«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 8. Пах няволі: як нам у літаральным сэнсе перакрывалі кісларод

У папярэдніх частках дзённікаў я распавядала, чаму турэмнікі баяцца быць павешанымі на бярозах і як, катуючы палітвязняў, хочуць яшчэ выглядаць і маралістамі, і гумарыстамі. Сёння згадваю, каго з палітычных сустрэла на Акрэсціна, як у жодзінскай турме мяне пераследавала па начах небяспечная забойца, і як галадоўка палітвязняў прымусіла кіраўніцтва Валадаркі пайсці на саступкі.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1_1_1_1_1.jpg


Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў»

Кучы абутку на Акрэсціна

— Распишись, что не имеешь претензий по оказанию медицинской помощи, — дзяжурны супрацоўнік ІЧУ на Акрэсціна пасунуў да мяне журнал і ручку.

Я абурылася:

— У сэнсе не маю? Мяне скралі са шпіталя літаральна з-пад кропельніцы, у мяне ўнутрычэрапная траўма, страсенне мозгу. Мне блага, патрэбна тэрміновая медычная дапамога. Я ж вам пра ўсё гэта ўжо казала, што гэта за прапановы такія здзеклівыя?

— Не хочешь — как хочешь.

У суправаджэнні іншага службоўцы вядуць у камеру.

Змрочнае асвятленне, цяжкая энергетыка будынка, у якім, здаецца, нават сцены пранізаны болем, прымушаюць уздрыгнуцца. Тут у жніўні катавалі нашых хлопцаў. Збівалі дручкамі і бітамі, у літаральным сэнсе забівалі беларусаў, што адважыліся выйсці на пратэсты.

Мяне перасмыкнула. У галаве мільганула думка: «Цікава, а калі мяне пачнуць біць?»

Каля дзвярэй камер — звалены ў кучу абутак. Красоўкі, туфлі. Абутак дагледжаны, бачу па брэндах, што належыць не валацугам, а прыстойным людзям.

— Ну все, отдыхай, змагарка. Дазмагалась, — засмяяўся наглядчык і жэстам указаў мне — заходзь у камеру.

Праз нейкі час туды завялі Віку Міронцаву. Яе і сястру затрымалі за тое, што баранілі людзей ад амапаўцаў.

Праз праблемы са шчытавіцай у Вікі незадоўга да арышту пачалі выпадаць валасы, і палітзняволеная вырашыла цалкам пагаліць галаву.

Я драмала на шконцы, калі яна зайшла ў камеру, праз траўму галавы пачувалася, як у чадзе, таму, расплюшчыўшы вочы і ўбачыўшы лысую дзяўчыну, трохі збянтэжылася. Згадалася фраза з савецкай камедыі: «О, уже побрили».

З Вікай Міронцавай мы прайшлі разам усю адседку. З кастрычніка 2020 года па снежань 2022. Нават вызваляліся з калоніі амаль што ў адзін дзень. Я 14-га снежня, Віка — 16-га.  

Праз некалькі дзён у камеру прывялі Іну Трусаву (цёцю маладафронтаўца Іларыёна Трусава). Іну арыштавалі за блакіроўку дарогі — сваім аўтамабілем яна здолела спыніць дарожны рух на 17 хвілін.

Мы вельмі шчыльна пасябравалі з дзяўчатамі, і дні на Акрэсціна праляцелі даволі хутка. Побач з аднадумцамі час і самі засценкі падаваліся не такімі змрочнымі.

Мы шмат жартавалі, займаліся практыкаваннямі, гулялі ў віктарыны, размаўлялі на палітычныя і асабістыя тэмы, падтрымлівалі адна адну.

Іна — псіхолаг, і яе прафесійны досвед дужа ўсім нам дапамог. Яна вучыла нас, як трэба сябе паводзіць у экстрэмальных сітуацыях. Я часта згадвала яе парады, знаходзячыся ў гомельскай калоніі. І саму Іну таксама.

— Класковская, с вещами на выход! — наглядчык папрасіў паспяшацца.

Халодны аўтазак прывёз мяне ў жодзінскую турму № 8. 

Ночы з Таняй-забойцай

У Жодзіне мяне прынялі толькі з другой спробы.

У першы раз турэмнікі сказалі канваірам: «Вязіце яе да сябе і там аказвайце медычную дапамогу».

