Погляд праз шкло Генадзя Драздова

Пасля размовы з Генадзем Драздовым я яшчэ раз пераканаўся, што таленавітыя людзі рэдка бываюць правільнымі і неканфліктнымі. Калі, канешне, размова пра сапраўдную асобу.  



drazdou3_logo.jpg

Генадзь Драздоў

Генадзь Драздоў менавіта з такіх, бо пасля вядомага радыкала Аляксея Марачкіна наўрад ці хтосьці яшчэ змог бы ўзначаліць творчую суполку «Пагоня».

Прыклады дзяцінства

Аповед пра сябе я пачну з расказу пра братоў. Абодва, Віктар і Жора, старэйшыя. Абодва, як і я, атрымалі вышэйшую адукацыю. Віктар скончыў Інстытут фізічнай культуры, які потым стаў універсітэтам, спецыялізаваўся «на лыжах». З часам ён радыкальна памяняў сваё жыццё. Зараз — пастар пратэстанцкай царквы.

У нейкім сэнсе кожны з нас ідзе па жыцці (у абывацельскім разуменні), як па шырокаму шляху, поўнаму розных спакус. І перад кожным паўстае своеасаблівы Рубікон — крочыць далей праз спакусы, альбо выбраць тое, што я называю «шляхам вузкай брамы» і ажыццявіў у адной сваёй карціне. Віктар выбраў менавіта вузкую браму. Няпросты шлях ад спорту да Бога. З часам у пратэстантызм перайшлі ўсе блізкія, акрамя мяне. Я — прынцыповы прыхільнік аўтакефальнай беларускай нацыянальнай праваслаўнай царквы і з’яўляюся ў ёй намеснікам у царкоўнай Радзе.

А Жора скончыў вайсковае вучылішча ў Краснаярску. Служыў у расійскай авіяцыі 25 гадоў, зволіўся і прыехаў у Мінск. Зараз на пенсіі.

Усе мы нарадзіліся праз два гады. У 1955-м — Жора, 1957-м — Віктар, а 11 сакавіка 1959-га — я.

Мы родам з вёскі Паддуб’е Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласці. Гэта 12 кіламетраў ад Доўску. Дарэчы, з Рагачова паходзіў Гервасій Валіваха, герой «Ладдзі Роспачы» Уладзіміра Караткевіча.

У школу я хадзіў у Старыя Журавічы. У гэтым мястэчку ў свой час былі праваслаўная царква, шыкоўны касцёл ХVІ стагоддзя і дзве сінагогі. У 1651 годзе ў касцёл прыязджаў сам кароль Польскі і вялікі князь ВКЛ Ян II Казімір, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу Маці Божай. На жаль, на сённяшні дзень не захавалася нічога. Разбурылі яшчэ да вайны, пры першай хвалі Саветаў. Некалі там праходзілі буйныя кірмашы і, як і ва ўсёй Беларусі, жыло шмат габрэяў.

Выкладалі ў школе цудоўныя настаўнікі, у большасці габрэі. Дзякуючы ім сярод выпускнікоў заўсёды была вельмі вялікая колькасць тых, хто паступіў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

drazdou10_logo.jpg

Маці Ганна Лаўрэнцьеўна

Маці маю завуць Ганна Лаўрэнцьеўна. Дзявочае прозвішча Кісялёва. 1932 года нараджэння. У беларусаў сапраўднымі прозвішчамі былі словы накшталт «Кісель», «Дрозд», а канчаткі «оў» паявіліся пры русіфікацыі.

Адзін раз хацеў змяніць напісанае ў пашпарце, але трэба было ехаць за мяжу, і я банальна не паспяваў. Да таго ж змена прозвішча пацягне за сабой праблемы з пытаннямі спадчыны, маёмасці і г.д…

Маці была вельмі адметнай швачкай. Як і бацька, Пётр Мікалаевіч. Да таго ж ён лічыўся вельмі добрым краўцом і мог пашыць літаральна ўсё — шапкі, шубы і нават кажухі, якія патрабавалі асабліва моцных іголак. Яны ніколі не былі калгаснікамі.

drazdou9_logo.jpg

Бацька Пётр Мікалаевіч

Заказчыкі ехалі да бацькі з усяго раёна, і нават вобласці. Гэта быў чалавек вельмі складанага лёсу. Яго маці не стала яшчэ ў маленстве, і яе замяніла мачаха. Пасля вайны жыццё было надзвычай складаным. Працавалі, як кажуць, і старыя, і малыя.

