Надзея Зелянкова: «Шкада, што ў Сашы няма пінгвіна ў камеры, але затое ў яго ёсць цэлых два "Дзеяслова"»
"Саша ў парадку". Надзея Зелянкова ў фэйсбуку распавяла пра тое, што цяпер адбываецца з яе мужам, палітвязнем Аляксандрам Васілевічам.
«У яго амаль не баліць горла, амаль прайшоў кашаль, амаль скончыўся насмарк, не так моцна рэжа вочы і яны не такія чырвоныя, і ўжо не такія страшна жоўтыя рукі, як былі. Г. зн. Саша ў парадку.
Ён бабёр) і вясёлы. Даслаў Адэлі казку пра тату ў турме і пінгвіна: сцісла, у камеру прыйшоў пінгвін з матрацам у руцэ, засмучаны, што ён у турме. А тата такі пачаставаў яго нізкакаларыйнай (о май гад, вугляводная паліцыя ў камеры!) пячэнькай і растлумачыў асновы асалоды момантам і бессэнсоўнасці перажыванняў. Пінгвін у агульным застаўся рады. Адэля таксама)
Шкада, што ў Сашы няма пінгвіна ў камеры, але затое ў яго ёсць цэлых два Дзеяслова, дзякуй вам, незнаёмыя людзі, за падпіску, ён у ім чытае Някляева. У яго ёсць пасылка з індычнай каўбаскай і салко, за гэта таксама дзякуй, Саша па-ранейшаму не есць мяса, але ўсе астатнія ў камеры шчаслівыя былі. Мае фатаграфіі ў вашых лістах. Усім за ўсё велізарнае дзякуй!!!
Што просяць хлопцы ў камеры: інструкцыю па ёзе, кароткую ад Рамановіча я адпраўляла, медытацыямі Святла Лі займаецца, але можа хто базавыя кнігі нармальныя ведае ці добры варыянт кіраўніцтва да дзеяння. Саша нервова патрабуе кніжных навінак у паводніцкай эканоміцы, калі хто ведае свежае, якое выйшла за апошнія паўгода — кіньце ў мяне. І ўсе яны просяць кветкі мамам перадаць)))»
Вядомы бізнэсовец Аляксандр Анатольевіч Васілевіч гэтым летам затрымліваўся двойчы. Першы раз — калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. Тады паход у афіцыйную ўстанову скончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак, нібыта ён "актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу" і крычаў: "Свабоду Бабарыку!"
Аляксандр з пратаколам не пагадзіўся, адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 28 жніўня прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У яго кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, былі праведзеныя ператрусы.
Чацвёртага верасня Васілевічу было прад'яўленае абвінавачванне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства, на дадзены момант невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яно прад'яўлена. У якасці падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча — Надзея Зелянкова. Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, другога снежня ў іх нарадзілася дачка Уршуля.