Прысуды за надпіс «Не забудзем» пакінулі ў сіле. Пяцёра палітвязняў паедуць на «хімію» і ў калонію

Сёння Мінскі гарадскі суд разглядаў апеляцыйныя скаргі на прысуды палітвязням за надпісы асфальце «Не забудзем!» — каля месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага.

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс. Фота: spring96.org

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс. Фота: spring96.org

Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка разгледзеў пяць апеляцыйных скаргаў на прысуды па ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства») за нанясенне надпісаў «Не забудзем» на Пушкінскай каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму.

Суд Фрунзенскага раёна 8 снежня асудзіў палітзняволеных Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку на 1,5 года «хіміі», Марыю Бабовіч — на 1,5 года «хатняй хіміі», а Уладзіслава Гуліса і Максіма Паўлюшчыка — на 2 гады калоніі. Такія прысуды вынеслі суддзі Юлія Крэпская і Юлія Блізнюк, дзяржабвінавачванне па гэтых справах падтрымлівала сумнавядомая пракурорка Аліна Касьянчык. Усе асуджаныя не пагадзіліся з такімі прысудамі і абскардзілі іх.

Апеляцыйныя скаргі фігурантаў справы за надпіс «Не забудзем» разглядалі судовыя калегіі Мінгарсуда пад старшынствам суддзяў Таццяны Фалькоўскай і Валянціны Зянькевіч. Яны пакінулі ўсе пяць апеляцыйных скаргаў без задавальнення, а прысуды — у сіле. Гэта значыць, што цягам некалькіх тыдняў Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка будуць накіраваныя ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу адбываць «хімію» тэрмінам на 1,5 года — тады яны зноў будуць прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Бліжэйшым часам крымінальна-выканаўчая інспекцыя прызначыць умовы адбывання «хатняй хіміі» на 18 месяцаў для Марыі Бабовіч, а палітзняволеныя Уладзіслаў Гуліс і Максім Паўлюшчык будуць этапаваныя са следчых ізалятараў у калоніі адбываць пакаранне тэрмінам на 2 гады.

spring96.org