Я вярнулася на Акрэсціна. На Валадарцы, як я зразумела, мяне таксама адмовіліся прыняць, бо аўтазак там спыніўся, але мяне нікуды не вывелі.

Праз некалькі дзён зноў трапляю ў жодзінскую турму, дзе мяне саджаюць у падвал, у адзіночную камеру.

Памятаю, што на падлозе было шмат вады. Часамі па костачку. Да мяне доўга ніхто не прыходзіў. Я патрабавала ў супрацоўнікаў, што часамі зазіралі ў вочка, тлумачэнняў: «Дзе я знаходжуся, чаму ўтрымліваюся адна, чаму мяне не водзяць у душ і на прагулку?» Ніхто мне нічога не адказваў, службоўцы толькі хамілі. Праз гэта я з усімі прадольнымі перасварылася і атрымала два рапарты за «грубое обращение с администрацией».

На наступны дзень, на знак пратэсту супраць нечалавечых умоў утрымання, аб’явіла галадоўку.

Карпусны, што прыйшоў неўзабаве, паведаміў, што мяне ўтрымліваюць ізалявана нібыта праз тое, што ў мяне каронавірус.

— Дык мяне ж ніхто нідзе не абследаваў. Што за глупствы? І чаму мяне тады не лечаць? І чаму вы не баіцеся да мяне ў камеру ў такім выпадку заходзіць? Раптам заразіцеся? — пытаюся ў яго.

— Ничего не знаю. Конвой, который вас привез, сказал, что у вас или коронавирус или подозрение на коронавирус, — адказаў той.

Праз некалькі дзён у камеру да мяне закінулі не аднойчы судзімую Таню. Кабета ўжо трэці раз забіла чалавека і, як сама распавядала, гэта заўсёды адбывалася па класічным сцэнары: сужыцель — выпіўка — сварка — забойства сужыцеля. Таня ўсё жыццё па турмах. Кажа: «Тюрьма — моя жизнь, и другой жизни я уже не представляю для себя».

Яна рагатала, распавядаючы пра акалічнасці чарговага забойства:

— Мы же с Колей не сразу поняли, что я его убила. Не помню, как пырнула его ножом даже. Помню, сидели пили, он закурил, видимо, расширились сосуды, так как из дырок в свитере, которые возникли из-за удара ножом, у него посочилась кровь. Но «скорую» он мне вызывать не разрешал, мы продолжали пить. Когда я все же позвонила «03» и медики приехали, было слишком поздно. Коля умер. Дурак.

Мне стала ніякавата. У адзіночнай камеры сам-насам з такім чалавекам — так сабе задавальненне. Было цяжка заснуць і ўвогуле спакойна спаць па начах. Чамусьці перад вачыма стаяла карціна: я сплю, а Таня душыць мяне падушкай.

Аднойчы расплюшчваю вочы сярод ночы — Таня насамрэч стаіць нада мной. Унутры ўсё абарвалася.

— Таня, у чым справа? Што ты хочаш?

— Накрыть тебя хочу. Ты раскрылась.

У так званай прэс-хаце я правяла каля дзесяці дзён.

Нарэшце трапляю ў звычайную камеру.

Супрацоўнікі ізалятара выдаюць мне пасцельную бялізну, але спальнага месца, як высветлілася, няма. Камера разлічаная на 12 чалавек, у ёй — 14.

— Палітычныя ёсць? — пытаюся ў сукамерніц.

— Ёсць, нас тут двое, — дзяўчына з кароткай стрыжкай працягвае руку і ўсміхаецца.Маша Бабовіч — адна з першых палітвязняў, яе арыштавалі ў верасні 2020 года за надпіс на асфальце. На тым месцы, дзе Маша спрабавала напісаць «не забудзем, не даруем», 10 жніўня 2020 года сілавікі забілі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага.

— Прывітанне, Воля! — худзенькая бландзінка саскоквае з верхняй шконкі, абдымаемся. — Я — Наташа.

Палітзняволеная Наталля Раентава пазней была асуджаная да васьмі месяцаў пазбаўлення волі за тое, што нібыта ўкусіла амапаўца. Разам з Наташай быў затрыманы і яе брат. Пазней хлопца асудзілі да пяці гадоў калоніі.

Трэба сказаць, што хоць камера была і перапоўненая, атмасфера там панавала даволі добрая, лёгкая, але ў хуткім часе нас раскідалі па розных камерах.

