У камітэт па правах чалавека ААН пададзена скарга палітзняволенай Насты Лойкі
Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу праваабаронцы Насты Лойкі. Пра гэта паведаміла праваабарончая арганізацыя Human Constanta.
Адзначаецца, што пакуль справа Насты Лойкі знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце, дзяржава абавязана даць ёй неадкладны доступ да незалежнай меддапамогі, а таксама забяспечыць захаванасць яе жыцця і здароўя, фізічнага і ментальнага здароўя, у тым ліку, з дапамогай прадастаўлення прыдатнага для сезону адзення.
Скарга падавалася на падставе артыкулаў 9 (права на свабоду
і асабістую недатыкальнасць — адвольнае затрыманне) і 14 (права на справядлівы
суд) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
14 снежня Насту, як і ў папярэднія разы, асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»).
За кратамі на Акрэсціна праваабаронца правядзе як мінімум 60 сутак — ёй чатыры
разы запар прызначалі 15 сутак арышту.
Наста Лойка — адна са шматлікіх беларускіх праваабаронцаў, якія пасля падзей 2020 года аказаліся за кратамі па палітычных абвінавачаннях. Цяпер у няволі знаходзяцца нобелеўскі лаўрэат, заснавальнік цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго паплечнікі Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, а таксама Леанід Судаленка, Марфа Рабкова і іншыя.
Нягледзячы на падпісаныя абавязальніцтвы, рэжым Лукашэнка не выконвае аніякіх працэдур, прадугледжаных міжнароднымі статутамі, калі гэта тычыцца палітычных свабод і правоў чалавека. Ігнаруе беларуская дыктатура і адпаведныя рашэнні ААН.