Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў выйшлі на волю
У красавіку 2021 года іх асудзілі да 3 гадоў калоніі за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Пра вызваленне Пятрухіна і Кабанава паведаміў у фэйсбуку Анатоль Лябедзька.

Паводле версіі следства, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін атрымлівалі грошы ад Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся ў змове з ім. У абвінавачанні ўказана, што яны «стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджання інфармацыі, якая ўтрымлівала ілжывую ацэнку нелегітымнасці прадстаўнікоў улады».
Брэстаўчане стварылі ютуб- і тэлеграм-каналы, у тым ліку каналы «Краіна для жыцця» і «Народны рэпарцёр». У іх блогеры публікавалі матэрыялы, якія нібыта змяшчалі заклікі груба парушаць грамадскі парадак.
Акрамя гэтага, блогерам інкрымінавалі абразу супрацоўніка магілёўскага АМАПа Віталя Аўтушэнкі«з мэтай прыніжэння гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Паводле версіі следства, з 6 да 8 траўня Пятрухін і Кабанаў апублікавалі на старонцы Youtube-канала «Народны рэпарцёр» фота Аўтушэнкі, дадаўшы да яго тэкст, «які змяшчае публічную абразу ў непрыстойнай, грубай, вульгарнай, зняважлівай форме».
Трэці эпізод, па якім абвінавачвалі толькі Сяргея Пятрухіна, звязаны з падзеямі 2018 года. Як сцвярджае абвінавачанне, у адзін з дзён з 13 па 19 чэрвеня таго года блогер апублікаваў на старонцы «ВКонтакте» відэа «Судны дзень, або "бенефіс" Лешчанкі». У каментары да запісу ўтрымлівалася абраза суддзі.

Суд над блогерамі пачаўся ў Магілёве 11 лютага. У суд тады журналістаў недзяржаўных СМІ не пусцілі. Абвінавачаных выдалілі з працэсу, справа разглядалася без іх прысутнасці.
Абарона фігурантаў справы назвала ўсе абвінавачанні здагадкамі, прыведзеныя дзяржабвінаваўцам факты — вырванымі з кантэксту і недатычнымі да Пятрухіна і Кабанава і настойвала на спыненні крымінальнага пераследу.
