, гэта атрымалася, больш-менш спакойна дачакаліся вызвалення.

Але ўсяго праз дзень, у снежні 2022-га, калі Віталь прыйшоў адзначацца ў Кобрынскі РАУС, яму наўпрост заявілі: мы, маўляў, ведаем, што твая жонка піша ў тэлеграм-каналах, і пасадзім — і яе, і цябе наноў, і закон нам зараз для гэтага не патрэбны. Загадалі прыйсці зноў, праз два дні — з пашпартам і даведкай аб вызваленні.

«У нас ужо быў такі вопыт, таму разумелі — пашпарт могуць не вярнуць, і тады мы нікуды не выедзем і нічога зрабіць не зможам», — зазначае Маргарыта.

Рашэнне прынялі вельмі хутка — трэба з’язджаць усім. Дзеці з мамай, у якіх былі гуманітарныя візы, на начным аўтобусе дабраліся да Брэста, а там набылі білеты на бліжэйшы рэйс у Варшаву. Віталь, якому экстрана зрабіць польскую візу не ўдалося, абраў іншы і больш заблытаны шлях — Масква, потым Ерэван, Тбілісі, — і ўжо ў Грузіі праз пэўны час атрымалася зрабіць еўрапейскую візу.

— Месяц мы жылі ў Польшчы ў «Мірным доме», дзе палітычныя ўцекачы могуць атрымаць першы бяспечны прытулак і дапамогу. Дзеці, натуральна, разгубіліся і перажывалі: «Чаму тата так мала пабыў з намі, чаму мы паехалі без яго?» — але ў лютым гэтага года мы, нарэшце, уз’ядналіся ўсе разам ужо ў Італіі.

mar_12_06.jpg

Сям’я ў Італіі

Прыехаць у незнаёмую краіну, ды яшчэ вялікай сям’ёй з дзецьмі, без ведання мовы, амаль без грошай — задачка з зорачкамі. І тут беларусы не стамляюцца дзякаваць за падтрымку — Юліі Юхно, якая на першы час прыняла іх у сваёй кватэры; неабыякавым беларусам, якія дапамаглі закрыць дабрачынны збор для сям’і; італьянскім уладам і арганізацыям, якія аказалі цёплы прыём і дапамаглі падацца на міжнародную абарону.

— У Італіі ўсё робіцца вельмі доўга — пакуль не гатовыя дакументы па праграме для бежанцаў, табе выдаецца часовы код. Нам за тры месяцы яго яшчэ не далі, а без яго недасяжная ні медыцына, ні працаўладкаванне, ні вучоба, — тлумачыць Маргарыта. — Але італьянцы дамовіліся — і з клінікай для дзяцей, і ў школе іх аформілі, і з жытлом і прадуктамі нам дапамагаюць, за што ім шчыры дзякуй.

«Гэта ўсё вашы? Bravissimo!»

Пра адаптацыю дзяцей у школе варта сказаць асобна — настолькі далікатна і адказна тут да гэтага падыходзяць. Папярэдне псіхолаг распытаў пра асаблівасці характару дзяцей, што ім падабаецца. Паступова, па некалькі гадзін у дзень, беларусы абжываліся ў школе — прычым аднакласнікі і настаўнікі таксама рыхтаваліся іх прымаць, малявалі вітальныя паштоўкі. А праз месяц псіхолаг зноў сустрэўся з бацькамі — распытаць, як ідзе адаптацыя, распавесці пра школьныя поспехі.

— Калі расказваеш у Італіі, што адбываецца цяпер у Беларусі, ім цяжка паверыць, што такое наогул магчыма ў наш час у еўрапейскай краіне. Нашу сітуацыю яны ведаюць вельмі мала, і ад таго вельмі моцна ўражаныя, асабліва калі чуюць, праз што прайшлі дзеці. Іх тут пестуюць, вельмі цёпла ставяцца. Часам ідзеш па вуліцы, і пажылыя людзі здзіўляюцца: гэта ўсё вашы? Калі чуюць, што так, захапляюцца: «Bravissimo! Bellissimo!»

Дзеці ў школе прадстаўляюць не толькі нашу сям’ю, але і Беларусь. Таму было вельмі прыемна пачуць пахвалы ад настаўнікаў, што нашы малыя добра выхаваныя, спакойныя і вельмі цікаўныя да вучобы — ні ў чым не адстаюць ад аднагодкаў.

Старэйшая дачка, ёй 11, уключае ў YouTube ролікі і дадаткова да англійскай вучыць італьянскую мову — яна наогул вельмі адказная, маё золата і памочніца, можа і дапамагчы малодшым з урокамі, калі я не паспяваю, і пагуляць з імі. І сын і дачка могуць памыць посуд ці прыбраць падлогу, каб маме зрабіць прыемнае і даць крыху адпачыць.

Маргарыта з дзецьмі настолькі адна моцная каманда, што, калі аднойчы падчас паездкі ў Вільні яе спыталі — маўляў, ад дзяцей адпачываеце, — пакрыўдзілася ледзь не да слёз:

— «Адпачыць ад дзяцей» — ну як гэта, не ўяўляўю. Я, наадварот, з імі адпачываю. Мы заўжды разам — і ў Беларусі, і тут. Першыя месяцы, канешне, яны не адыходзілі ад таты, спрабуючы неяк навярстаць прапушчаны час без яго — з татам можна і падурэць, і ў футбол, і ў даганялкі, з мамай — больш спакойныя гульні, а калі гуляць — то ўсе разам.

Што далей?

З аднаго боку, прызнаецца Маргарыта, у іншай краіне вельмі тужліва — сумуеш па дому, па родных. З другога ж — калі праз год, два, тры сітуацыя на радзіме не зменіцца, то планы па вяртанні давядзецца адкласці.

Апошнім часам, як стала вядома Віталю Жуку і Маргарыце Касабуцкай, сілавікі пачалі ціснуць на іхніх сваякоў, прыходзілі ў кватэру, дзе жыла сям’я, цікавіліся іхняй маёмасцю. Але гэты ціск, падкрэслівае суразмоўца, не запалохае іх і не прымусіць замаўчаць.