У дзяцінстве мой бацька зваліўся з каня і зламаў галоўку бедранай косткі. Яна пачала загніваць, а добрай медыцыны ў нашых мясцінах тады не было. Прыйшлося тэрмінова ехаць у вобласць — ледзь-ледзь уратавалі. Так у 14 год ён стаў інвалідам, адна нага была карацей за другую.

Потым скончыў тэхнікум і стаў закройшчыкам. Матэрыяльна ўтрымліваў усю сям’ю. Паўтаруся, да яго часта прыязджалі розныя людзі. Я вельмі любіў слухаць іх расповеды пра вайну, пра жыццё, пра свет. Часам дарослыя так і казалі: «Глядзі, гэты малы слухае раскрыўшы рот…»

Да школы ад нашай вёскі паўтара кіламетры. Восенню і вясной мы хадзілі самі, а зімой, калі сумёты былі вялікія, наперадзе ішоў бацька. Памятаю: ён робіць праход, а потым мы малыя крочым… Калі маразы былі надзвычай моцнымі, у школу не хадзілі ўвогуле.

Першыя чатыры класа я вучыўся ў старой драўлянай школе, а потым пабудавалі двухпавярховую, каменную. Зараз яшчэ адну. Зрабілі ў ёй музей Макаёнка, бо той родам менавіта з нашых мясцінаў.

На жаль, зараз там усё вымірае. Чарнобыльская зона…

Эцюды юнацтва

Маляваць я пачаў амаль адначасова з тым, як навучыўся хадзіць.

Па натуры я індывідуаліст, то бок не люблю людскі тлум. Як толькі гэта стала магчымым, бацькі павялі мяне ў дзіцячы садок. Праз некалькі гадзін я ўцёк. Яны паўтаралі спробу — я ўцёк зноў. Больш мяне нікуды не адводзілі. Пакідалі аднаго дома.

Я садзіўся каля вакна, дзьмуў на шкло. І пальцам маляваў на ім розныя рэчы. Бацькі гэта заўважылі і неўзабаве купілі каляровыя алоўкі, а потым і фарбы.

У першых класах школы, як і браты, я вучыўся вельмі добра і быў здатны да розных навук. Але яшчэ лепш маляваў. Недзе ў пятым-шостым класе з закрытымі вачамі на спрэчку я мог намаляваць партрэт Леніна.

Я настолькі захапіўся мастацтвам, што вучыцца стала не цікава. Да восьмага класа быў выдатнікам, а ў старэйшых класах стаў далёка не самым лепшым вучнем, пачаў прапускаць заняткі.

На жаль, у нашым рэгіёне не было з кім параіцца наконт таго, як і што лепш рабіць у мастацтве. У тыя гады мне не хапала хаця б некалькіх урокаў прафесійнага пісьма. Я аблазіў энцыклапедыі — і таксама нічога не змог знайсці. Да ўсяго даходзіў сам, нават эцюднік зрабіў сваімі рукамі.

На той момант мой старэйшы брат Віктар паступаў у інстытут фізічнай культуры і даведаўся, што ў Мінску ёсць яшчэ і мастацкая вучэльня. Як толькі ён пра яе расказаў, я адразу ж сабраўся і паехаў паступаць. Без усялякіх блатаў і адпаведнай падрыхтоўкі паступіў з першага разу.

drazdou2_logo.jpg

Генадзь Драздоў падчас вучобы ў мастацкай вучэльні

Вучыцца трэба было чатыры гады. Вучэльня месцілася ў двары Акадэміі мастацтваў, там зараз політэхнічны тэхнікум, левае крыло. Свайго памяшкання ў яе тады не было. Наколькі я ведаю, яго няма па наш дзень.

У жыцці будучых мастакоў мне было цікава ўсё. Вучыцца пашанцавала разам з вядомымі зараз мастакамі — Сержуком Цімохавым, Генадзем Мацурам, Ігарам Рамашэўскім, Людай Шчамялёвай.

На мой погляд, самым запамінальным момантам вучобы стаў той, калі да нас прыйшоў выкладаць жывапіс Віктар Маркавец. Малады, прыгожы чалавек, які размаўляў на беларускай мове. Дарэчы, ён і пазнаёміў нас з Аляксеем Марачкіным. Аляксей Антонавіч запрашаў нас у сваю майстэрню дапамагаць рэстаўрыраваць творы Язэпа Драздовіча і Алёны Кіш. Дзякуючы гэтаму я ўпершыню сутыкнуўся з сапраўднай народнай творчасцю.

Знаёмства з Віктарам Маркаўцом і Аляксеем Марачкіным значна паўплывала на мой светапогляд, адметнасць мастацкага мыслення, фармавання творчага накірунку, які я зараз называю трансцэндэнтным сімвалізмам.

drazdou1_logo.jpg

Генадзь Драздоў падчас першай вучобы

 

У 1979 годзе я скончыў мастацкую вучэльню, але адразу ў Акадэмію мастацтваў не трапіў, таму што не далі туды накірунак. Як і ў школе, я быў нядобранадзейным, бо ніколі не прагібаўся, не гандляваў сумленнем і ўсяго дабіваўся апантанай працай.

У вучэльні ўтраіх (разам з Лявонам Яшэнка і Міколам Макарам) мы здымалі адну кватэру і адначасова купілі тры гітары. Дачка гаспадара кватэры крышачку іграла, таму першыя ўрокі давала яна, а потым я ўсяму вучыўся ўжо самастойна. Час ад часу даю канцэрты. Пераважна на мастацкіх пленэрах. Для мяне гэта добрая магчымасць пераключаць мазгі, калі мастацтва вельмі стамляе.

Дык вось з Макарам, Яшэнка і іншымі студэнтамі мы вялі амаль багемнае жыццё. Напрыклад, маглі дазволіць сабе (у той час) паехаць у Маскву на цікавыя выставы ў музей Пушкіна альбо ў Траццякоўскую галерэю.

Здаецца, квіток да Масквы тады каштаваў каля сямі рублёў. Начавалі прама ў пад’ездах — гітара, «чарніла», закусь… Зразумела, жыхарам гэта не падабалася. Выклікалі міліцыю. Нас выганялі, і з аднаго пад’езду мы беглі ў другі. Так перакантоўвалі ноч, а раніцай ішлі глядзець арыгіналы сусветна вядомых творцаў.

Тое ж самае было і падчас вучобы ў Акадэміі. Калі ў Маскве ладзіліся выставы работ Тамайо, Кандзінскага, Шагала, Малевіча, мы абавязкова на іх траплялі. Часам выпадала набыць каталогі, якія каштавалі вельмі дорага. Адзін — 25 рублёў, а студэнцкая стыпендыя — 40 рублёў. Мастаку вельмі важна бачыць арыгіналы.

Акрамя гэтага я вельмі люблю класічную музыку, джаз. На канцэрты і выставы (дзе б ні быў) хаджу яшчэ з тых часоў. Бывае, за мяжой гэта каштуе нятанна. Не тое, што ў нашай філармоніі. Асабліва ў часы перабудовы. Тады кошт квітка быў прыкладна роўны кошту бутэлькі піва. Між іншым, сёння гэтая розніца таксама не вельмі значная…

drazdou4_logo.jpg

Алесь Воранаў і Генадзь Драздоў

Сюжэты лёсу

Дыпломную работу (шыкоўную) па выніках вучобы ў мастацкай вучэльні мы рабілі чацвёра — я, Сяржук Цімохаў, Пётр Русак і Генадзь Мацур па Мажэйкаўскай царкве. Гэта праект аднаўлення. Зараз яе ведаюць, а раней царква была ў заняпадзе, зачыненая. Абараніліся на «выдатна».