Пасля я даведалася, што Машы далі «хатнюю хімію» і неўзабаве пасля вынясення прысуду сяброўка з’ехала з Беларусі.

Наташа Раентава даехала да гомельскай калоніі, але прабыла там, дзякуй богу, зусім нядоўга. Мы сустрэліся з ёй на фабрыцы, адразу схаваліся ў прыбіральні — каб стукачы нас не здалі аператыўцы. Абняліся, пашапталіся пра набалелае. Аператыўцы нас усё ж такі здалі.

«Дышите из параши»

Дзяўчына з торбамі і матрацам зайшла з камеру і павіталася. Я адразу зразумела, што гэта палітзняволеная. Па вачах, па позірку, па выглядзе. Я не памылілася: гэта была Даша Чульцова.

Неўзабаве ў мяне адкрываецца чарговы крывацёк. Фельчар, што прыйшоў «аказаць медычную дапамогу», пачаў смяяцца і кінуў мне ў твар: «Если ты умрешь, родина от этого ничего не потеряет».

Праз некалькі дзён мяне ўсё ж перавялі ў санчастку. Даша дужа пераймалася, але разам з тым увесь час падбадзёрвала мяне, казала, што ўсё будзе добра.

Першую ноч у санчастцы давялося спаць на падлозе, бо не магла залезці на верхні ярус, а ніжнія былі ўсе занятыя.

Камера была жудасная, нагадвала памяшканне морга.

Праз пару тыдняў я вярнулася ў звычайную камеру, тую ж самую. Калі зайшла, то адразу адчула, што там няма чым дыхаць, паветра вельмі сапрэлае, ванітны і задушлівы пах.

— Што тут адбываецца, чаму не адчыняеце фортку? — пытаюся.

Нам яе закалаціў Матата, яшчэ некалькі дзён таму. Сказаў, што «будете у меня дышать из параши», — паведамілі дзяўчаты.

Матата — мянушка карпуснога. У жодзінскай турме гэты службоўца лічыўся найбольш жорсткім і агрэсіўным. Увесь час крычаў і хаміў, палітвязняў ненавідзеў.

Фортку ў камеры закалаціў за тое, што дзяўчаты праз акно перадавалі ў іншыя камеры цыдулкі хлопцам. Перапіска паміж вязнямі адбывалася праз так званага каня — адмысловае прыстасаванне кшталту вуды. Хтосьці з супрацоўнікаў гэта заўважыў, даклаў карпусному, той вырашыў выхаваць вязняў такім вось варварскім спосабам — пазбавіўшы іх кіслароду.

Абураная, я пачынаю малаціць у дзверы.

— Чего надо? — незадаволена запытаўся прадольны.

— Адчыніце вакно. Тут больш за дзесяць чалавек, няма чым дыхаць.

— Не я вам его закрывал, не мне его вам и открывать. Обращайтесь к тому, кто его закрыл, — ляснуў кармушкай супрацоўнік.

Разумеючы, што мы тут хутка пачнем страчваць прытомнасць, падбухторваю камеру на бунт. Як ні дзіўна, але маю прапанову падтрымалі ўсе. Ад імя сукамерніц пішу зварот да адміністрацыі, дзяўчаты яго падпісваюць, ежу ніхто не бярэ, увечары перадаю паперу карпусному Матату. Ён яе не бярэ. Акно адчыняць таксама адмаўляецца.

— Тады ў вуснай форме інфармую вас аб тым, што на знак пратэсту ўся нашая камера трымае галадоўку, — кажу.

Службоўца паглядзеў на мяне з нянавісцю. Выйшаў моўчкі.

Праз некалькі гадзін прыйшла цэлая дэлегацыя на чале з кіраўніцтвам аператыўкі. Як ні дзіўна, але паабяцалі «решить вопрос».

— Но вас же наказали за межкамерную связь, — апраўдваў дзеянні калегі аператыўнік.

— Дык што, праз гэта людзей можна катаваць і наносіць урон іх здароўю? — пытаюся.

Літаральна праз паўгадзіны нас усіх перавялі ў іншыя камеры. Мы з Дашай трапілі зноў у адну. Людзей там было няшмат, фортка адчынялася.

Праз некалькі дзён мяне забралі на этап. Неўзабаве ў Мінску мусіў распачацца судовы працэс, мяне везлі на Валадарку.

Забіралі ўначы. Даша напярэдадні папрасіла, каб я яе абавязкова абудзіла, хацела развітацца.

