Хронікі рэпрэсій: У СІЗА больш не прымаюць лекі, мастака Генадзя Драздова асудзілі да зняволення

Вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, па новым указанні ДВП забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты. Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.

drazdou3_logo_1.jpg

Былога кіраўніка «Пагоні» мастака Генадзя Драздова асудзілі да 3 гадоў калоніі

Былому кіраўніку творчага аб'яднання «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў Генадзю Драздову прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі

Гэта здарылася яшчэ 4 траўня. Так вырашыў суддзя Яўген Пісарэвіч з Мінскага гарадскога суда. Падрабязнасці судовага паседжання і справы пакуль не вядомыя. Генадзя Драздова абвінавачвалі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх") і ч. 1 арт. 3614 ("Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці").

Судовы працэс над Генадзем Драздовым пачаўся 2 траўня.

Пра затрыманне мастака стала вядома ў сярэдзіне жніўня 2022 года. Тады пра гэта паведаміла Беларуская Рада культуры, а ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явіўся відэазапіс з Драздовым і паведамленне, што затрымалі «творчую асобу», якая прыбыла з Украіны, нагадвае “Св*бода”. На відэазапісе Драздоў сказаў, што «затрыманы супрацоўнікамі міліцыі невядома за што». На кадрах з кватэры мастака былі відаць невялікія нацыянальныя сцягі і бел-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і карціна з вядомай актывісткай Нінай Багінскай.

У Драздова сілавікі нібыта выявілі сумесныя фотавыявы з украінскімі вайскоўцамі. Акрамя таго, сцвярджалася, што ў 2020 годзе мастак нібыта «прымаў непасрэдны ўдзел у блакаванні дарог, размаўляў з радыкальна настроенымі апазіцыянерамі, распрацоўваючы планы акцый «прамога дзеяння».

Вязням у СІЗА забаранілі перадаваць медыкаменты

Вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, па новым указанні ДВП забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2023_05_06_22_49_16.jpg

Так, ужо некалькі дзён сваякі зняволеных, якіх утрымліваюць у розных следчых ізалятарах і турмах, былі занепакоены тым, што ў іх не прымаюць медыцынскія перадачы, а медыцынскія бандэролі вяртаюцца назад.

Цяпер стала вядома, што, паводле ўказання ДВП ад 29.04.2023, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці.

Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў, таму перадаваць іх ці адпраўляць бандэроллю забаронена.

Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.

Пры гэтым, як неаднаразова казалі праваабаронцы і былыя вязні, палітзняволеным неабходную медыцынскую дапамогу ў месцах зняволення амаль не аказваюць, таму медыцынскія перадачы былі для сваякоў адзіным спосабам дапамагчы блізкаму.

Затрыманні і суды над супрацоўнікамі гомельскага радыё

Праваабаронцам паведамілі, што ўчора, 5 траўня, на працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё і журналіста Сяргея Краснабарода і яшчэ трох супрацоўнікаў радыё — радыёвядучых Жанну Мініну і Анастасію Грыцэнку, гукарэжысёра Арцёма Васількова.

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ўсіх чатырох затрыманых судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП ("Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў").

Іх справы разглядалі суддзі Сяргей Сакалоўскі, Віктар Казачок, Сяргей Кармановіч, Алеся Осіпава.

Праваабаронцам вядомы толькі вынік суда Сяргею Краснабароду — 15 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал. Ён знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ. Лёс іншых затрыманых пакуль невядомы.

Адметна, што профілі супрацоўнікаў ужо выдаленыя з сайта дзяржаўнага радыё.

Аляксандр Францкевіч за кратамі адзначыў дзень нараджэння. Але сувязі з вязнем няма ўжо 40 дзён

Аляксандр Францкевіч за кратамі адзначае 33-годзе, але больш за месяц ад яго няма вестак

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння", асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Але з 27 сакавіка ад яго няма вестак. Сёння, 6 траўня, хлопец адзначае 33-годдзе ў калоніі.

«Я ведаю і веру — замест таталітарызму, улады хамаў і цынікаў, замест непадзельнага панавання нямногіх над большасцю, мы ўбачым увасабленне дэмакратыі і сапраўднага народаўладдзя. Не недзе далёка, а тут, у нас, у Беларусі. Я ведаю — будучыня належыць нам», — казаў на судзе ў апошнім слове Аляксандр.


Навуковец Ігар Бортнік — на волі

Пасля 38 сутак арышту на волю выйшаў Ігар Бортнік. Яго затрымалі 29 сакавіка падчас аблавы на супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, у якім ён працаваў пасля звальнення з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Спачатку яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля — яшчэ 13 і 15. Судзілі навукоўца кожны раз па артыкуле 19.11 КаАП за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі.