Хронікі рэпрэсій. Справа Ціханоўскай у судзе і аблава ў мінскай Чыжоўцы

З дапамогай незалежных СМІ і праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 16 снежня, а таксама іншыя цікавосткі, звязаныя з правамі чалавека ў краіне.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


16 снежня МУС у чарговы раз абнавіла «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У «Спіс экстрэмістаў» унесены яшчэ 18 чалавек. Цяпер у ім 2181 чалавек. Так, у спіс патрапіла палітзняволеная журналістка Ірына Слаўнікава і многія іншыя палітвязні.

* * *

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ адзінаццаць чалавек. Гэта: Аліса Раманава, Віктар Пільжыс, Міхаіл Тарасевіч, Аляксей Міхнюк, Сяргей Лялін, Вадзім Калінін, Дзмітрый Варановіч, Віталь Корсак, Ларыса Шчыракова, Максім Дарковіч, Павел Шалейнікаў. На сёння момант праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі 1443 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1717 палітычных зняволеных.

* * *

Сайт і ўсе сацсеткі «Тhe V*llage Беларусь» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

* * *

Увечары 14 снежня ў Мінску затрыманы выкладчык гісторыі Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Віталь Магучаў. Яго затрымалі проста на выхадзе з каледжа. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне настаўнікі пакуль невядомыя.

* * *

Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага. Усім абвінавачаным інкрымінаваныя:

  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК);
  • стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК);
  • публічныя заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК);
  • распальванне сацыяльнай варожасці і розні (ч. 3 арт. 130 КК).

Акрамя таго, ім у розным спалучэнні прад'явілі абвінавачванні і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

* * *

Трох фігурантаў «справы змоўшчыкаў» этапавалі ў калоніі. Стала вядома, што днямі Аляксандра Фядуту перавялі ў магілёўскую калонію № 15, Дзяніса Краўчука — у шклоўскую калонію № 17, а Вольгу Галубовіч — у гомельскую жаночую калонію № 4, паведамляюць праваабаронцы.

* * *

Палітзняволеная Вікторыя Міронцава выйшла на волю, у яе скончыўся тэрмін зняволення.

Вікторыя Міронцава вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. За кратамі яе ўтрымлівалі болей за два гады. Вікторыю разам з сястрой Анастасіяй затрымалі ў кастрычніку 2020 года за ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Пазней іх абвінавацілі яшчэ ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС, а Вікторыю таксама абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. На судзе высветлілася, што ў пацярпелых міліцыянтаў адсутнічалі цялесныя пашкоджанні, яны не звярталіся па медыцынскую дапамогу. Аднак на прысуд гэта не паўплывала: Анастасію асудзілі да 2 гадоў калоніі, а Вікторыю — да 2,5 гадоў. У чэрвені Анастасія выйшла на волю, а цяпер — і Вікторыя.

* * *

ГУБАЗіК зладзіў чарговую аб’яву — гэтым разам на жыхароў мінскай Чыжоўкі. Калі верыць сілавікам, затрыманыя 12 чалавек. Мяркуючы па відэа, як мінімум аднаго збілі пасля затрымання. У відэа ГУБАЗіКа паказаныя брутальныя затрыманні з выбіваннем дзвярэй і маскі-шоу са зброяй.

У відэа сказана, што была «знішчаная пратэсная група «Рэцэпты закатак і настоек», але на скрыншоце, які дэманструюць сілавікі, бачна, што гэта сапраўды раённая балбаталка не пра палітыку (гэта нам пацвердзіў адзін з удзельнікаў групы).

Вось як пракаментавалі гэтую сітуацыю адміністратары «экстрэмісцкай» суполкі Чыжоўкі: «З нашым ботам, каналам і чатамі ўсё ў парадку. Мы чулі, што ў нашым раёне павялічылася колькасць затрыманняў. Але яна павялічваецца, на жаль, па ўсёй Беларусі. Выглядае так, быццам бяруць выпадковых людзей. Хутчэй за ўсё, гэтыя затрыманні — частка кампаніі па запалохванні нашага раёна. Чаму абіраюць тых ці іншых людзей, мы не ведаем».