Я зрабіла так, як папрасіла сяброўка. Мы моцна абняліся і ведалі, што ў хуткім часе яшчэ абавязкова сустрэнемся. Ні ў мяне, ні ў Дашы не было ілюзій датычна нашага далейшага лёсу. Прадчувалі, што з-за кратаў нас у бліжэйшы час не выпусцяць і што, хутчэй за ўсё, давядзецца ехаць у калонію.

Мы сустрэліся зноў летам 2021 года — у гомельскай калоніі.

Як мы змагаліся за пошту

— Ды якая розніца, які яны табе дадуць тэрмін, усё роўна гэта літаральна на пару месяцаў зацягнецца, хутка ўжо будзем дома, — настройвала мяне напярэдадні суда на пазітыў Віка Кульша. І шчыра ў гэта верыла.

Па народным артыкуле мне прысудзілі два гады. Віка мне сказала тады, што гэтым трэба ганарыцца.

— Ну а як яшчэ даказаць, што ты любіш сваю краіну? — разважала яна. — Усё хутка зменіцца. А ў вочы людзям, сваім дзецям і ўнукам нам ніколі не сорамна будзе глядзець.

У маленькай камеры, дзе літаральна немагчыма было развярнуцца, мы правялі з Вікай амаль два месяцы. Гэта быў вельмі добры час. Таму што мы былі разам. Памятаю ўсе нашыя размовы, развагі, жарты. Сваю сяброўку ўвесь час успамінаю з цеплынёй.

— Як выйдзем, трэба будзе адразу да мануальнага тэрапеўта ісці, — смяялася неяк яна. — Ходзім тут шахматным канём, спіны будуць неўзабаве, як у ваўка з «Ну, пачакай».

У той час у камеры насупраць сядзела Наташа Хершэ. Здаралася так, што кармушкі камер адкрываліся адначасова і мы бачылі адна адну і маглі нават перакінуцца парай слоў.

Аднойчы Наташа паказала нам плакат, на ім мы паспелі прачытаць — «Мы аб’явілі галадоўку. Тры чалавекі. З-за лістоў».

Мы з Вікай таксама далучыліся да акцыі, бо з лістамі апошнім часам насамрэч штосьці незразумелае адбывалася. Ну, і на знак салідарнасці з Наташай і іншымі палітвязнямі.

Адміністрацыя Валадаркі адпомсціла тым, што забрала ў нас тэлевізар. Маўляў, інвентарызацыя.

— Ну і на здароўе. Не будзем хоць вашыя прапагандысцкія навіны глядзець, — выказалася тады Віка.

Мяне выклікаў аператыўнік. Патлумачыў, што ўвесь аддзел цэнзуры захварэў на каронавірус, папрасіў «войти в положение», даў «слово офицера», што, маўляў, затрымка з лістамі — гэта збег акалічнасцяў, а не спланаваная акцыя супраць палітвязняў. Абяцаў, што ў хуткім часе пытанне вырашаць.

Як ні дзіўна, але службоўца сваё слова стрымаў. Нам прынеслі стос лістоў. Галадоўку мы спынілі, але з Вікай нас у хуткім часе раскідалі па розных камерах.

У гомельскай калоніі мы з сяброўкай так і не сустрэліся.

Калі яна туды прыехала, я ўвесь час знаходзілася ў штрафным ізалятары, пасля ў ПКТ, а пазней мяне этапавалі ў Брэст па новай крымінальнай справе.

У рэдкія дні, калі я выходзіла з камер ШІЗА, мы камунікавалі з Вікай праз іншых палітвязняў.

Віка Кульша ўжо даўно мусіла выйсці на волю. Як і Паліна Шарэнда-Панасюк. Але ім наматалі новыя тэрміны, і па сутнасці гэтыя жанчыны асуджаныя пажыццёва.

Я кожны дзень успамінаю сваіх сябровак. Як і ўсіх іншых палітвязняў. Мне балюча ад таго, што не магу іх выцягнуць адтуль.

Мы памыліліся з Вікай, думаючы, што выйдзем на волю праз два месяцы. Але і цяпер не шкадуем, што бралі ўдзел у пратэстах.

Ведаю, што ні Віка, ні Паліна таксама ні пра што не шкадуюць.

Хоць і праходзяць штохвіліну праз сапраўднае пекла ў тых страшных засценках.
Працяг будзе