Пасля заканчэння вучэльні мяне, паўтаруся, не накіравалі на далейшую вучобу, а размеркавалі ў Гомель у Бытрэкламу, але я паспеў прапрацаваць там толькі некалькі месяцаў — забралі ў войска. Таксама з прыгодамі, дарэчы.

Справа ў тым, што па прыезду ў Гомель я не мог нідзе прапісацца (на той час гэта было вельмі складана), а значыць, і стаць на вайсковы ўлік у ваенкамат.

А ў Мінску мяне вайскоўцы ўжо пачалі шукаць. Ледзь не зрабілі ўхілістам. Нават бацьку ліст напісалі пра пераслед «па заканадаўству». Прыйшлося самому ехаць у Рагачоўскі ваенкамат. Прызвалі за адны суткі. Пагражалі адправіць ледзь не на Далёкі Усход, але нічога ў іх не атрымалася.

Спачатку я трапіў у Печы, што пад Барысавым, а потым накіравалі пад Лепель, у Заслонава. Адразу хацелі пакінуць у медсанбаце пры вучэбцы, аднак потым пасля чарговага залёту адправілі ў «лінейку», то бок непасрэдна ў дзеючае войска.

Быў стралком-наводчыкам танка Т–72. Як кажуць, настраляўся на ўсё жыццё. Асабліва на вучэннях Захад–81, бо там наш батальён быў «у самым пекле».

Цікава, што ў Печах пазнаёміўся з Віктарам Мікітам (разам рабілі макет палігона), які потым стаў адным з маіх выкладчыкаў у тэатральна-мастацкім інстытуце і нават вазіў нас на практыку ў Пінск.

Аднак пра ўсё па чарзе. Пасля звальнення ў запас (восенню 1981 года), я вярнуўся ў Гомель. У Бытрэкламе, дзе да службы працаваў мастаком-афарміцелем (сёння — дызайнер), месца ўжо было занятае. Прыйшлося амаль восем месяцаў працаваць галоўным мастаком Спецыяльнага канструктарскага бюро сейсмічнай тэхнікі (СКБ СТ). Прадпрыемства было закрытым, то бок траплялі туды толькі па спецыяльным пропуску. Такая сістэма мяне вельмі напружвала, таму, як толькі з’явілася магчымасць, уцёк адтуль зноў у Бытрэкламу.

drazdou11_logo.jpg

Генадзь Драздоў падчас вайсковай службы

Ганаруся, што яшчэ ў 1982 годзе з сябрам Алегам Рабіновічам мы першымі ў Беларусі пачалі рабіць кляпаныя (з алюмініевай жылы) вітражы. Разам распрацавалі ўсю тэхналогію, бо якіх-небудзь даведнікаў тады папросту не было. Магчыма, тыя вітражы захаваліся і зараз, але дакладна не ведаю — столькі гадоў мінула…

Прыгадваецца і яшчэ адзін цікавы выпадак. Напярэдадні нейкіх травеньскіх святаў нам з Алегам даручылі намаляваць вялікі партрэт Леніна. Абодвум гэта было не даспадобы. Узялі два шчыты (тры на тры кожны), паштоўку і перавялі з яе малюнак.

За вечар усё зрабілі і пайшлі дамоў спаць. Раніцай наступнага дня (у часоў 10) я прыходжу на работу, бачу два перамаляваных на бела шчыты, каля якіх круціцца адзін з нашых калегаў, які спецыялізаваўся «на партрэтах палітбюро».

Аказалася, худсавету не спадабалася наша праца, і не ведаючы, што гэта паўтор паштоўкі, яны яе зарубілі. Да святаў заставаліся суткі, таму для калегі гэта быў сапраўдны аўрал.

