Вікторыя Міронцава выйшла на волю

Палітзняволеная Вікторыя Міронцава выйшла на волю, у яе скончыўся тэрмін зняволення, паведамляюць праваабаронцы.

mironcava.jpg

Вікторыя Міронцава вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. За кратамі яе ўтрымлівалі больш за два гады.

Вікторыю разам з сястрой Анастасіяй затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пазней іх абвінавацілі яшчэ ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС, а Вікторыю таксама абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных справаў.

Адметна, што на судзе высветлілася: у пацярпелых міліцыянтаў адсутнічалі цялесныя пашкоджанні, яны не звярталіся па медыцынскую дапамогу, а таксама некаторыя з іх прасілі не караць падсудных дзяўчат строга. Аднак на прысуд гэта ніяк не паўплывала.


У Мінску 1 красавіка 2021 Анастасію асудзілі да 2 гадоў калоніі, а Вікторыю — да 2,5 гадоў. У чэрвені Анастасія выйшла на волю.

Вікторыя таксама цалкам адбыла тэрмін і сёння выйшла на волю з папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.