Зараблялі мы вельмі прыстойна. Абедалі толькі ў рэстаране з лепшай у горадзе кухняй. Былі грошы, але за іх не было чаго купляць. Гэта быў вельмі цікавы час рамантычнай маладосці і суровай рэчаіснасці саўковых часоў з каларытнымі асобамі і аўтарытэтамі, пра што можна пісаць цэлую кнігу.

Колеры іншадумства

У 1983 годзе я паступіў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які потым стаў Акадэміяй мастацтваў. На станковую графіку. Конкурс там быў 15 чалавек на месца. Вучыўся шэсць гадоў.

Як толькі пачаў вучыцца, лёс сутыкнуў з Алесем Пушкіным. Нас нават у інтэрнаце пасялілі ў адзін пакой, дзе разам і пражылі тры гады. Да таго моманту, калі яго забралі ў войска.

Ён быў даверлівы, сентыментальны, і нават крыху наіўны вясковец. Так бы мовіць, чысты чалавек. А прыйшоў з войска зусім іншы Пушкін. Больш разважлівы, суворы, упэўнены ў сабе, мужны, які нічога не баіцца. Вось што значыць вайна.

Дарэчы, разам з намі ў інтэрнацкім пакоі жыў яшчэ і студэнт з Манголіі Эрдэн Бат.

drazdou8_logo.jpg

У інтэрнаце Акадэміі мастацтваў Генадзь Драздоў разам з Алесем Пушкіным і Эрдэнам Батам

Пасля службы ў Афганістане пачалося супрацьстаянне Алеся Пушкіна ўладзе. Памятаю, як перад ягоным перфомансам, мы хавалі ў бомбасховішчы плакаты. А пасля арышту стварылі ініцыятыўны групу па абароне мастака і патрабавалі выпусціць яго з-за кратаў. Гэта быў 1989 год.

Я тады абараняў дыплом, і мая майстэрня была своеасаблівым штабам падтрымкі Пушкіна. Дзверы там не зачыняліся.

Не скажу, што менавіта гэта на нешта паўплывала, але факт застаецца фактам — Алеся Пушкіна не выключылі з Акадэміі мастацтваў.

Дыплом у мяне зноў быў вельмі цікавы — «Погляд праз шкло». Я і сёння гэтую тэму працягваю распрацоўваць. Дарэчы, за гэтую графічную серыю я атрымаў дыплом Першай ступені на II Мінскай міжнароднай выставе графікі ў 2009 годзе.

Скончылася вучоба ў 1989 годзе. Але пасля Чарнобыльскай катастрофы ўсе мае планы ехаць у Гомель, стварыць там мастацкую базу і пастаянна працаваць рухнулі. Мая родная вёска трапіла ў «зону непрымусовага адсялення», потым мы з бацькамі адтуль з’ехалі ўвогуле. І мелі, трэба адзначыць, рацыю.

Сярод маіх знаёмых, аднасяльчан, блізкіх хворых на анкалогію з кожным годам усё больш і больш. Рак літаральна косіць людзей. Японцы зрабілі правільны прагноз, калі сказалі, што праз 25–30 гадоў пасля аварыі пачнецца пік анкалагічных захворванняў. Зараз так яно і ёсць. Толькі за апошнія чатыры гады наша суполка «Пагоня» страціла дзевяць чалавек. І гэта пры тым, што ў яе ўваходзіць толькі 55 чальцоў.

Паўтаруся, Чарнобыль радыкальна змяніў мае жыццёвыя планы. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у мяне не было нічога. Ні жытла, ні майстэрні, ні працы. Уся мая маёмасць месцілася ў заплечніку.

drazdou6_logo.jpg

 Генадзь Драздоў разам са скульптарам Гэнікам Лойкам у касцюмах “Песняроў”

Яшчэ падчас вучобы ў сталічнай Вяснянцы я вёў ізастудыю, і там падпольна (ніхто гэтага не ведаў) жыў. Умовы былі нармальнымі. Пад жытло абсталявалі маленькі пакойчык. Два разы на тыдзень праводзіў з дзеткамі заняткі, а ва ўсе астатнія дні займаўся творчасцю. Потым узяў туды Пушкіна. А потым нас адтуль паперлі. Пушкіна выгналі першага, і ён з’ехаў у Віцебск.

Мяне таксама з дапамогай міліцыі пачалі выганяць. На пераезд далі трое сутак. Давялося шмат што пакінуць у ізастудыі, бо не было куды перавозіць. На шчасце, тады мяне пачалі запрашаць распісваць праваслаўныя цэрквы на Беласточчыну, што дазволіла крыху зарабіць і здымаць кватэру. Гэта былі мае першыя выезды за мяжу.

На здымных кватэрах я пражыў да 1997 года, калі бацькам у Малінаўцы далі двухпакаёвую кватэру. Дарэчы, гэта было апошняе, што дзяржава дала «чарнобыльцам».

На жаль, бацька пражыў у той двухпакаёўцы толькі чатыры гады. Не змог перанесці трэці інфаркт. А маці, дзякуй Богу, жывая па наш дзень. Ёй 83 гады. Усе мае сваякі па жаночай лініі жывуць доўга.

У 1999 годзе я ўступіў у Саюз мастакоў і стаў сябрам створанай яшчэ 1990 годзе мастацкай суполкі «Пагоня», якую з 2010 года і ўзначальваю.

І яшчэ. Падчас вучобы з Сержуком Цімохавым мы купілі флейты і самастойна навучыліся на іх граць. Бывае, перад нейкімі персанальнымі выставамі альбо на пленэрах я даю канцэрты не толькі на гітары, але і на флейце. Граю творы з «Полацкага сшытка», імправізацыі, а на гітары — толькі творы ўласнага сачынення.

drazdou5_logo.jpg

Генадзь Драздоў пасля выпуску з Акадэміі мастацтваў

А нядаўна адбыўся мой літаратурны дэбют. У альманаху «Скрыжалі «Спадчыны». На жаль, апошнім часам узмацніўся ціск на «Пагоню». І не толькі ў сувязі з тым, што некаторыя (напрыклад, дзеючы кіраўнік БСМ) дзеля кар’ерных ды прагматычных меркаванняў выйшлі з нашых шэрагаў. Справа ў тым, што мастацкая суполка «Пагоня» і я (як старшыня) маем сваю пазіцыю па пытаннях выставачнай дзейнасці БСМ, гаспадарчай і іншых. Прынцыпова іх адстойваем. Менавіта гэта і дзейнічае на некаторых кіраўнікоў, як тая чырвоная ануча на быка. Мяне зараз нават імкнуцца вызваліць з пасады кіраўніка «Пагоні». Афіцыйнае абвінавачванне гучыць так, цытую: «Дроздов Г.П. председатель секции «Погоня» отказался участвовать в выдвижении кандидатур, назвав работу Президиума «гульнёй».

Тры гады запар наша секцыя прымае рашэнне не ўдзельнічаць у вылучэнні і галасаванні кандыдатур на дзяржаўныя ўзнагароды, і я (як старшыня) абавязаны выконваць рашэнні секцыі, што і раблю. І два гады не было ніякіх прэтэнзіяў. Відавочна, што абвінавачванні смешныя і не маюць аніякай юрыдычнай моцы. Я гатовы да любога раскладу.

l_ven__logo.jpg

Генадзь Драздоў. «Лівень», 2013 г.

Для вечнасці ўсе гэтыя ўзнагароды не будуць мець каштоўнасці. І ўвогуле, усё гэта неяк дзіка для ХХІ стагоддзя. Але для некаторых таварышаў нібыта час спыніўся. Або яны тужацца перашкодзіць часу. Больш за тое, кіраўнікі БСМ (і яшчэ група мастакоў) вылучылі сябе на прэмію так званай саюзнай дзяржавы за роспіс новай прэзідэнцкай рэзідэнцыі.

Для Бога і нашчадкаў не істотна колькасць нашых узнагарод. Ды і талент яны не вымераюць. Талент альбо ёсць, альбо яго няма.

Аўтар удзячны культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» за інфармацыйную падтрымку

Фота з архіву Генадзя Драздова